17 красавiка 2024, Серада, 1:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каманда Гуайдо ведае, як выратаваць краіну

3
Каманда Гуайдо ведае, як выратаваць краіну
ХУАН ГУАЙДО
ФОТА: AP/FERNANDO LLANO

Грамадзяне Венесуэлы звязваюць свае надзеі з часовым прэзідэнтам ад апазіцыі.

Карэспандэнтка «Голаса Амерыкі» звязалася з венесуэльскай праваабаронцай Джыянінай Рафо (Giannina Raffo), якая распавяла, як жывуць і чаго чакаюць людзі ў яе краіне.

- Ці не перабольшваюць СМІ цяжар сітуацыі ў Венесуэле - голад і адсутнасці доступу да тавараў першай неабходнасці?

- Сродкі масавай інфармацыі не перабольшваюць тое, што адбываецца цяпер у Венесуэле. Я пражыла там 24 гады і за прэзідэнтам Чавэсам, і за Мадурам. За апошнія 4-5 гадоў значная частка насельніцтва істотна схуднела - бо людзі недастаткова ядуць. Адпаведна, павялічылася колькасць захворванняў. Доступу да медыкаментаў няма, а калі вы здолееце, пасля многіх намаганняў, знайсці патрэбныя лекі, яны будуць каштаваць вельмі дорага.

Сярэдні клас есць двойчы на дзень. Трохразовае харчаванне будзе каштаваць вельмі дорага, да таго ж, не ўсе прадукты можна купіць.

Усе гэтыя праблемы - з недаяданнем і адсутнасцю доступу да медыкаментаў - апошнім часам абвастрыліся. І гэта стварае праблему, напрыклад, для дзяцей. Ім трэба хадзіць у школу. Яны хварэюць ад недаядання, а калі чалавек раптам захварэў - у яго няма магчымасці атрымаць лекі. Гэта - цыкл катастрофы.

Маю сям'ю можна было аднесці да сярэдняга класа. Мама і тата не былі багатымі людзьмі, але мы елі тры разы на дзень, я змагла атрымаць адукацыю. Пасля таго, як да ўлады прыйшоў урад Мадуры, усё змянілася. Наша сям'я магла дазволіць сабе толькі двухразовае харчаванне, і мы выдаткоўвалі гадзіны на пошукі ежы.

- Я чула, што вялікую ролю адыгрывае «чорны рынак»...

- Там можна купіць амаль усё: і малако, і даляры, і лекі, толькі ў дзесяць разоў даражэй.

- Цяпер сітуацыя зменіцца?

- Павінна прызнаць, што апошнія пару месяцаў не было зразумела, чаго чакаць ад змены ўлады. Спачатку я нават здзівілася, што гэта наогул адбылося. Але потым з'явілася надзея. Таму што Хуан Гуайдо новы, малады лідар, ён паважае Канстытуцыю Венесуэлы. І яго падтрымліваюць Нацыянальная асамблея (парламент - заўв.аўт.), лідары грамадскай думкі і навукоўцы. Ён атачыў сябе людзьмі, якія ведаюць, як выратаваць краіну. Таму ўва мне жыве надзея.

- Што Вы думаеце пра падтрымку Расеяй урада Мадуры? І як на гэта рэагуе венесуэльскае грамадства?

- Уключэнне Расеі ў сітуацыю ў Венесуэле - не сакрэт. Пра гэта ведаюць усе. Яна [Расея] валодае часткай нашай зямлі, мае дзелі ў нашых прадпрыемствах, яна дала пазыку ўраду Мадуры. Нам вядома аб тым, што ўрад Мадуры супрацоўнічае з Пуціным у сферах рэсурсаў, нафты, фінансаў. І калі яны не аддадуць пазыкі - наступствы адчуем на сабе мы, грамадства. Расея цяпер прапануе стаць на бок Мадуры. Але гэта цікавасць эканамічная. Расея падтрымлівае Мадуру, не таму, што ёй падабаецца яго ідэалогія або сам Мадура. Гэта адбываецца таму, што расейцы ўклалі шмат грошай у нашу краіну і не хочуць іх страціць. Аднак я ўпэўненая, што менавіта праз гэтую эканамічную цікавасць, магчыма, у будучыні яны прызнаюць новы ўрад і зразумеюць, што Мадура больш не прэзідэнт і не зможа выканаць тое, што абяцаў. Вядома, будзе складана, але, спадзяюся, пераход улады ад аднаго ўрада да іншага будзе мірным.

- Як вы ацэньваеце ролю ЗША?

- Блізу 80% нашых медый кантралююцца ўрадам, амаль як у Расеі. Таму іх змест вельмі праўрадавы. У выніку, у людзей няма доступу да рэальнасці.

Першае, што ЗША зрабілі - прызналі Гуайдо часовым прэзідэнтам. Як і многія іншыя - Канада, дзяржавы Еўропы і Лацінскай Амерыкі. І цяпер яны спрабуюць дапамагчы, перадаючы гуманітарную дапамогу ў краіны, якія мяжуюць з Венесуэлай - Калумбію і Бразілію. Акрамя таго, ЗША не гавораць, што яны супраць народа Венесуэлы, яны - супраць дыктатара Мардуры.

Даволі цікава, як медыі на Кубе ці ў Расеі распавядаюць пра гэта. Не думаю, што венесуэльцы назвалі б гэта «амерыканскім уварваннем». Людзям проста неабходна атрымаць доступ да амерыканскай гуманітарнай дапамогі. Таму што, незалежна ад таго, якой ідэалогіі людзі прытрымліваюцца, ім трэба нешта есці. І гэта тое, што мы больш не можам хаваць - як жывуць людзі ў Венесуэле. Адсутнасць у іх базавых правоў чалавека выклікае моцную ўстурбаванасць.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках