26 красавiка 2024, Пятніца, 21:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Пятрухін: Ва ўлады селі батарэйкі

17
Сяргей Пятрухін: Ва ўлады селі батарэйкі

Лукашэнку трэба мяняць як мага хутчэй.

Пра гэта, падводзячы вынікі 2018 года, сайту Charter97.org заявіў вядомы блогер з Берасця, адзін з лідэраў пратэстаў супраць акумулятарнага завода, лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2018 год Сяргей Пятрухін.

- Давайце спачатку пра прыемнае. Як вы даведаліся пра тое, што сталі лаўрэатам прэміі?

- Мне пра гэта паведамілі сябры. Накідалі спасылак на ваш артыкул аб прысуджэнні прэміі ў 2018 годзе. Ужо праз пяць хвілін пасля з'яўлення артыкула я ведаў пра гэта.

- І пра што вы падумалі, калі даведаліся?

-Ведаеце, «Хартыя-97» - гэта вядомы рэсурс, які чытае мноства людзей і які мае вялікі ўплыў на сітуацыю ў Беларусі. Таму мне было вельмі прыемна даведацца пра тое, што я стаў лаўрэатам.

- Вы сталі лаўрэатам у дзвюх намінацыях: «За смеласць у творчасці» і «За асабістую мужнасць». Вы ўважаеце сябе за мужнага чалавека?

- Мне цяжка пра гэта разважаць... ніколі пра гэта сур'ёзна не думаў. Ведаю толькі, што я ніколі не ўцякаў, калі мы ішлі з сябрам і да нас нехта чапляўся, «пераходзіў» нам дарогу. Не скажу, што я быў нейкім там байцом, але за сваіх сяброў заўсёды стаяў да апошняга.

- А які свой учынак уважаеце за самы смелы?

- Калісьці я выратаваў маленькага хлопчыка ў Гародні. Гэта было шмат гадоў таму. Хлопчык пабег праз дарогу, проста пад колы грузавіка. Не ведаю, чым бы гэта скончылася, але я паспеў схапіць яго за каўнер і выцягнуў з праезнай часткі. Ягоны бацька проста збялеў, калі ўбачыў, што адбываецца. Гэты выпадак мне запомніўся назаўжды, як і той хлопчык і ягоны бацька.

- Давайце пяройдзем ад асабістай мужнасці да мужнасці вашых землякоў. 31 снежня ў Берасці на цэнтральную плошчу, нягледзячы на рызыку быць затрыманым на Новы год, выйшлі 150 чалавек. Ды і сама акцыя супраць акумулятарнага завода стала адной з найбольш працяглых у Беларусі. У чым сакрэт упартасці і смеласці берасцейцаў?

- Асабіста я думаю, што гэта пратэст стаў незвычайным для нашай краіны. Ён пачаўся як экалагічны, і яшчэ год таму многія яго актыўныя ўдзельнікі казалі, што яны «па-за палітыкай». Нават калі на акцыю запрасілі нас з Аляксандрам Кабанавым, некаторыя былі супраць гэтага, бо мы «апазіцыянеры».

Але з часам берасцейцы зразумелі, што ў нашай краіне ўсё з'яўляецца палітыкай, і сталі вельмі нават палітычнымі. Тыя людзі, якія кожную нядзелю выходзяць на плошчу ў Берасці, могуць быць узорам мужнасці.

Многія з іх ужо адчулі на сабе рэпрэсіі ўладаў. Таццяна Сітнікава, напрыклад, пазбавілася працы. Дзмітрыя Бекалюка і Дзям'яна Лепясевіча бесперапынна «трасе» ДФР (Дэпартамент фінансавых расследаванняў-рэд.). Улады ўжываюць рознага кшталту сталінска-берыеўскія метады ціску на асобу.

Але працоўныя людзі працягваюць выходзіць на плошчу, не баючыся страціць сваё працоўнае месца. Больш таго – яны становяцца ўсё больш перакананымі змагарамі за свае правы.

Асобную ролю ў гэтым адыгралі і судовыя працэсы, у тым ліку над намі з Аляксандрам Кабанавым. На іх паспяховыя людзі з сярэдняга класа, інжынеры і мэнэджары, якія зарабілі грошай сваім розумам і пабудавалі сабе дамы ў экалагічна чыстым раёне, убачылі ўвесь жах і абсурд гэтай сістэмы.

Спачатку яны казалі: «Цяпер мы пераможам у судзе – і ўсё». Але напраўду выяўлялася, што ў судзе пануе беззаконне. І саступіўшы ў судзе, зразумелі, што з сістэмай трэба змагацца іншымі метадамі.

А калі людзі ўбачылі, што на 40 тысяч подпісаў супраць акумулятарнага завода ўлады проста заплюшчылі вочы, наступіла поўнае ачышчэнне ад ілюзій.

- Акрамя берасцейскіх акцый, што яшчэ важнага, на вашую думку, адбылося ў краіне за 2018 год?

- Было шмат цікавых падзей, але мяне больш за ўсё ўразілі некалькі рэчаў.

Першае - гэта хлусня міністра прыроды Андрэя Худыкі, на сустрэчы з якім толькі ў нашай ініцыятыўнай групы забралі ўсе гаджэты. Худыка даў слова міністра, што дасць нам запіс гэтай сустрэчы. Гэта было вельмі важна: калі б выкласці гэты запіс у інтэрнэце, усё б убачылі, наколькі ў нас безадказныя, беспрынцыповыя, непрафесійныя і неадукаваныя чыноўнікі.

Гэта было б поўнае самавыкрыццё ўлады. Таму запіс і не далі. А «апраўданне» проста знішчыла іх. Ведаеце, што яны сказалі? «Селі батарэйкі». Цяпер гэта ўжо не міністр, гэта нейкі мэм: ва ўлады селі батарэйкі. Думаю, у гісторыі яшчэ не было, каб такая колькасць дзяржаўных міністраў на вачах ва ўсіх абняславілася.

Што гэта за ганьба такая? Што гэта за чыноўнікі, якія так інфантыльна паводзяць сябе ва ўсіх навідавоку?

Другое, што мне запомнілася ў 2018 годзе – гэта выступ міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча перад прэсай. Ён заўсёды стварае нейкую дзіўную інфармацыйную нагоду -думаю, што знарок. Усе гэтыя яго «дзіравыя», «фрыкопы», форма НКУС - гэта проста за гранню. Як і фраза пра «адчувальных міліцыянтаў, якія адчуваюць боль».

Паверце, у мяне ў гэтым годзе быў велізарны досвед камунікацыі з міліцыяй. Калі там і ёсць такія, то гэта вельмі маленькі адсотак. А ўчастковыя - гэта наогул глыбока няшчасныя людзі, якія не могуць рэалізаваць сябе ў жыцці, таму ідуць у міліцыю і выконваюць злачынныя загады начальнікаў.

Яшчэ ў 2018 годзе мне запомніўся пратэст у Курапатах. Хоць я і быў там толькі адзін раз, але дух абаронцаў урочышча мяне ўразіў.

Асобна хачу адзначыць трагічны выпадак Святланы Коржыч: гэта стала люстэркам нашай сістэмы на прыкладзе стасункаў у войску. Маці пазбавілася адзінага сына - а ёй прысудзілі пару сотняў даляраў кампенсацыі. І зрабілі вінаватымі стрэлачнікаў-сяржантаў. Хоць кожнаму зразумела, што сяржанты робяць тое, што ім дазваляюць афіцэры.

Ну і вядома, сярод знакавых падзей 2018 года хачу адзначыць рост ціску на незалежныя СМІ. Гэта закранула як блогераў, так і інтэрнэт-выданні. Супраць мяне распачатая крымінальная справа, якая доўжыцца ўжо паўгода. Максіма Філіповіча ўвесь час арыштоўваюць, супраць Сцяпана Святлова (NEXTA) улады таксама пачалі кампанію пераследу. «Хартыю-97» заблакавалі, каб людзі атрымлівалі менш праўдзівай інфармацыі, журналістаў «Белсата» бесперапынна штрафуюць. Сітуацыя з незалежнымі СМІ - гэта важны сімптом 2018 года.

- У гэтай сітуацыі вы запісалі альтэрнатыўны навагодні зварот Лукашэнкі да беларусаў. Што вы хацелі гэтым сказаць?

- Я мяркую, што шматгадовае кіраванне Лукашэнкі ў Беларусі незаконнае. Усе ягоныя тэрміны выйшлі. Ён павінен сысці. Ягоныя выступы ператварыліся ў «Дзень сурка»: гэты год быў цяжкім, але трэба падцягнуцца, а ва ўсім вінаватыя «ворагі». Павінна быць не толькі альтэрнатыўнае пасланне - самога Лукашэнку павінен замяніць хтосьці альтэрнатыўны.

Гэта не значыць, што я бачу альтэрнатыву ў сабе, я блогер, а не палітык, але я ўпэўнены, што нашай краіне патрэбныя перамены.

Эканоміка мае патрэбу ў пераходзе на рынкавы курс. Але галоўнае - пара памяняць сістэму, у якой чыноўнікі ўжо шмат гадоў рабуюць народ, адбіраюць грошы, кватэры, бізнэс, саджаюць а турму прадпрымальнікаў. Такіх, як Кныровіч і былы ўладальнік «Мотавела» Мураўёў напраўду вельмі шмат, мы проста ведаем самыя гучныя прозвішчы. Нічым добрым для ўлады не скончыцца.

Паглядзіце, у свядомасці народа ўжо адбыўся пералом. Ніхто ўжо не гаворыць прадпрымальнікам: вы хочаце на нас нажыцца. Прайшло дастаткова часу, каб людзі разабраліся, наколькі жудасныя рэчы адбываюцца ў краіне і хто ў іх вінаваты.

Таму альтэрнатыва Лукашэнку вельмі патрэбная - і чым хутчэй, тым лепш.

- Хто, на вашу думку, стане альтэрнатывай Лукашэнку і як адбудуцца перамены?

- Я заўсёды быў супраць крыві і гвалту. Але я бачу, што ўлада так шмат гадоў чыніла беззаконне супраць усіх слаёў насельніцтва - абсалютна ўсіх - што да яе назапасілася вельмі шмат прэтэнзій. Маленькі прыклад: у Берасці нядаўна пасадзілі ўчастковага, які забіраў кватэры ў людзей. Гэта дробны прыклад, але ў павялічаным маштабе такое дзеецца ва ўсёй краіне.

Каб схаваць свае злачынствы, многія так проста сваю ўладу аддаваць не захочуць. Ведаюць, што гэтым разам не будзе так, як у 1990-х: будзе люстрацыя і жорсткі падыход. Таму і «пазамазвалі» вакол сябе ўсіх кругавой парукай - і міліцыю, і чыноўнікаў.

Таму я не ведаю, як будзе адбывацца змена ўлады. Але запыт на перамены ў грамадстве спее.

Хто стане альтэрнатывай? Я магу выказаць толькі сваё суб'ектыўнае меркаванне. Я, напрыклад, бачу такім чалавекам Паўла Севярынца. Гэта вельмі прыстойны, адукаваны, разумны чалавек.

Але, на маю думку, ён павінен прыйсці да ўлады на кароткі пераходны перыяд. Каб навесці парадак, паказаць прыклад прыстойнай, сумленнай палітыкі і пасля гэтага адразу сысці. Я ўпэўнены, што ён не будзе браць хабараў, будзе клапаціцца пра будучыню нацыі і створыць прэцэдэнт для астатніх - як дзейнічаць адпаведна законам і сумленню.

- Як думаеце, якім будзе гэты год для Беларусі?

- Ніякіх прагнозаў я рабіць не люблю. Але бачу, што ярмо беспрацоўя і безграшоўя сціскаецца вакол шыі беларусаў. Калі скончыцца трыванне - не магу сказаць.

Але хачу зычыць нашым людзям, каб яны як мага больш думалі галавой. Гэтага ж хачу зычыць тым, хто знаходзіцца ва ўладзе. Калі сярод вас ёсць тыя, хто яшчэ не паспеў запэцкацца, падумайце пра будучыню, пра непазбежную люстрацыю. А ў тым, што яна будзе, я ўпэўнены на 100%.

Яшчэ хачу зычыць нашым людзям, каб яны былі больш актыўнымі ў плане арганізацыі свайго жыцця. Каб было менш абыякавых, а больш тых, што ўсведамляе, што мы самі можам кіраваць сваёй краінай. І калі гэты працэс пачнецца - яго ўжо будзе не спыніць.

Некаторыя пытаюцца: а што ад мяне залежыць? Напраўду, ад нас залежыць вельмі шмат. І тыя, хто змагаецца, у выніку дамагаюцца свайго. Хачу зычыць сёлета нашаму народу неабыякавасці і салідарнасці.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках