29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Большасць пенсіянераў не атрымае заробленых грошай

86
Большасць пенсіянераў не атрымае заробленых грошай
КАРЫКАТУРА: CARTOON.KULICHKI.COM

Што адбываецца з пенсійным ашчадкам беларусаў?

У Менску вырасла колькасць пенсіянераў, якія працуюць. У сталіцы на сённяшні дзень вымушаныя працаваць 36% тых, хто павінен знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

Да чаго можа прывесці такая дынаміка, і што гэта азначае для эканомікі краіны?

На пытанні Charter97.org адказвае эканаміст Леў Марголін:

- Аб'ектыўна можна сказаць аб тым, што эканоміка Беларусі старэе. Але на мой погляд, не гэта з'яўляецца самым важным у аналізе сітуацыі з працоўнымі пенсіянерамі.

Тут важней тое, што шырока разрэкламаванае Міністэрствам працы «падвышэнне пенсій» не кампенсуе рост інфляцыі. І ўсё большая колькасць пенсіянераў не можа выжыць на адную пенсію і вымушаная незалежна ад свайго жадання працаваць або падпрацоўваць.

Часцяком гэта яшчэ звязана не толькі са сваімі патрэбамі, але і з неабходнасцю дапамагаць дзецям, унукам і іншым сваякам, якія праз крызіс у эканоміцы таксама не могуць зарабіць дастатковую колькасць грошай. Працоўныя пенсіянеры ў Беларусі – гэта сумная з'ява, вымушаны захад, без якога ў людзей не атрымліваецца стачыць канцы з канцамі.

- Якімі могуць быць сацыяльныя наступствы гэтай з'явы?

- Гэта прыводзіць да росту сацыяльнай напружанасці, бо стварае дадатковыя праблемы для працаўладкавання маладых, якія потым рызыкуюць трапіць у спісы «дармаедаў».

Вядома, дзе-нідзе ў Беларусі з пенсіянерамі бязлітасна «развітваюцца» і скарачаюць іх найперш. Але разам з тым многія кіраўнікі больш хочуць працаваць з дасведчаным, пенсіянерам, чым з маладым спецыялістам без навыкаў і досведу работы.

Таму нагрузка на рынак працы ў Беларусі ўзрастае, і моладзі, асабліва той, што шукае першую працу, становіцца ўсё складаней і складаней.

- У Беларусі паэтапна падвышаюць пенсійны ўзрост. Сёлета яго працягнулі на паўгода для мужчын і жанчын. Пры гэтым улады спасылаюцца на практыку еўрапейскіх краін, у некаторых з якіх пенсійны ўзрост вышэйшы, чым у нас. Наколькі справядлівыя такія «аргументы»?

- Тут трэба ўлічваць той чыннік, што сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі, асабліва ў мужчын, значна меншая, чым у Еўропе. Таму большасці беларусаў фактычна давядзецца працаваць да самай смерці.

Больш таго, высокая імавернасць таго, што многія беларусы да пенсіі проста не дажывуць. Сярэдняя працягласць жыцця - гэта як сярэдняя тэмпература ў шпіталі. А невысокая працягласць жыцця беларускіх мужчын звязаная акурат з тым, што многія з іх не «дацягваюць» да пенсійнага ўзросту. І гэта часта звязана са шкоднымі ўмовамі працы.

Беларускія ўлады ставяць калёсы наперадзе каня: замест таго, каб спачатку дамагчыся паляпшэння ўмоў працы і сярэдняй працягласці жыцця, яны пачынаюць падвышаць пенсійны ўзрост.

Адзінай рэальнай мэтай гэтага павелічэння з'яўляецца жаданне зэканоміць сродкі пенсійнага фонду, які і так ужо трашчыць па швах.

Доўгажыхароў, у якіх атрымаецца перамагчы дзяржаву ў гэтай несумленнай гульні, вельмі няшмат - адзін на тысячу. А астатніх 999 беларуская дзяржава падманвае.

Таму што калі палічыць перыяд і суму выплаты ўнёскаў у ФСАН, то атрымліваецца, што пенсіянер павінен пражыць на пенсіі, не працуючы, як мінімум гадоў 20, каб хоць неяк кампенсаваць выплачаныя дзяржаве грошы. Гэта, на жаль, атрымліваецца вельмі мала ў каго. А большасць беларусаў проста не атрымаюць на пенсіі заробленыя цягам жыцця грошы.

Што ўжо тады казаць пра тых, хто наогул не дажыў да пенсіі? Чалавек плаціў-плаціў унёскі ў пенсійны фонд - і замест таго, каб, як у нармальных краінах, скарыстацца сваім ашчадкам, дорыць свае грошы дзяржаве.

- Краіны-суседзі Беларусі прымаюць законы на карысць пенсіянераў: Польшча знізіла пенсійны ўзрост, у Літве, акрамя дзяржаўнай пенсіі, грамадзяне будуць атрымліваць яшчэ і назапашвальную, у Латвіі пенсіянер будзе атрымліваць частку пенсіі памерлага мужа. Наколькі беларускі пенсіянер адстае паводле ўзроўню жыцця ад заходніх суседзяў?

- Адставанне проста велізарнае. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню аб тым, што ў краінах Балтыі «ўся пенсія сыходзіць на камуналку», усё напраўду выглядае з дакладнасцю да наадварот.

Калі ўжо казаць пра тое, што нейкая дзяржава будуе сацыяльна арыентаваную эканоміку, то гэта будуць Літва і Латвія, а не Беларусь. Там сапраўды штосьці робяць на карысць грамадзян. У нас жа за ўсе 25 гадоў знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе, жыццё пенсіянераў толькі пагаршалася.

Спачатку ў іх адбіралі льготы, цяпер падвышаюць пенсійны ўзрост. Увогуле, усё робіцца для таго, каб пенсіянеры доўга не жылі, а іх ашчадак перайшоў да дзяржавы.

- А як жа заявы Лукашэнкі аб тым, што пенсіянеры - гэта ягоны электарат?

– Вядома, сацыялагічныя даследаванні ва ўмовах Беларусі правесці цяжка, але зыходзячы з таго, што ведаю я і людзі, якім я давяраю, думаю, што пенсіянеры - не электарат Лукашэнкі. Цяпер наогул практычна немагчыма знайсці тых, каго можна назваць ягоным электаратам.

Напісаць каментар 86

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках