4 траўня 2024, Субота, 14:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскі актывіст дамогся скасавання штрафу за пікет пад нацыянальным сцягам

3
Віцебскі актывіст дамогся скасавання штрафу за пікет пад нацыянальным сцягам
МІКАЛАЙ КАЧУРЭЦ
ФОТА: VITEBSKSPRING.ORG

Мікалай Качурэц у Дзень Волі выйшаў да помніка Альгерду ў Віцебску з бел-чырвона-белым сцягам.

На Дзень Волі - 2018 Мікалай Качурэц падняў ля помніка Альгерду ў Віцебску бел-чырвона-белы сцяг, быў затрыманы і аштрафаваны судом Кастрычніцкага раёна на 30 базавых адзінак (23.4 КаАП і 23.34 КаАП). А 4 лютага 2019 года жыхар Віцебска атрымаў копію пастановы аб спыненні справы і касавы чэк - для вяртання грошай, выплачанага за штраф, піша «Віцебская Вясна».

Копію пастановы аб спыненні адміністрацыйнай справы, даведку і касавы чэк аб выплачаным штрафе Мікалаю Качурцу даслаў начальнік АУС Кастрычніцкага раёна Віцебска Сяргей Стэльмах. Каб вярнуць грошы за штраф, раіць звярнуцца з дасланымі дакументамі ў падатковы орган па месцы жыхарства, а для вяртання дзяржпадатку - у суд. Дадаткова паведамляе, што канфіскаваны ў Качурца 25 сакавіка 2018 году бел-чырвона-белы сцяг «на захоўванні ў АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна адсутнічае».

Жыхара Віцебска затрымалі 25 сакавіка, калі ён прыйшоў з бел-чырвона-белым сцягам да помніка Альгерду ў Віцебску. Актывіст правёў ноч у віцебскім ізалятары часовага ўтрымання. 26 сакавіка суддзя Кастрычніцкага суда Віцебска Уладзімір Царыкаў прызнаў Мікалая Качурца вінаватым у парушэнні заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў (ч.2 арт.23.34 КаАП) і ў непадпарадкаванні службовай асобе (23.4 КаАП), пакараўшы віцебчука штрафам на суму 30 базавых адзінак (735 рублёў).

26 сакавіка абласны суд скасаваў пастанову суда ў парадку нагляду: «Выснова суда аб даказанасці вінаватасці Качурца паводле ч.2 арт.23.34 КаАП з'яўляецца заўчаснай».

Асноўныя прэтэнзіі старшыні аблсуда былі выказаныя да зместу пратаколу. Справа была накіраваная на новы разгляд. 27 кастрычніка 2018 года скончыўся тэрмін адміністрацыйнага пакарання, што, у адпаведнасці з заканадаўствам выключае адміністрацыйны працэс. Паводле пастановы аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Раней у Віцебску яшчэ ніколі не анулявалі адміністрацыйныя справы за парушэнне заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. Справа Качурца ў гэтым сэнсе - беспрэцэдэнтная.

Мікалай Качурэц абяцае, што, вярнуўшы грошы, выплачаныя ім раней у якасці штрафу, будзе дамагацца, каб яму вярнулі і незаконна канфіскаваны бел-чырвона-белы сцяг.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках