25 красавiка 2019, Чацвер, 23:47
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Найлепшы шлях да пераменаў – сумленныя выбары

47
МІКОЛА СТАТКЕВІЧ

Беларускі народ мае права на незалежнасць, свабоду і нацыянальнае развіццё.

У Санта Дамінга праходзіць пасяджэнне Рады Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу – Сусветнага аб'яднання больш як 100 сацыял-дэмакратычных партый. Кандыдат у прэзідэнты Беларусі ад Беларускага нацыянальнага кангрэсу, лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч выступіў на гэтым пасяджэнні з дакладам, тэкст якога прыводзіцца ніжэй:

Дарагія сябры!

Свет з хваляваннем сочыць за драматычнай барацьбой народа Венесуэлы за свабоду. Мы бачым, да чаго прыводзіць аўтарытарнае кіраванне, якое мае на мэце поўны кантроль над краінай, а не яе свабоднае развіццё.

Метады кіравання спадара Мадуры шмат у чым запазычаныя ім у ягонага сябра – беларускага дыктатара. Але Беларусь ад эканамічнага калапсу пакуль ратуе велізарная дапамога Расеі, якой спадар Лукашэнка паабяцаў "аб'яднанне" нашых краінаў. Праз розніцу ў памерах гэта азначае паглынанне Беларусі Расеяй.

Цяпер расейская дапамога памяншаецца. Але беларускі рэжым у адказ толькі ўзмацняе сацыяльны ціск на грамадзянаў і адмаўляецца ад неабходных рэформаў.

Напружанне ў краіне і нянавісць да дыктатара растуць. Пра жаданне пераменаў заяўляюць 80% апытаных.

Мы хацелі б мірных пераменаў, найлепшы шлях для якіх – сумленныя выбары. Але галасы на беларускіх "выбарах" ужо даўно не лічаць. Тут спадару Мадуру яшчэ вельмі далёка да свайго настаўніка Лукашэнкі.

Каб не было пратэстаў супраць нахабнага махлярства на "выбарах", дыктатар цяпер дапускае на іх толькі фіктыўных спаборнікаў, гатовых пацвердзіць ягоную "перамогу".

На прапанову нашай партыі кааліцыя "Беларускі нацыянальны кангрэс" вылучыла мяне кандыдатам у прэзідэнты краіны. Але дыктатар даўно падрыхтаваўся да гэтага. Пасля майго вызвалення ў 2015 годзе з 5-гадовага зняволення ўлады на 8 гадоў незаконна забаранілі мне ўдзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата.

Беларускі народ больш не змірыцца з фактычна безальтэрнатыўным выбарчым фарсам замест сумленных і справядлівых выбараў.

Чарговая "элегантная перамога" дыктатара можа скончыцца народным паўстаннем. У рэгіёне з'явіцца яшчэ адзін агмень канфлікту.

Мы будзем дамагацца аднаўлення канстытуцыйнага права на ўдзел у выбарах і дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Мы хочам, каб беларусы атрымалі шанец на мірны шлях пераменаў.

Народная Грамада звяртаецца з заклікам да салідарнасці да ўсіх брацкіх партый. У першую чаргу, мы просім партыі, чые краіны прадстаўленыя ў Камітэце правоў чалавека ААН, паскорыць разгляд заявы пра маё незаконнае асуджэнне.

Мы звяртаемся да партый з краінаў ЕЗ. Дапамога вашых урадаў ненавіснаму для народа беларускаму дыктатару без рэальных саступак з ягонага боку дыскрэдытуе ідэалы дэмакратыі і сам ЕЗ у вачах беларусаў. Патрабуйце поўнага выканання ўмоваў пачатку дыялогу ЕЗ з дыктатарам – не толькі вызваленне, але і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў. А таксама спыненне рэпрэсій супраць актывістаў і незалежных СМІ. Сярод якіх – лідар незалежнага прафзвязу Генадзь Фядыніч, моладзевы лідар Зміцер Паліенка, сайт "Хартыя-97", журналісты тэлеканала "Белсат", рэдактар партала Tut.by.

Я таксама звяртаюся да нашых калег з "Справядлівай Расеі". Любыя адказныя палітычныя сілы Беларусі гатовыя браць пад увагу нацыянальныя інтарэсы вашай краіны. Але мы патрабуем браць пад увагу інтарэсы і нашага народа, ягонае права на незалежнасць, свабоду і нацыянальнае развіццё. У тым ліку – на змяняльнасць улады.

Вядома, ёсць у вашых генералаў спакуса скарыстацца нашай барацьбой супраць дыктатуры і ўблытацца, каб атрымаць сабе тэрыторыю "стратэгічнага балкона", якім яны ўважаюць Беларусь. Але наш народ не прыме замаху на незалежнасць краіны і спробаў вярнуць яму ненавіснага дыктатара на чужых штыках. І тады сімпатыі большасці беларусаў да Расеі павернуцца на супрацьлегласць, а "беларускі балкон" ператворыцца ў "кацёл". Такое ў нашай гісторыі ўжо здаралася.

Толькі ўзаемная павага правоў дазваляе стварыць надзейную і доўгачасовую падставу для стратэгічнага партнёрства паміж нашымі народамі.

Я прашу дэлегацыю "Справядлівай Расеі" перадаць гэтае пасланне кіраўніцтву вашай краіны.

Дарагія сябры! Нягледзячы на канфлікты, якія раздзіраюць нашу планету, на спробы дыктатараў у розных частках свету душыць волю людзей да свабоды і справядлівасці, ход гісторыі няўмольны. Дзякуючы чалавечай годнасці і салідарнасці справа свабоды пераможа ва ўсім свеце.