28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Слонімцы: Заробак у нас і за мяжой непараўнальны

4
Слонімцы: Заробак у нас і за мяжой непараўнальны
Фота: tut.by

Як беларусы шукаюць лепшай долі за мяжой.

Усё часцей апошнім часам беларусы сталі з'язджаць з наседжанага месца, каб зарабіць. Напрыклад, слонімскі заробак рэдка каго задавальняе. Вядома, калі вы не крызісны дырэктар, вакансію якога не так даўно прапаноўвалі на сайце райвыканкама, піша журналістка «Газеты Слонімскай» Вольга Шынкевіч.

«Я працавала прадаўцом у адной з крам Слоніма, атрымлівала, як усе, амаль 400 рублёў. Але мяне гэта не зусім задавальняла, мне не хацелася за гэтыя грошы працаваць. Што ні кажы, а прадаўцам не зусім лёгка даводзіцца: увесь дзень за касай, з людзьмі. Плюс да ўсяго яшчэ трэба збіраць грошы, каб нястачу вяртаць, - распавядае слонімка Ілона. - У выніку, параіўшыся з мужам, які ў мяне працуе будаўніком у Расеі, пастанавіла, што мне трэба памяняць працу. Знаёмая акурат ехала ў Польшчу працаваць у гатэлі прыбіральшчыцай, яна і падшукала мне працу. Мне давялося пакінуць свякрусе дваіх дзяцей і з'ехаць. Цяпер заробак у мяне дзесьці 1 100 даляраў. Праца, вядома, таксама не з лёгкіх, але за яе хоць бы плацяць».

Слонімец Аляксей таксама нядаўна з'ехаў у Польшчу на заробкі. У Слоніме ён лічыўся добрым спецыялістам у будаўнічай галіны і не толькі. Пра такіх звычайна кажуць: мужчына з залатымі рукамі. Ён разбіраўся даслоўна ва ўсім - пачынаючы ад электрыкі і заканчваючы будаўніцтвам дома.

«Мне і ў Слоніме ставала працы, без справы я ніколі не сядзеў, але ўсё ж заробак у нас і за мяжой непараўнальны, - распавядае Аляксей. - Дзякуючы знаёмаму я трапіў у Польшчу. Сюды па-рознаму ўладкоўваюцца на працу. Хтосьці праз агенцтва шукае, а хтосьці, напрыклад, праз тых, хто ўжо даўно за мяжой. Вельмі часта слонімцы, якія працуюць у Польшчы, набіраюць сабе супрацоўнікаў самастойна. Кагосьці ведаюць, раней разам працавалі, а кагосьці праз рэкамендацыі бяруць. Умовы пражывання розныя: на вялікіх будоўлях і ў вагончыках жывуць, часова выбудоўваючы цэлы гарадок. А ў асноўным рассяляюць па інтэрнатах або здымных кватэрах. На цэлую брыгаду, напрыклад».

У сярэднім заробак у Польшчы - ад 10 да 12 злотых на гадзіну (2,68-3,22 даляра). «Гэта расцэнкі рознарабочага, а спецыялістам плацяць ад 14 да 16 злотых за гадзіну (3,76-4,29 даляра). Але і гэта не канчатковы кошт. Наймальнік глядзіць, як ты працуеш, і часта падымае заробак, - распавядае Аляксей. - З выдаткаў - аплата пражывання (блізу 130 даляраў на месяц), харчаванне (блізу 200 даляраў). Але ўсюды па-рознаму, вядома. У Варшаве пражыванне будзе даражэйшым. Усе таксама залежыць ад умоў, можна знайсці танней. Я, напрыклад, жыву ў кватэры з трыма калегамі. Працуем мы па такім графіку: з 7.00 і да 17.00 з двума перапынкамі - з 10.00 да 11.00 і з 14.00 да 15.00. Стаўленне начальства нармальнае, калі хочаш працаваць больш - заставайся пасля 17.00 і працягвай. Вядома ж, за гэта заплацяць. Калі не хочаш - ніхто не прымушае працаваць звыш нормы».

Казка-быль пра працу

Распавяду вам, ці то казку, ці то быль. Такім чынам, у адным невялікім мястэчку, назавём яго Мінолс, людзі вельмі хацелі працаваць. Шукалі яе, праклятую, васьмігадзінную, дзень і ноч, абы не праславіцца ў народзе дармаедамі. І, здавалася б, знаходзілі. Бо рэгулярна глядзелі вакансіі на сайце дзяржаўнай службы занятасці.

Аднойчы так узрадаваліся, знайшоўшы выдатную працу з заробкам ад 700 рублёў, што беглі туды стрымгалоў з дыпломамі - працоўнымі - разнастайнымі даведкамі. Але былі вельмі расчараваныя адказам: «Якія вакансіі?! Не патрэбны нам ніхто! А падаем мы вольныя месцы, каб нас не аштрафавалі. Цяпер караюць за тое, што на прадпрыемстве няма вакансій!» Э-э-эх... А шчасце, здавалася, было такім блізкім: цэлых 700 рублёў!

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках