29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка 30 гадоў таму: бойка ў калгасе, разлад у сям'і, першыя выбары

57
Лукашэнка 30 гадоў таму: бойка ў калгасе, разлад у сям'і, першыя выбары

1989 год стаў адным з самых вызначальных у лёсе будучага дыктатара.

Сайт UDF.BY распавядае, што адбывалася трыццаць гадоў таму ў жыцці кіраўніка саўгаса са Шклоўскага раёна.

Старшыня саўгасу «Гарадзец»

Вольга Паўлава, якая пачала працаваць у шклоўскай раённай газеце ў 1989 годзе, у кнізе «Шклоўскія страсці» апісала знаёмства з 34-гадовым Лукашэнка.

З КАЛЕКТЫВАМ САЎГАСА, ТРАВЕНЬ 1988 ГОДА

«Дырэктар саўгаса «Гарадзец» не стаў прымаць мяне ў сваім кабінеце. Ён сказаў: «Не люблю я кабінеты. Давайце пойдзем на механізаваны двор». Там, на механізаваным двары мы з ім і размаўлялі. Ніколі да гэтага нічога такоўскага ў гаспадарках не бачыла», - напісала ў кнізе Вольга Паўлава.

Прыйшоўшы ў рэдакцыю, журналістка выявіла, што калегі, якія даўно працуюць у газеце, ейных захапленняў з нагоды Лукашэнкі не падзяляюць: маўляў, ён любіць пусціць пыл у вочы.

Ёсць і такое меркаванне: абласным уладам надакучыла, што іх крытыкуюць за стратны саўгас (у той час гэта было рэдкасцю), і яны надумалі дапамагчы яму выйсці на рэнтабельную працу.

Разлад у сям'і

Як вядома, пасля абрання Лукашэнкі прэзідэнтам у 1994 годзе, жонка Галіна Радзівонаўна не пераехала ў Менск следам за мужам. Відавочна, разлад паміж імі быў ужо ў 1989 годзе. Вольга Паўлава ў сваёй кнізе пісала, што «Шклоў поўніўся чуткамі і пра любоўныя подзвігі дырэктара саўгаса».

Згодна з некалькімі версіямі Галіна Радзівонаўна, якая працавала ў дзіцячым садку, не хацела разводзіцца праз сыноў, жадаючы захаваць ім бацьку: у 1989 годзе Віцю было 13 гадоў, а Дзіму ўсяго 8.

Крымінальная справа за збіццё работніка саўгаса

Супраць маладога дырэктара ў 1989 годзе распачалі крымінальную справу за збіццё падначаленага трактарыста. Усе версіі кажуць пра тое, што той быў п'яны і дрэнна працаваў. Але ці апраўдвае гэта рукапрыкладства?

Некалькі гадоў таму сам Лукашэнка апісаў той скандальны эпізод сваёй біяграфіі, заявіўшы «так, я выкарыстаў фізічную сілу».

«Я бачу гэтага Бандуркова п'яным. Я пытаюся ў яго: «Валодзя (па-мойму, яго Валодзем звалі), дзе ты кінуў трактар? Гэта ж ты яго прасіў». У адказ ён вылаяўся. Ну, я мужык здаровы, і я быў яшчэ мацнейшы тады. А ён да мяне падскоквае, каб пакрасавацца перад сябрамі. Ну, вось ён да мяне падскочыў, я яго ўзяў за грудзі, ён нападпітку моцным быў. Яшчэ і пры сведках. Калі б адзін на адзін, сапраўды б па-мужчынску... А так я яго ўзяў і кінуў, і ён кулём з гэтай гары з пяском паляцеў. Развярнуўся, рукі абтрос і пайшоў», - распавёў правадыр Беларусі ў кнізе Рыгора Іофэ «Пераацэньваючы Лукашэнку: Беларусь у культурным і геапалітычным кантэксце».

Крымінальная справа да суда не дайшла: мясцовы райсавет не даў згоды зняць недатыкальнасць са свайго дэпутата.

Паводле версіі Лукашэнкі, крымінальнай справай яго палохалі праз нечаканы ўдзелу ў выбарах народных дэпутатаў СССР.

Барацьба з наменклатурай на выбарах

У 1989 годзе выбары народных дэпутатаў СССР праходзілі ўпершыню і ўпершыню гэта былі дэмакратычныя выбары ў Савецкім Саюзе. 34-гадовы Лукашэнка вылучыў сваю кандыдатуру для ўдзелу ў іх зусім нечакана - для гэтага ён сабраў калектыў свайго саўгаса.

У раёне і вобласці былі ў шоку: меркавалася, што на выбарах у Магілёўскай сельскай акрузе №94 без якога-небудзь супраціву атрымае перамогу намеснік старшыні Саўміна БССР Вячаслаў Кебіч.

ЛУКАШЭНКА НА СУСТРЭЧЫ З ВЫБАРЦАМІ, 1989 ГОД

Лукашэнка не паддаўся на ўгаворы і актыўна ўвязаўся ў першую перадвыбарчую кампанію.

«Тады ўпершыню з’явілася тое, што потым назвалі « чорным піярам». Лукашэнка крычаў пра ўкормленых партакратаў, пра машыны, харчы, рэзідэнцыі для адпачынку. Не сумняваюся, што ў Лукашэнкі і быць не магло ніякіх звестак пра тое, што Кебіч паводзіць сябе як-небудзь амаральна. Ён тады ўжо ўдала асядлаў канька, які пасля і вывез яго на самую верхавіну», - напісаў у сваёй кнізе «Праца над памылкамі» Васіль Лявонаў, які асабіста знаў кандыдата.

Сенсацыя ледзь не здарылася: Кебіч набраў 51% галасоў, Лукашэнка - 45,7%.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках