19 траўня 2024, Нядзеля, 1:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхарка Берасця: Я пратэстую дзеля дзяцей

11
Жыхарка Берасця: Я пратэстую дзеля дзяцей
Фота: RFE/RL

Берасьцейка, якую асудзілі за «пікет сьнегавіка», заявіла, што працягне пратэставаць.

Юлія Нічыпарук, якую берасьцейскі суд аштрафаваў за несанкцыянаваны пікет, заявіла «Радыё Свабодзе», што будаўніцтва акумулятарнага заводу перавярнула жыцьцё яе сям’і. Цяпер нават яе дзеці ведаюць пра небясьпеку заводу.

Юлія Нічыпарук пасьля суду сказала, што абсалютна не чакала, каб зьлепленыя разам зь дзецьмі сьнегавікі давялі яе да суду.

Яна спадзявалася на апраўданьне, аднак суд прызнаў яе вінаватай у правядзеньні несанкцыянаванай масавай акцыі і аштрафаваў на 1 базавую велічыню (25,5 рубля).

Юлія кажа, што яе сям’я 8 год будавала свой дом у вёсцы Шчэбрын пад Берасьцем. Яны адмыслова абралі гэтае месца, зацішнае, без гарадзкога тлуму. Нічыпарукі гадуюць шасьцігадовага сына і двухгадовую дачку і хочуць, каб дзеці «расьлі ў экалягічным асяродзьдзі». Аднак год таму яны даведаліся, што за два кілямэтры ад іх дому будуецца акумулятарны завод.

«Вінаватай сябе не лічу»

«Штраф невялікі, сума пад’ёмная, але справа ў тым, што я зусім не лічу сябе вінаватай, — сказала Свабодзе Юлія Нічыпарук. — Калі б мы мелі намер пікетаваць, мы б арганізавалі гэта прыгажэй, падрыхтаваліся — зрабілі б транспаранты і гэтак далей. А гэта так проста склалася, што ў машыне аказалася ўлётка, якой мы ўпрыгожылі сьнегавіка».

Гэты штраф ня спыніць яе ўдзелу ў пратэстах супраць акумулятарнага заводу, кажа Юлія.

«Мы ня будзем баяцца рабіць сьнегавікоў (сьмяецца). Будзем працягваць і сьнегавікоў рабіць, і галубоў карміць».

Пра сябе Юлія Нічыпарук кажа:

«Я працавала ў швейнай фірме. А цяпер у дэкрэтным адпачынку, даглядаю дзіця. Увесь час аддаю дзецям, а таксама падтрымліваю пратэсты супраць акумулятарнага заводу. Стараемся дапамагаць, наколькі можам. Пра завод даведаліся год таму, і нас тады абурыла, што яго пачалі будаваць употайкі, не спытаўшыся ў людзей».

«Сям’я мяне падтрымлівае»

Юлія кажа, што муж Іван падтрымлівае яе ў пратэсьце супраць заводу:

«Падтрымлівае, і зараз супакойваў, падказваў дзесьці, як сябе паводзіць у судзе. Усё-ткі суд — такое ня вельмі прыемнае месца, асабліва непрыемна, калі цябе вінавацяць, а ты мусіш шукаць словы, каб апраўдвацца за дзеяньні, якія ня лічыш незаконнымі. А муж падтрымлівае заўсёды, разам, усёй сям’ёй, ходзім у нядзелі і галубоў карміць. Такім чынам праводзім і час разам зь дзецьмі. Дый увогуле гэта ўсё дзеля іх».

Старэйшы сын ужо разумее, што адбываецца, кажа Юлія:

«Ён нават часам задае пытаньні, якія яму складана патлумачыць. Кшталту, навошта будаваць завод, калі ён шкодны? Як самі разумеем, так і тлумачым — што некаторым важнейшыя грошы, чым здароўе многіх людзей. Дзеці ўсё чуюць і цудоўна разумеюць».

Юлія кажа, што рыхтуецца да пратэстаў і ў тым выпадку, калі акумулятарны завод запусьцяць.

«Мы абмяркоўвалі гэтае пытаньне, але адназначнага адказу пакуль ня маем. Натуральна, што прадпрымаць нешта будзем. Першы наш крок — зьбіраемся здаць аналізы на ўтрыманьне сьвінцу і іншых шкодных рэчываў да таго, як завод запушчаны. І праз пэўны час будзем рабіць паўторна. А далей ужо будзем вырашаць, што з гэтым рабіць — куды пераяжджаць. Усё ўпіраецца ў фінансы. Мы вельмі шмат часу і высілкаў уклалі ў будаўніцтва свайго дому».

Юлія кажа, што яны з мужам заўсёды імкнуліся быць законапаслухмянымі грамадзянамі, выхоўваць дзяцей у патрыятызьме.

«А цяпер нашае разуменьне перавярнулася. І як нам цяпер расказваць сваім дзецям і пра справядлівасьць, і пра праўду, калі мы самі ўжо ў гэта перастаём верыць?»

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках