Хуан Гуайдо: Рэжым Мадуры дзейнічае амаль на ўзроўні генацыду
- 11.02.2019, 14:06
- 8,898
Часовы прэзідэнт Венесуэлы заклікаў прапусціць гуманітарны груз у краіну.
Венесуэльскае кіраўніцтва дзейнічае «амаль на ўзроўні генацыду», блакуючы пастаўкі харчавання, заявіў у нядзелю лідар апазіцыі і самаабвешчаны часовы прэзідэнт Хуан Гуайдо, паведамляе «Голас Амерыкі».
«Ёсць людзі, якія нясуць адказнасць за гэта, і рэжым гэта ведае. Гэта злачынства супраць чалавечнасці, спадары вайскоўцы», - сказаў Гуайдо. Ягоныя словы былі звернуты да жаўнераў, размешчаных на мосце, які злучае Венесуэлу з Калумбіяй.
Грузы з амерыканскім харчаваннем, медыкаментамі і гуманітарнай дапамогай знаходзяцца на калумбійскім баку, але мост перагароджаны пасярэдзіне цыстэрнай і двума вялікімі грузавікамі.
Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура загадаў вайскоўцам не дапусціць дастаўкі дапамогі праз мяжу.
Мадура назваў амерыканскую дапамогу часткай змовы з мэтай зрынання ягонага ўрада, заявіўшы, што Венесуэла ў гэтым не мае патрэбы.
Аднак венесуэльскі лекар, які браў удзел у акцыі пратэсту ў нядзелю, абвінаваціў Мадуру ў тым, што ён апусціў медыцыну ў краіне да «сярэднявечнага» ўзроўню.
У нядзелю Мадура з'явіўся на дзяржаўнай тэлевізіі, дэманструючы сістэмы СПА і іншую зброю, якая, з ягоных слоў, зробіць венесуэльскія гарады «непрыступнымі».
«Мы - мірныя людзі датуль, пакуль да нас ніхто не лезе, таму Дональд Трамп можа не пагражаць нам, - сказаў Мадура. - Дональд Трамп, прэч з Венесуэлы! Вон са сваімі пагрозамі. У нас ёсць узброеныя сілы і людзі, гатовыя бараніць гонар, годнасць і добрапрыстойнасць».
Трамп не выключыў магчымасці ваенных дзеянняў ЗША ў дачыненні да Венесуэлы, але не ўказаў, пры якіх абставінах ён можа адправіць туды амерыканскія войскі.
ЗША першымі прызналі Гуайдо прэзідэнтам Венесуэлы, пасля чаго аналагічную пастанову прыняла Канада і многія лацінаамерыканскія і еўрапейскія краіны.
Гуайдо сцвярджае, што перавыбранне Мадура было сфальсіфікаванае, і што, будучы кіраўніком Нацыянальнай асамблеі, якую кантралюе апазіцыя, у яго ёсць канстытуцыйнае права ануляваць вынікі выбараў і абвясціць сябе прэзідэнтам да правядзення новага галасавання.
Мадура адмаўляецца сысці ў адстаўку ці прызначыць новыя выбары, абвінавачваючы ЗША ў арганізацыі спробы перавароту.
Падзенне коштаў энэрганосьбітаў, карупцыя і правальная сацыялістычная палітыка зруйнавалі эканоміку багатай нафтай Венесуэлы, прывялі да вострага дэфіцыту харчавання і лекаў, а таксама інфляцыі, якая выйшла з-пад кантролю.