4 траўня 2024, Субота, 18:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Горадні сотні людзей прыйшлі развітацца з Сямёнам Домашам

3
У Горадні сотні людзей прыйшлі развітацца з Сямёнам Домашам
ФОТА: КАЦЯРЫНА ГАРДЗЕЕВА/TUT.BY

Экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі пахавалі на гарадскіх могілках «Сакрэт» ў Горадні.

У Горадні 11 лютага праводзілі ў апошні шлях Сямёна Домаша - экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі і былога старшыню Гарадзенскага аблвыканкама, піша tut.by. Грамадзянская паніхіда адбылася ў Гарадзенскім пахавальным доме.

Сямён Мікалаевіч памёр раніцай 9 лютага за стырном свайго аўто ў Горадні - у былога палітыка спынілася сэрца. Яму было 69 гадоў. У свой час Сямён Домаш займаў пасаду старшыні Гарадзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

Яшчэ да пачатку грамадзянскай паніхіды каля пахавальнага дома пачалі збірацца людзі з кветкамі і вянкамі. Ціха перагаворваліся, успамінаючы палітыка і «тыя залатыя гады», калі ён кіраваў вобласцю (1993-1996-е. - Заўвага). Абмяркоўвалі, што ён быў адным з найлепшых старшыняў Гарадзенскага аблвыканкама і, несумненна, мог зрабіць для вобласці і краіны яшчэ вельмі шмат, застанься ў палітыцы. Але Сямён Мікалаевіч калісьці наважыў па-іншаму.

- Ці шкадаваў ён, што ўсё так атрымалася? Можа, і шкадаваў, але выгляду не падаваў - будаваў планы, зыходзячы з сітуацыі, якая склалася, - кажа адзін з знаёмых палітыка.

Прысутныя ў размовах некалькі разоў паўтараюць, што праблемы з сэрцам у палітыка пачаліся пасля няўдалай для яго перадвыбарчай кампаніі, у якой ён удзельнічаў у 2001 годзе. Тады ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Беларусі вылучаліся 17 чалавек. Сярод іх былі экс-міністр абароны Павел Казлоўскі, акцёр Яўген Крыжаноўскі, дачка былога кіраўніка БССР Наталля Машэрава, старшыня БНФ Зянон Пазняк і іншыя. Ад апазіцыі вырашылі вылучаць адзінага кандыдата. На яго месца прэтэндавалі пяць чалавек: Уладзімір Ганчарык, Сямён Домаш, Сяргей Калякін, Павал Казлоўскі і Міхаіл Чыгір. Аднаго выбраць не здолелі, таму ў ЦВК былі зарэгістраваныя два кандыдаты ад апазіцыі: старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Уладзімір Ганчарык і былы старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Сямён Домаш. За некалькі дзён да выбараў Домаш зняў сваю кандыдатуру на карысць старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Уладзіміра Ганчарыка.

Пасля выбараў-2001 доўга ўзначальваў Гарадзенскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне, у 2014 годзе пакінуў пасаду. Нейкі час адмаўляўся казаць пра новую працу, многія думалі, што ён выйшаў на пенсію. У апошнія гады працаваў адным з кіраўнікоў гарадзенскага прадпрыемства ABC, якое займаецца вытворчасцю прадуктаў харчавання.

Грамадзянская паніхіда ў пахавальнай доме пачалася а 10 гадзіне раніцы. З былым палітыкам прыйшлі развітацца сябры і знаёмыя, калегі, прадстаўнікі гарадской улады і апазіцыі, а таксама былыя старшыні Гарадзенскага аблвыканкама і гарвыканкама. Напрыклад, гарадзенскія экс-мэры Аляксандр Антоненка і Анатоль Пашкевіч.

Прысутныя на паніхідзе не раз паўтараюць: Сямён Мікалаевіч у сваіх ідэях апярэджваў час, у якім жыў і актыўна працаваў. Напрыклад, яшчэ ў пачатку 1990-х узяў курс на развіццё бізнэсу - меркаваў, што менавіта прадпрымальнікі, вялікія і маленькія, здольныя «выцягнуць» эканоміку не толькі вобласці, але і ўсёй краіны.

Успамінаюць прысутныя і тое, як, яшчэ быўшы мэрам Ліды, Сямён Домаш паспрыяў з'яўленню там помніка Адаму Міцкевічу.

- Ён тады сказаў: а як Помнік Можа зрабіць нам горш? А потым дапамог з'яўленню польскае школы ў Горадні. Тады ён казаў: «Чаму ў рассейскамоўнай меншасці ёсць свае школы, а ў польскамоўнай - няма? Няхай будзе і ў іх». Так з'явілася польская навучальная ўстанова, - успамінае заснавальнік і першы старшыня Саюза палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін.

- Практычна, гэта залатыя 1990-я гады, калі ўсё мянялася, калі была надзея на лепшае. [Генрых] Крупенка кіраваў горадам, [Сямён] Домаш кіраваў вобласцю. І ўсё развівалася, кудысьці рухалася, віравала нейкая крохкая, але вельмі ўразная энэргія. Пачалі, напрыклад, святы нацыянальныя святкаваць… Гэта быў проста класны чалавек. І ўсё ў яго было класна. Упэўнены, што ён быў найлепшым кіраўніком нашай вобласці. Вельмі шкада, - кажа акцёр і бард Віктар Шалкевіч.

Пахавалі Сямёна Домаша на гарадскіх могілках «Сакрэт» ў Горадні.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках