29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая чэмпіёнка свету ў фрыстайле: Хачу добра размаўляць па-беларуску

2
Новая чэмпіёнка свету ў фрыстайле: Хачу добра размаўляць па-беларуску

Чэмпіёнка свету ў фрыстайле Аляксандра Раманоўская распавяла пра сваю сям'ю, навучанне, трэнера і укулеле.

На Алімпіядзе 2018 Аляксандр Раманоўская прадстаўлялі як самую маладую фрыстайлістку каманды: ёй было 22 гады. Аднак на яе рахунку ўжо было нямала перамог, у тым ліку два залатыя медалі на чэмпіянаце свету сярод юніёраў, піша nn.by.

На Алімпіяду Саша, вядома, таксама ехала па перамогу, але ў той дзень няўдала прызямлілася. Распавядае, што пасля гэтага доўга адчувала эмацыйную спустошанасць, аднак ужо летам цалкам змагла забыцца на няўдачу, пераналадзіцца і трэніравацца для дасягнення новых вынікаў.

Падзенне Аляксандры тады напалохала многіх, але яна паднялася самастойна і як заўсёды працягвала ўсміхацца.

А золата чэмпіянату свету ў лыжнай акрабатыцы ў амерыканскім Дыр-Вэлі Саша прысвяціла любаму тату, які адзначае7 лютага Дзень нараджэння.

Журналісты звязаліся з Сашай, калі яна знаходзіцца на чарговых спаборніцтвах у Маскве (ёй трэба будзе выступіць на этапе Кубка свету FIS 16 лютага):

Пра бацькоў

Мой тата - з заходняй часткі Украіны, маці - з Менска. Пазнаёміліся яны ў адным з паходаў у Карпаты. Мама ў юнацтве актыўна займалася альпінізмам, увесь час падарожнічала. Менавіта яна, заўзятая аматарка лыж, упершыню паставіла мяне на іх у дзяцінстве.

Пра любоў да падарожжаў

Я люблю падарожнічаць, і гэта перадалося мне як ад мамы, так і ад бацькі: ён быў мараком гандлёвага флоту. Пакуль у мяне не пачаліся рэгулярныя трэніроўкі, мы хадзілі ў паходы ўсёй сям'ёй.

Пра вучобу

Перад школай алімпійскага рэзерву я хадзіла ў гімназію №1 імя Францішка Скарыны. Потым ужо, усведамляючы, што ў сучасным свеце лепш, калі маеш вышэйшую адукацыю, паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт. З цягам часу я змагу быць настаўніцай фізкультуры або мэнэджэрам у турызме. Спадзяюся, што вясной нарэшце разбяруся з усімі запазычанасцямі і змагу скончыць пяты курс. Спорт - справа нявечная, таму заўсёды трэба мець нешта ў якасці страхоўкі на будучыню.

Пра нацыянальную сімволіку і беларускую мову

Мне вельмі падабаецца беларуская мова, культура. Калі ёсць вольны час, стараюся чытаць кнігі на беларускай мове: і сучасныя (напрыклад, «Marginalis» Кірылы Стаселькі) і класікаў (Уладзіміра Караткевіча). Мару вывучыць беларускую мову так, каб размаўляць на ёй вольна, бо, шчыра кажучы, цяпер я баюся зрабіць памылку, за якую мне будзе сорамна. Наважваюся пісаць па-беларуску толькі кароткія паведамленні ў сацсетках.

На чэмпіянаце свету я выступала з упрыгожанай арнаментам стужачкай для валасоў. Часам заходжу ў краму Symbal.by, мне падабаюцца рэчы з беларускім тэматыкай. У мяне ёсць некалькі футболак з надпісамі на беларускай мове (у адной з іх я цяпер у Маскве), павязка пад шалом з сінім арнаментам.

У пацвярджэнне сваіх слоў Саша даслала свежы здымак з Масквы.

Пра укулеле

Навучыцца граць на укулеле я надумала ўвесну: сама развучвала акорды праз відэаўрокі. Я слухаю розную музыку, але найбліжэй мне рок. Люблю ўспомніць тое, што слухала яшчэ падлеткам і падабраць на гітары што-небудзь з Blink-182 або Green Day. Я брала інструмент, калі мы з'язджалі ў Амерыку на месяц, і ён вельмі дапамагаў адчапіцца ад дурных думак.

Пра мары

Пасля такога сур'ёзнага старту вельмі складана сабрацца. Я вельмі хачу добра выступіць на зімовай Універсіядзе, бо раней не ўдзельнічала ў такіх спаборніцтвах. Гатовая шмат трэніравацца і атрымліваць ад гэтага задавальненне.

З паўсядзённага - мару аднойчы пачаць жыць самастойна. Мы толькі два гады таму з мамай і татам пераехалі ў асобную кватэру (да гэтага жылі разам з бабуляй і дзядзькам).

Пра трэнера каманды ў фрыстайле

Тое, што нашы фрыстайлісты дэманструюць добрыя вынікі, - заслуга нашага трэнера Мікалая Казекі. Думаю, яму вядомыя сакрэты, якіх не ведае больш ніхто. Часам незразумела, зыходзячы з якіх імпульсаў ён прымае тыя ці іншыя пастановы, мы супраціўляемся - а потым высвятляецца, што гэтыя пастановы былі самымі правільнымі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках