24 красавiка 2024, Серада, 23:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхала Анемпадыстава пасмяротна ўзнагародзілі за «Колер Беларусi»

Міхала Анемпадыстава пасмяротна ўзнагародзілі за «Колер Беларусi»
Міхал Анемпадыстаў

Дызайнера ўзнагародзілі ў персанальнай намінацыі «Майстэрства».

Найлепшым дызайнерам на 58-м Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» названы Міхал Анемпадыстаў. «За ідэю, аўтарскую канцэпцыю, тэкст і мастацка-графічнае афармленне выдання» дызайнер узнагароджаны ў персанальнай намінацыі «Майстэрства» за кнігу «Колер Беларусi», піша planetabelarus.by.

Цырымонія ўзнагароджання адбылася 8 лютага ў Палацы мастацтваў, у рамках XXVI Менскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.

На жаль, Міхала Анемпадыстава ўжо год як няма сярод нас, ягоных чытачоў і сяброў. Але ён паспеў убачыць прызнанне сваёй працы - на выставах, лекцыях, прэзэнтацыях. Афіцыйнае прафесійнае прызнанне пацвердзіла несумненныя вартасці кнігі.

«Колер Беларусi" (Мн., 2017. - 196 с., іл. кампутарнае макетаванне Алены Дашкевіч) належыць да міждысцыплінарных даследаванняў. Бо аўтар кнігі - не толькі дызайнер, але і знаўца беларускай культуры, гісторыі, этнаграфіі. Філосаф, паэт, фатограф. Таму адна частка выдання - візуальная - упэўнена застаецца ў статусе альбома, а іншая - тэкставая - не менш учэпіста трымае чытача ў інтэлектуальным тонусе, адсылаючы да этнакультуры і канцэптуальнага складніка дызайну. Найпадрабязныя подпісы да ілюстрацый (177!) і спіс спасылак (184!) не пакідаюць ніякіх сумневаў у навуковай педантычнасці аўтара і вартасці даведачнага апарата кнігі.

Яшчэ адна адметнасць «Колеру Беларусi» - той бездакорны стыль, які ўласцівы творчасці Міхала Анемпадыстава ў тых жа вектарах ягонай дзейнасці - візуальным і вербальным. З не меншай дбайнасцю, чым графічным дызайнам, ён займаўся паэзіяй, лекцыямі, фатаграфіяй.

Фото: planetabelarus.by

Нарэшце, сем колераў, якія нельга не ведаць і нельга не палюбіць у гэткім якасным аўтарскім падаванні: белы, чорны, чырвоны, сіні, залаты, шэры, зялёны. Разгорнутыя артыкулы ды ілюстрацыйны шэраг. Усё, што мы хацелі ведаць пра колер - ад паходжання слоў, архаічных азначэнняў да мастацтва, ад народнай культуры да архетыпаў, ад рамёстваў да міфалогіі. Ад лакальнага да сваяцтва і супярэчнасцяў суседзяў ва ўсім свеце.

Фото: planetabelarus.by
Фото: planetabelarus.by

Сябра Саюза дызайнераў, сябра экспэртнай камісіі Алена Жданоўская апавядае, як ацэньвалі «Колер Беларусi» спецыялісты:

- Шмат хто з камісіі адразу назваў і кнігу, і Міхала Анемпадыстава. «Колер Беларусi» - знакавая падзея. І не толькі ў кніжным свеце. Кніга дае нам сучаснае разуменне гістарычнага матэрыялу, асэнсаванне нашых традыцый праз колер, тлумачыць псіхалогію ўспрымання колеру беларусамі. Гэтага больш няма ні ў каго, што спачатку мы даведаемся, чаму нам блізкі гэты шэранькі, і тут жа - чаму мы такія, якія мы ёсць. Адчуваем і разумеем. Міхал заўсёды быў на вастрыі гэтых граняў, ён сам ствараў наш стыль - беларускага плаката, беларускага стылю. У гэтым сэнсе яго не было з кім параўноўваць, побач з ім прэтэндэнтаў не было.

З 158 выданняў, якія паступілі на Нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі», у выніку рэйтынгавага галасавання ў кароткі спіс трапілі 68. Затым журы пад кіраўніцтвам рэктара Акадэміі мастацтваў Міхаіла Баразны разгледзела кнігі прэтэндэнтаў на найвышэйшыя ўзнагароды. У персанальнай намінацыі «Майстэрства» ўзнагароджваюцца найлепшы ілюстратар, найлепшы дызайнер і найлепшы фотамастак кнігі.

Нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі» праводзіцца з 1960 года.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках