25 красавiка 2024, Чацвер, 11:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Знойдзены знакаміты амерыканскі авіяносец «Харнет»

Знойдзены знакаміты амерыканскі авіяносец «Харнет»

Ён затануў 77 гадоў таму.

Даследнікі выявілі астанкі амерыканскага авіяносца «Харнет» - аднаго з самых вядомых баявых караблёў, якія ўдзельнічалі ў Другой сусветнай вайне.

Авіяносец, які ляжыць на дне на глыбіні блізу пяці кіламетраў, быў знойдзены недалёка ад Саламонавых Выспаў. Глыбакаводны беспілотны апарат перадаў на паверхню фатаграфіі карабля, які няблага захаваўся, піша ВВС.

БІТВА У САНТА-КРУЗ. «ХАРНЕТ» ПАД УДАРАМІ ЯПОНСКІХ САМАЛЁТАЎ. ЯПОНЦЫ ТАПІЛІ КАРАБЛІ НЕКАЛЬКІ ГАДЗІН
ФОТА: GETTY IMAGES

На ім і побач з ім былі знойдзеныя самалёты, якія ў момант гібелі карабля знаходзіліся на палубе.

«Харнет» выявіла даследчае судна сузаснавальніка Microsoft Пола Алена «Петрэл». Гэта быў першы даследчы паход судна ў 2019 годзе.

РАНЕЙ НА ПАЛУБУ АВІЯНОСЦА «ЛЕКСІНГТОН» ТАКСАМА БЫЛІ ЗНОЙДЗЕНЫЯ САМАЛЁТЫ
ФОТА: DOUGLAS CURRAN/AFP/GETTY IMAGES

Пол Ален купіў і абсталяваў судна ў 2016 годзе. На ім знаходзіцца спецыяльны беспілотны глыбакаводны апарат, які перадае на паверхню відэа і фотаздымкі.

Галоўнай задачай «Петрэла» з'яўляецца пошук знакамітых загінулых караблёў. Так год таму каманда «Петрэла» знайшла іншы патанулы амерыканскі авіяносец - «Лексінгтон».

Да гэтага былі знойдзеныя лінкар «Індыянапаліс», японскі лінкар «Мусасі», італьянскі эсмінец «Артыльеры».

У заяве каманды судна гаворыцца, што Пол Ален заўсёды цікавіўся авіяносцамі, і знаходку «Харнет» яны хацелі б прысвяціць яго памяці.

Легендарны карабель

«Харнет» знакаміты, перш за ўсё, двума сваімі паходамі - «рэйдам Дулітла» і ўдзелам у бітве пры Мідуэе. «Рэйд Дулітла» адбыўся 18 красавіка 1942 году. У гэты дзень з палубы «Харнет» узляцелі 16 сярэдніх бамбавікоў B-25, якія ўразілі некалькі цэляў на тэрыторыі Японіі.

Гэта быў першы ўзлёт сярэдняга бамбавіка з палубы авіяносца і першы налёт амерыканцаў у Другой сусветнай вайне на тэрыторыю Японіі, уключаючы Токіа.

Хоць самалёты і не нанеслі значнай шкоды, гэтае бамбаванне мела важнае псіхалагічнае значэнне.

ЗНАКАМІТЫ ЗДЫМАК - «ХАРНЕТ» У БІТВЕ ПРЫ МІДУЭЕ. У НЕБЕ «ШАПКІ» РАЗРЫВАЎ ЗЕНІТНЫХ НАБОЯЎ
ФОТА: GETTY IMAGES

У траўні 1942 года «Харнет» разам з двума іншымі авіяносцамі - «Энтэрпрайз» і «Ёрктаўн» - удзельнічаў у вырашальнай бітве на Ціхаакіянскім тэатры Другой сусветнай вайны - бітве пры Мідуэе.

У гэтай бітве амерыканскія ВМС змаглі пераламаць ход вайны на Ціхім акіяне, патапіўшы чатыры японскія авіяносцы (цаной гібелі аднаго свайго - «Ёрктаўн»).

«Непатапляльны» авіяносец

«Харнет» загінуў у бітве ля астравоў Санта-Крус у канцы кастрычніка 1942 году. У выніку масіраванай атакі японскіх палубных тарпеданосцаў і бамбавікоў карабель атрымаў трапленні двух тарпед і чатырох бомбаў.

Ён страціў кіраванне і загарэўся. З цяжкімі пашкоджаннямі, з цяжкасцю патушыўшы пажар, авіяносец на буксіры стаў адыходзіць, але затым быў атакаваны яшчэ некалькі разоў.

Урэшце амерыканцы знялі з карабля экіпаж і паспрабавалі яго патапіць. Два эсмінцы выпусцілі па ім 16 тарпед, з якіх дзевяць патрапілі ў цэль, аднак «Харнет» не затануў. Яго сталі абстрэльваць з гармат, але і яны не змаглі патапіць карабель.

У выніку ён пайшоў на дно толькі пасля таго, як надышлі японскія караблі выпусцілі па «Харнет» яшчэ шэсць тарпед.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках