Завуч школы ў Стоўбцах: З дзецьмі працуюць псіхолагі і медработнікі
- 11.02.2019, 14:26
- 14,101
Намесніца дырэктара СШ№2 распавяла аб нападніку і аб загінулых вучнях і настаўніцы.
У школе СШ№ 2 у Стоўбцах распавялі пра падазраванага ў нападзе вучня і пра загінулую настаўніцу. Там таксама пракаментавалі паведамленні аб тым, што ў нападніка «былі чырвоныя вочы», піша tut.by.
Аб становішчы ў школе
- Цяпер у школе працуе следства, працуюць усе органы, з дзецьмі займаюцца псіхолагі, іх вельмі шмат, і медыцынскія супрацоўнікі, - паведаміла намесніца дырэктара ў вучэбнай рабоце СШ№ 2 у Стоўбцах Людміла Старавойтава.
На пытанне аб тым, як адчуваюць сябе школьнікі, якія не пацярпелі ад нападу фізічна, педагог распавяла, што дзеці не плачуць, у школе нармальная абстаноўка, а вось некаторых бацькоў давялося супакойваць.
Пра падазраванага ў нападзе
- Хлопчык быў ціхі, спакойны, у школе ў яго ніякіх праблем з паводзінамі не было. Вучыўся добра, - ахарактарызавала яна падазраванага ў нападзе дзесяцікласніка.
Журналіст аднаго з тэлеканалаў пацікавіўся, ці праўда ў падлетка ў момант нападу «былі чырвоныя вочы» (менавіта такая фармулёўка гучала ў некаторых СМІ).
- Не, я не бачыла момант нападу, але я думаю, што гэта няпраўда, - сказала прадстаўніца школы, і адказала на ўдакладняючае пытанне, - Я не ведаю, гэта невытлумачальна, гэтае дзіця заўсёды было ціхім, спакойным. І ніколі ні ў чым не было заўважанае. Школу не прапускаў.
Пра загінулую настаўніцу
- Настаўніца гісторыі, 50 гадоў, Марына Міхайлаўна... Вельмі добры педагог і калега, шмат алімпіяднікаў падрыхтавала... Мне складана казаць, я не магу, - з цяжкасцю стрымліваючы эмоцыі паведаміла Людміла Старавойтава.
Нагадаем, раніцай 11 лютага, вучань 10-га класа СШ№ 2 у Стоўбцах учыніў напад з нажом на настаўніцу і школьнікаў. У выніку нападу загінулі педагог і старшакласнік.
Ён прыйшоў у школу блізу 7:40, паставіў партфель і выйшаў з кабінета. Затым вярнуўся і напаў на настаўніцу гісторыі, якая павінна была весці першы ўрок. За педагога паспрабавалі ўступіцца два аднакласнікі - 15 і 16 гадоў. Настаўніца загінула, хлопчыкі атрымалі раненні. Пасля гэтага падазраваны выбег з класа і зайшоў у суседні кабінет, дзе напаў на вучня 11-га класа. 17-гадовы школьнік у выніку нападу загінуў.
Падазраваны ў нападзе школьнік схаваўся, яго затрымалі праз дзве гадзіны супрацоўнікі міліцыі і АМАПу.