16 красавiка 2024, aўторак, 20:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якія рэліквіі знайшлі ў сьцяне мядзельскага касьцёла

1
Якія рэліквіі знайшлі ў сьцяне мядзельскага касьцёла

З’явiлiся першыя фатаздымкi.

«Радыё Свабода» паказалі ўнікальныя рэліквіі сьвятых, самыя старажытныя зь якіх адносяцца да ІІІ стагодзьдзя нашай эры. Іх знайшлі ў касьцёле Маці Божай Шкаплернай у Мядзеле. Рэліквіі разам са старымі мэтрычнымі кнігамі былі замураваныя ў касьцельнай сьцяне ў 1940-я гады.

«Вядома, гэта цуд, што рэліквія захавалася ў касьцёле», — кажа айцец Юры Кулай, настаяцель кляштара кармэлітаў босых у Мядзеле.

На гэтым тыдні стала вядома, што ў мядзельскім касьцёле знайшлі ўнікальныя рэліквіі і мэтрычныя кнігі. Яны былі замураваныя ў верхняй частцы сьцяны касьцёла.

Пра магчымы тайнік стала вядома яшчэ ў 2018 годзе, калі архівіст ордэну кармэлітаў у Кракаве знайшоў запіску манаха зь Мядзела. У ёй было напісана, дзе замураваныя рэліквіі. Мінулай восеньню рабочыя мянялі праводку на верхнім ярусе касьцёла і знайшлі нішу з рэліквіямі сьвятой Цэцыліі, папы Рымскага Грыгорыя І Вялікага і сьвятой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса. Усе яны былі перададзеныя касьцёлу ў 1930-я гады. Сьвятая Цэцылія лічыцца апякункай музыкаў. Яна жыла ў ІІІ стагодзьдзі ў Рыме, навяртала паганцаў у хрысьціянства.

У тайніку аказаліся таксама мэтрычныя кнігі аб нараджэньні і шлюбах першай паловы 19 стагодзьдзя, а таксама з 1931 па 1942 год.

Рэліквіі з сэртыфікатамі захоўваліся ў бляшанцы ад гарбаты. Таксама там была запіска ад манаха:

«17 лютага 1940 годe. Дзеля захаваньня ад апаганьваньня і верагоднага зьнішчэньня».

Імя манаха, які схаваў рэліквіі і кнігі, пакуль невядомае. Імаверна, ён заставаўся ў Мядзеле да 1942 году, якім датуюцца апошнія запісы ў мэтрычнай кнізе.

«Найбольш верагодна, што гэта быў адзін з братоў ордэна кармэлітаў, — кажа айцец Юры. — Сьвятары выехалі яшчэ да прыходу Саветаў. А манахі заставаліся падтрымліваць парафію».

Айцец Юры Кулай кажа, што да канца не было зразумела, ці захаваліся рэліквіі ў касьцёле. За савецкім часам храм зачынілі і зрабілі ў ім склад хімічных угнаеньняў.

«Не было ўпэўненасьці, ці захавалася на самой справе. Бо касьцёл столькі гадоў стаяў бяз вокнаў і дзьвярэй. Тут жах што рабілася. Нават трымалі сьвіней у часы Хрушчова», — кажа ксёндз.

Знойдзеныя ў сьцяне мошчы належаць касьцёлу. Для іх набудуць рэлікварый — адмысловую скрыню для захаваньня — і будуць вымаць у дні сьвятых.

«Яны застануцца тут, і вернікі будуць іх ушаноўваць. Напрыклад, дзень сьвятой Цэцыліі — 22 лістапада», — сказаў айцец Юры.

Мэтрычныя кнігі таксама пакуль застануцца ў касьцёле.

Касьцёл у Мядзеле быў збудаваны ў 1754 годзе. Ад часу заснаваньня і па сёньня ён належыць ордэну кармэлітаў. Храм мае асаблівую архітэктуру, бо быў спраектаваны на ўзор купала базылікі Маці Божай Шкаплернай на гары Кармэль у Хайфе ў Ізраілі — менавіта там зарадзіўся ордэн кармэлітаў у 12 стагодзьдзі.

Касьцёл у Мядзеле быў зачынены пасьля Другой усясьветнай вайны. Першае набажэнства пасьля вяртаньня храма вернікам прайшло на сьвята Божага нараджэньня ў 1989 годзе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках