Два беларусы трапілі ў трыццатку найлепшых маладых прадпрымальнікаў Forbes
1- 12.02.2019, 21:01
- 13,041
Спецыялісты з Беларусі згадваюцца ў спісе найлепшых у катэгорыі «Тэхналогіі».
Міхаіл Румянцаў і Кірыл Трэмбавольскі патрапілі ў рэйтынг «30 да 30», складзены часопісам Forbes. Спецыялісты з Беларусі згадваюцца ў спісе найлепшых у катэгорыі «Тэхналогіі», паведамляе tut.by.
Кірыл Трэмбавольскі на старонцы рэйтынгу апісваецца як сузаснавальнік праекта Behavox, у якім займаюцца аналітыкай паводзін супрацоўнікаў з дапамогай ІІ-сістэм. Гэта павінна дапамагчы з вызначэннем і рашэннем патэнцыйных праблем, якія зніжаюць прадуктыўнасць работнікаў прадпрыемстваў. Behavox удалося прыцягнуць ужо 21,4 мільёна даляраў інвестыцый.
Міхаіл Румянцаў - яшчэ адзін беларус у рэйтынгу, заснавальнік і генеральны дырэктар стартап-кампаніі Friendly Data. У ёй працуюць над стварэннем сістэмы «для апрацоўкі звестак на натуральнай мове». Прасцей кажучы, такая сістэма дазволіць весці пошук у базах звестак, ужываючы паўсядзённую гаворку. Стартап прыцягнуў 1,1 мільёна даляраў пачатковага фінансавання і цяпер выкуплены карпарацыяй ServiceNow.
Беларусы і раней траплялі ў рэйтынг «30 да 30». Напрыклад, у 2017 годзе ў яго ўвайшлі стваральнікі сэрвісу MSQRD - Сяргей Ганчар і Яўген Няўгень.