26 красавiка 2024, Пятніца, 2:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Смаленская зямля - выспа Беларусі ў Расеі

3
Смаленская зямля - выспа Беларусі ў Расеі

У складзе ВКЛ Смаленск ператварыўся ў сапраўдны еўрапейскі горад.

У эпоху Кіеўскай Русі Смаленская зямля (яе найстаражытнейшым цэнтрам было гарадзішча Гнёздава) была населеная племем радзімічаў. З часам, да XII стагоддзя, яна ператварылася ў асобнае княства з развітай рэгіянальнай самасвядомасцю. На гэты край наклала моцны адбітак пазбаўленне ад золатаардынскай залежнасці ў самым пачатку XV стагоддзя, дзякуючы ўваходжанню ў склад Вялікага княства Літоўскага, піша Яраслаў Бутакоў для rufabula.com.

Зірніце на гэтыя дзве этнаграфічныя мапы, складзеныя сто гадоў таму. Аўтарам адной з'яўляецца знакаміты даследчык славянскай даўніны, чэшскі гісторык Любор Нідэрле, іншая была створаная Маскоўскай дыялекталагічнай камісіяй пры Аддзяленні расейскай мовы і славеснасці Расейскай Імператарскай акадэміі навук. Звярніце ўвагу, што этнаграфічныя межы паміж усходнеславянскімі народамі на іх агулам супадаюць. Мы цяпер не будзем разбіраць этнаграфічную мяжу паміж расейцамі і ўкраінцамі, а разгледзім мяжу паміж расейцамі і беларусамі.

МАПА 1. МАПА СЛАВЯНСКІХ НАРОДАЎ, СКЛАДЗЕНАЯ Л. НІДЭРЛЕ Ў 1905 ГОДЗЕ. З ЯГОНАЙ КНІГІ SLOVANSKÉ STAROŽITNOSTI. PRAHA, 1902-1919. T. 1-3.
МАПА 2. ДЫЯЛЕКТАЛАГІЧНАЯ МАПА РАСЕЙСКАЙ МОВЫ, СКЛАДЗЕНАЯ Ў 1914 ГОДЗЕ МАСКОЎСКАЙ ДЫЯЛЕКТАЛАГІЧНАЙ КАМІСІЯЙ ПРЫ АДДЗЯЛЕННІ РАСЕЙСКАЙ МОВЫ І СЛАВЕСНАСЦІ РАСЕЙСКАЙ ІМПЕРАТАРСКАЙ АКАДЭМІІ НАВУК.

Як бачыце, усходняя мяжа беларускага этнасу праводзілася навукоўцамі сто гадоў таму значна на ўсход ад будучай мяжы Беларускай савецкай рэспублікі. У склад этнічнай Беларусі ўключалася не толькі практычна ўся цяперашняя Смаленская вобласць на ўсход да Вязьмы. Мяжа беларускай народнасці пралягала амаль да Пскова, Ржэва, Калугі і Бранска. Пасля ж Ленін і бальшавікі правялі адміністрацыйныя межы савецкіх Украіны і Беларусі значна заходней этнаграфічнай, уключыўшы ў склад РСФСР цэлы шэраг раёнаў, населеных пераважна ўкраінцамі і беларусамі.

ФРАГМЕНТЫ МАПЫ 2, ДЗЕ ПАДРАБЯЗНЕЙ АДЛЮСТРОЎВАЮЦЦА МЕЖЫ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАСЦІ

У складзе ВКЛ Смаленская зямля правяла адзін з бліскучых перыядаў сваёй гісторыі. Яна блізка пазнаёмілася з еўрапейскай культурай. У гарадах Смаленшчыны дзейнічала магдэбургскае права. Толькі ў 1514 годзе горад быў заваяваны маскоўскімі войскамі і паводле ўмоваў замірэння 1522 года быў далучаны да Маскоўскай дзяржавы.

Аднак яшчэ цягам паўтара стагоддзя Смаленская зямля неаднаразова пераходзіла з рук у рукі. У канцы XVI стагоддзя смаленскія майстры пабудавалі магутную цытадэль у гэтым стратэгічна важным заходнім горадзе Маскоўскага царства. Яна і дагэтуль служыць найважнейшай славутасцю Смаленска. Але магутныя сцены не перашкодзілі польска-літоўска-ўкраінска-беларускім войскам у 1611 годзе ўзяць Смаленск і вярнуць яго ў склад Рэчы Паспалітай. Спроба маскоўскіх войскаў авалодаць горадам у 1632-1634 гадах не мела поспеху.

Толькі ў 1654 годзе, падчас паўстання Багдана Хмяльніцкага, маскоўскія войскі канчаткова авалодалі Смаленскам, які паводле ўмоваў Андрусаўскага замірэння 1667 года і мірнай дамовы з Рэччу Паспалітай 1686 года быў замацаваны за Расеяй.

Аднак і пасля гэтага больш стагоддзя, дзесьці аж да вайны 1812 года смаленскае правінцыйнае дваранства ўсведамляла свае адрозненні ад расейскага. Смаленскія шляхціцы і шляхцянкі ўвесь гэты час, як правіла, браліся шлюбам толькі ў сваім рэгіянальным асяроддзі або ж з літоўскім (беларускім) дваранствам і не радніліся з расейцамі. А мясцовае сялянства, як мы ўжо бачылі, яшчэ сто гадоў таму апісвалася этнографамі як беларускае.

Падзеі ХХ стагоддзя прынцыпова змянілі дэмаграфічную сітуацыю краю. У выніку бальшавіцкіх эксперыментаў, вайны 1941-1945 гадоў, якая сталёвым катком пракацілася па Смаленскай зямлі, пасляваеннага голаду, знішчэння сельскага Нечарназему насельніцтва Смаленскай вобласці (існай прыкладна ў тых жа межах, што і дарэвалюцыйная Смаленская губерня) скарацілася за паўтара стагоддзя, паміж перапісам 1859 і 2010 гадоў, з чатырох мільёнаў да аднаго мільёна чалавек! Змяніўся, адпаведна, праз міграцыю і моўную асіміляцыю і этнічны склад.

Таму, вядома, наўрад ці можа ісці гаворка пра нейкае «выпраўленне гістарычнай несправядлівасці». Але гісторыю сваёй краіны, складзенай з самых разнастайных рэгіёнаў, ведаць неабходна. Гісторыя зямлі Смаленскай, доўгі час спрэчнай, памежнай паміж Маскоўскай і Беларуска-Польскай дзяржавамі, служыць адным з павучальных прыкладаў таго, што гісторыя цяперашняй Расеі не можа быць зведзеная толькі да сталічнага цэнтралізму і каланізацыі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках