«На просьбу надзець бахілы прапанавалі прыбраць дываны»
71- 6.01.2019, 14:18
- 53,809
Медыкі хуткай дапамогі атрымалі новыя інструкцыі аб тым, як паводзіць сябе на выкліку.
З 2 студзеня супрацоўнікам аператыўных брыгад хуткай дапамогі забараняецца адмаўляцца ад прапанаваных ім бахілаў. Пра гэта гаворыцца ў дакуменце за подпісам галоўнага лекара менскай Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Аляксандра Жынко, дасланым у рэдакцыю «Нашай Нівы».
Загад звязаны з сітуацыяй, якую апісвае Жынко:
«У гарадскую станцыю хуткай дапамогі 2018/12/19 паступіў зварот ад грамадзянкі Н., якая інфармавала пра тое, што супрацоўнікі брыгады хуткай медыцынскай дапамогі на прапанову надзець бахілы адказалі сустрэчнай прапановай - прыбраць дываны. Выкладзеная інфармацыя пацвердзілася падчас службовай праверкі», - гаворыцца ў дакуменце.
Каб прадухіліць канфліктныя сітуацыі, Жынко загадвае супрацоўнікам выязных брыгад выкарыстоўваць бахілы, прапанаваныя пацыентамі, а таксама забараняе адмаўляцца ад такіх прапаноў.
Меркаванні менскіх медыкаў у сацыяльных сетак падзяліліся: некаторыя мяркуюць, што ў гэтым няма нічога складанага.
Іншыя ж кажуць, што ў сітуацыі, калі чалавеку патрэбна неадкладная дапамога, медыкі не павінны страчваць час на бахілы, бо здароўе больш важнае за чысціню дываноў - маўляў, бываюць крытычныя выпадкі, калі лішнія 30 секунд маюць вялікае значэнне.
«Але часта нас выклікаюць, бо лянота ісці ў паліклініку і стаяць у чарзе, тады ў чалавека сапраўды застаюцца сілы клапаціцца пра чысціню ў кватэры, у якую не мы самі прыйшлі, а ён нас паклікаў», - пішуць лекары.