29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сваячка забітай у Стоўпцах настаўніцы: Марына выйшла не на свой урок

Сваячка забітай у Стоўпцах настаўніцы: Марына выйшла не на свой урок
Фота: «Радыё Свабода»

Марына Пархімовіч 28 гадоў прапрацавала настаўніцай у Стоўпцах.

50-гадовая настаўніца сярэдняй школы № 2 Стоўпцаў Марына Пархімовіч загінула 11 лютага пасьля нападу вучня той жа школы Вадзіма М. Пра жанчыну Свабодзе расказала яе траюрадная сястра Раіса.

28 гадоў працавала настаўніцай ў Стоўпцах

Марына Пархімовіч нарадзілася ў вёсцы Шашкі, за 20 км ад Стоўпцаў. Скончыла школу з залатым мэдалём, пэдадагічны інстытут таксама з адзнакай. У інстытуце яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Пэўны час ён таксама працаваў настаўнікам. У сям’і Пархімовічаў яна была малодшай з трох дачок. Маці ў розны час рабіла на пошце, у пякарні і на фэрме даяркай. Бацька быў трактарыстам, памёр больш за 15 гадоў таму. Мама жыве дагэтуль у роднай вёсцы.

Пасьля атрыманьня дыплёма Марына Пархімовіч выкладала ў сярэдняй школе ў Хатаве, каля Налібацкай пушчы. Апошнія 28 гадоў яна працавала настаўніцай гісторыі і францускай мовы ў Стоўпцах. Дзесяць гадоў таму Марына Пархімовіч была кіраўніцай «кадэцкай» клясы, у якой рыхтавалі будучых міліцыянтаў. Усе яе вучні паступілі ў Акадэмію МУС і ўсе 13, калі скончылі, вярнуліся працаваць у Стоўпцы.

«Адна жанчынка захварэла і папрасіла Марыну выйсьці замест яе»

Побач са школай нумар 2, дзе жанчына трагічна загінула, у вэтэрынарнай аптэцы працуе яе траюрадная сястра Раіса. Вокны яе працоўнага месца выходзяць на вокны школы. Школа праз дарогу, за некалькі дзясяткаў мэтраў ад аптэкі.

«У панядзелак я во толькі прыйшла на працу, распаліла ў печы, як звоніць тэлефон. І пытаюцца, ці ведаю я нешта. Называюць прозьвішча Пархімовіч. А я ведаю, што ў школе тры настаўніцы з такім прозьвішчам. Я зачыніла дзьверы і сама пабегла пад школу. Хаджу, распытваю людзей там. Як сказалі мне, што па бацьку Міхайлаўна, то я ўсё зразумела, што гэта наш род, наша бяда».

Паводле сваячкі забітай настаўніцы, Марына Пархімовіч загінула ў панядзелак падчас уроку, які не павінна была весьці.

«Адна жанчынка захварэла і пайшла на прыём у паліклініку. І яна папрасіла Марыну выйсьці замест яе. Гэта ня быў яе ўрок», — кажа Раіса Міхайлаўна.

«Яна ўсім хацела памагаць»

У Марыны Пархімовіч засталіся муж і двое дзяцей. Сыну 30 гадоў, дачцэ 24. Нядаўна нарадзілася ўнучка.

«Дзеткі ў Марынкі вельмі харошыя. Мама яшчэ ж жывая, хавала ўчора дачушку сваю. Яе мама — мая хросная. Яна ж, бедная, ледзьве трывала гэтыя дні. Я была дома ў іх на дзень перад пахаваньнем. Ёй дактары лекаў надавалі, яна выйсьці не магла. Я на пахаваньні вяла яе пад руку, бедная цёця Марыя. Марынка ж да мамкі часта езьдзіла. Мамачка, кажа, я цябе дагледжу. Памагала ёй агарод садзіць, дбала, каб хораша было. Усё зіхацела ў яе. І суседкі плакалі ўчора, узгадваючы. Яна прыедзе ад маці і пытаецца ў суседак: „Мо ў цябе гурочкі не ўрадзілі ці памідоры. Я дам“. Яна ўсім хацела памагаць».

Шлях Марыны з дома да школы ідзе проста пад вокнамі аптэкі.

«Яна ж кожны дзень бегла па гэтай во вуліцы. Я яе бачыла праз акно кожны дзень. Перагаворымся зь ёй, як там мамка, як дзеткі. Перадавай, кажа, маме прывет. Яна была настолькі добры чалавек. Я ўзімку працую з зачыненымі дзьвярыма, а з красавіка па восень дзьверы ў мяне адчыненыя. Яна ў школу бегам-бегам. Да яе вучні самі ішлі натоўпамі. Як нейкае сьвята, дык дзеці самі ідуць. Нядаўна быў вечар сустрэчы. Яна ж убор сабе купіла. Такая задаволеная пайшла сустракацца з вучнямі».

«Яна аддавала дзецям усё. А цяпер, высьвятляецца, і жыцьцё»

Праз чатыры дні пасьля здарэньня Стоўпцы ўсё яшчэ жывуць гэтай трагедыяй. Мясцовыя жыхары абмяркоўваюць гэтае здарэньне і яго прычыны проста на вуліцы. Як паведаміў Сьледчы камітэт, згодна з вынікамі мэдыцынскага агляду, падазраваны не знаходзіўся ні ў стане алькагольнага ап’яненьня, ні пад узьдзеяньнем наркатычных сродкаў і псыхатропных рэчываў.

«Я сёньня прачнулася ў 3 гадзіны ночы і малілася. Прашу: Божачка, дай рассудзіць па справядлівасьці. Дай нам праўду. Чаму гэтае дзіцё так нарабіла? Людзі ж гавораць рознае. Што яго прымусіла? І яго ж хваляць многія, што добры, спакойны быў. Божачка, дай розум, каб справядліва рассудзіць. Чаму гэта ўсё так жорстка? А ўсіх жа шкода. Але Марынкі нашай ужо ўсё роўна ніхто ня верне».

У школе №2 заняткі аднавіліся ўжо на наступны дзень пасьля трагедыі. Але і вучні, і настаўнікі яшчэ доўга не забудуць той трагічны панядзелак, калі абарвалася жыцьцё Марыны Пархімовіч, кажа Свабодзе яе калега са стаўпецкай гімназіі Людміла Назаранка.

«Я ніколі ня бачыла, каб яна не ўсьміхнулася. Прыгожая жанчына. Яна была настолькі адкрытая. Я ўяўляю, як дзецям было добра каля яе. Мы былі ня так даўно на конкурсе вучнёўскіх дасьледчых прац у краязнаўстве і гісторыі. Яна была сёлета кіраўніком журы, праявіла надзвычайны інтарэс. Яна глядзіць дзіцяці ў вочы, і пытаньне за пытаньнем. А потым кажа: „Ты ня думай, я цябе пытаю не як сябра журы. Мне і самой цікава. Ці мог бы ты прыйсьці ў нашу школу і расказаць нам?“ Яна не глядзела, што ёсьць адна школа, і другая ці трэцяя, што нейкая канкурэнцыя паміж імі. Для яе галоўныя былі дзеці. Яна аддавала ім усё. А цяпер, высьвятляецца, і жыцьцё».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках