28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка: У «дармаеды» патрапяць тыя, хто зусім гэтага не чакаў

73
Леанід Судаленка: У «дармаеды» патрапяць тыя, хто зусім гэтага не чакаў

Змагацца з дэкрэтам трэба ўсім разам.

Маці чацвярых дзяцей з Гомеля Юлія Ганісеўская атрымала афіцыйнае апавяшчэнне аб уключэнні яе ў базу «дармаедаў». Адметна тое, што для ўручэння ліста чыноўнікамі была адпраўлена класная кіраўніца дзіцяці гомелькі. А дырэктар школы пацвердзіў, што сапраўды, настаўнікаў адпраўляюць разносіць лісты грамадзянам, прызнаным «незанятымі ў эканоміцы».

Сітуацыю для сайта Charter97.org каментуе прававы інспектар працы прафзвязу РЭП Гомельскай вобласці Леанід Судаленка.

- Згодна з дэкрэтам №1, шматдзетная маці, малодшаму дзіцяці якой няма і сямі гадоў, не павінна ўключацца ў базу звестак «незанятых у эканоміцы». Навошта тады гомельскія чыноўнікі пайшлі на такія дзеянні?

- Рэч у тым, што рэанімаваны дэкрэт аб «дармаедах», як і раней, налічыў паўмільёна чалавек, нібыта не занятых у эканоміцы. Гэта значыць, новы дэкрэт улады распрацавалі, а вось базу «дармаедаў», створаную ў 2017 годзе, не спяшаюцца перарабляць. З гэтай прычыны ў «новую» базу патрапілі ўсе людзі, якія там знаходзіліся і ў 2017 годзе.

Поўную карціну людзі ўбачаць толькі пасля таго, як у лютым пачнуць прыходзіць рахункі за студзень. Вось тады і высветліцца, што ў «дармаеды» патрапілі і тыя, хто гэтага зусім не чакаў.

Задумайцеся толькі над абсурднасцю сітуацыі: з 1 студзеня гэтага года дэкрэт аб «дармаедах» пачаў дзейнічаць, а базу ўжо трэба было падрыхтаваць, каб налічыць падвышаную «камуналку».

Неўзабаве, у лютым, мы даведаемся шмат новага і цікавага. Думаю, што ў «дармаеды» патрапілі і жаўнеры тэрміновай службы, і – пагалоўна – тыя, хто вучыцца ці працуе за мяжой... ды ці мала яшчэ каму прыйдуць дзіўныя рахункі з прапановай аплаціць паслугі ЖКГ у 3-5-разовай суме!

Выпадак Юліі Ганісеўскай красамоўна характарызуе сітуацыю, якая склалася вакол дэкрэта №1. Праз дзіця, якому няма сямі гадоў, яна наогул не павінна трапляць у поле зроку «дармаедскай» камісіі. Але ж не - да яе дадому прыходзіць школьны настаўнік ейных дзяцей і прыносіць ліст аб уключэнні ў базу звестак незанятых у эканоміцы з усімі наступствамі. І такое можа адбыцца са шматлікімі беларусамі, якія спяць спакойна і думаюць, што гэтым разам бяда іх абмінула.

- Што б вы параілі рабіць тым, каму ўручаць такія «паведамленні»?

- На месцы Юліі Ганісеўскай я б выставіў «дармаедскай камісіі» прэтэнзіі ў судовым парадку. Прэтэнзіі ў тым ліку і маральнага характару. Беларусы маюць права патрабаваць у «дармаедскіх» камісій кампенсацыі прычыненай ім маральнай шкоды.

Чыноўнікі, якія ўваходзяць у камісіі, не змогуць апраўдацца тым, што яны, маўляў, не ведалі. Дзяржава занадта шмат пра нас ведае: яна ведае, што мы ямо на сняданак, абед і вячэру, не кажучы ўжо пра тое, што ў шматдзетнай сям'і ёсць дзіця ва ўзросце да сямі гадоў.

Другі важны момант - у дачыненні да Юліі Ганісеўскай парушаны прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Чаму законапаслухмянага чалавека прымушаюць даводзіць тое, што ён не павінен даводзіць? Ніводзін беларус не абавязаны хадзіць з паперамі ў адно акно, другое, трэцяе і даводзіць, што ён не «дармаед».

А між тым неўзабаве, праз месяц, многія выявяць, што іх рахункі прыкметна пацяжэлі. А значыць, іх, насуперак чаканням, уключылі ў базу звестак незанятых у эканоміцы. І што - ісці пасля гэтага ў домакіраўніцтва? Яны толькі развядуць рукамі і пакінуць падвышаныя тарыфы на камуналку.

Вядома ж, трэба змагацца самім з дэкрэтам аб «дармаедах». І першы крок - падаваць у суд на «дармаедскія» камісіі. У іх «працы» ёсць дастаткова падстаў для таго, каб пачаць супраць іх судовы працэс.

Змагацца з незаконным дэкрэтам трэба ўсім разам. І лепш - адразу рэагаваць, як толькі вы бачыце, што парушаюцца вашы правы. Як гэта зрабіў «дармаед» з Брагіна Уладзімір Церамецкі.

«Дармаедская «камісія выклікала яго ў мясцовы выканкам, каб «пацвердзіць» занятасць у эканоміцы. Мужчына нікуды не пайшоў і не стаў чакаць, пакуль яму выставяць рахунак за паслугі ЖКГ у пяціразовым памеры. Ён запатрабаваў не толькі выключыць ягоныя звесткі з базы «не занятых у эканоміцы», але і праверыць на канстытуцыйнасць дэкрэт аб «дармаедах».

- Гомелька таксама заявіла, што не будзе збіраць дакументы і несці іх у «дармаедскую» камісію ў выканкам. Ці будзеце дапамагаць ёй, калі справа дойдзе да суда?

- Безумоўна. І я асабіста, і прафзвяз РЭП будзе дапамагаць кожнаму, хто не пагодзіцца з тым, што яго ўключылі ў спісы «дармаедаў» і пачне змагацца за свае правы.

Трэба памятаць: кожны раз, калі вы аспрэчваеце законнасць гэтага дэкрэта, вы дапамагаеце не толькі сабе, але і іншым грамадзянам. Чым больш людзей аб'яднацца з мэтай заблакаваць гэты «дармаедскі» дэкрэт або зусім скасаваць яго - тым лепш. Бо ён закране не толькі тых, хто адпавядае фармальным крытэрам «дармаеда». Мы ўжо бачым выпадкі, калі людзі трапляюць у базу хоць упэўненыя, што іх туды ўключаць не павінны. Такія прэцэдэнты будуць памнажацца, а затым і зусім наступіць адкрыццё, калі надыдзе час плаціць камуналку за студзень.

Бо ж сказала міністарка працы Ірына Касцевіч, што ў базе «дармаедаў» ўлады не паставілі яшчэ кропку. Пакуль можна меркаваць аб тым, што яны карыстаюцца старой базай 2017 года і запісалі туды шмат людзей, якія нават згодна з іхнімі законамі, там быць не павінны. Што будзе далей - можна толькі меркаваць.

Таму хачу адразу сказаць як тым, каго ўжо запісалі ў «дармаеды», так і тым, хто даведаецца пра гэта ў лютым: не апускайце рукі. Не можаце развязаць праблему самастойна - звяртайцеся да тых, у каго ёсць досвед процідзеяння гэтаму беззаконню.

Я, «адвакат дармаедаў», заклікаю: ні кроку назад, будзем змагацца з гэтым дэкрэтам разам.

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках