27 красавiка 2024, Субота, 21:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пратэсты ў Венесуэле абрынулі кошт «Раснафты» на 115 мільярдаў

7
Пратэсты ў Венесуэле абрынулі кошт «Раснафты» на 115 мільярдаў

Акцыі значна патаннелі.

Акцыі «Раснафты» значна патаннелі на Маскоўскай біржы ў чацвер на фоне палітычнага крызісу ў Венесуэле, дзе старшыня Нацыянальнай асамблеі Хуан Гуайда абвясціў сябе часовым прэзідэнтам і пры падтрымцы ЗША запатрабаваў неадкладнай адстаўкі Нікаласа Мадура, які ўступіў на другі 6-гадовы тэрмін, піша finanz.ru.

За 4 гадзіны рынкавы кошт «Раснафты» абрынуўся на 115 мільярдаў рублёў на фоне асцярог, што яе шматмільярдныя інвестыцыі ў рэжым Мадура могуць згарэць без астатку.

Да 13.56 мск паперы кампаніі ўпалі ў кошце на 2,21%, да 410,6 рубля, а падчас сесіі апускаліся больш чым на 3%, абнавіўшы мінімум за месяц (406,7 рубля).

На ацэнку S&P, на пачатак 2018 года «Раснафта» фундавала ў падтрымку венесуэльскай эканомікі не менш за 5 млрд даляраў. Гэта 330 млрд рублёў існым курсам - 10% гадавых даходаў кампаніі ад продажу сыравіны за мяжу і тры чвэрці запасаў гатоўкі на яе рахунках (434 млрд рублёў на канец трэцяга квартала).

«Раснафта» рэалізуе 5 нафтавых праектаў у Венесуэле супольна з нацыянальнай здабыўной кампаніяй PDVSA, якая знаходзіцца ў стане дэфолту. У трох з іх (Petromonagas, Petroperija і PetroVictoria) у «Раснафты» - 40%, у дзвюх іншых (Boqueron і Petromiranda) - 26, 6% і 32% адпаведна.

«У выпадку змены палітычнага рэжыму расейская кампанія рызыкуе страціць усе інвестыцыі ў праблемнай лацінаамерыканскай краіне», - канстатуе аналітык «Альпары» Аляксандр Разуваеў.

Акрамя ЗША лідара венесуэльскай апазіцыі прызналі прэзідэнтам Калумбія, Парагвай, Эквадор, Перу, Коста-Рыка, Чылі, Аргенціна, Канада і Бразілія.

Віцэ-прэзідэнт ЗША Майкл Пенс тым часам звярнуўся да народа Венесуэлы і войска з заклікам падтрымаць дэмакратыю. У адказ Мадура абвясціў аб разрыве дыпламатычных стасункаў з «імперыялістычным урадам ЗША» і запатрабаваў, каб амерыканскія дыпламаты цягам 72 гадзін пакінулі краіну.

Фактычна Венесуэла знаходзіцца ў стане двоеўладдзя: хоць Гуайда і карыстаецца падтрымкай народа - тысячы чалавек узялі ўдзел у антыўрадавых пратэстах у сераду, - Мадура па-ранейшаму кантралюе войска, суды, казну, дзяржаўнага нафтавага гіганта, а таксама службы бяспекі, якім за тры дні пратэстаў удалося затрымаць 218 чалавек.

«У слове «прэзідэнт» няма сэнсу, пакуль вы не атрымалі стырно ўлады, - кажа Грэгары Уікс, прафесар паліталогіі ва Універсітэце Паўночнай Караліны ў Шарлоце. - А ў вас яго не будзе, пакуль вы не маеце кантролю над узброенымі сіламі».

Гуайда прапанаваў амністыю вайскоўцам, якія далучацца да апазіцыі. «Войска адхіляе кожнага самазванца ці прэзідэнта, за якімі стаяць цёмныя сілы», - заявіў у адказ міністр абароны Падрына Лопес.

Рынак, зрэшты, з аптымізмам глядзіць на перспектывы зрынання Мадура, за 6 гадоў праўлення якога эканоміка Венесуэлы зменшылася на 33%, нацыянальная валюта абясцэнілася ў 44 тысячы разоў, а інфляцыя разагналася да за 1 700 000%.

Каціроўкі дэфолтных аблігацый Венесуэлы значна выраслі ў сераду пасля таго, як Гуайда абвясціў аб намеры дамагацца міжнароднай дапамогі і аднаўлення стасункаў з трымальнікамі венесуэльскай дзяржпазыкі агульным аб'ёмам 140 млрд даляраў.

Еўрабонды Венесуэлы з выплатай у 2038 годзе і ў 2027 годзе падскочылі больш, чым на 11%. Абодва выпускі каштуюць блізу 30% ад наміналу ўпершыню амаль за год.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках