25 красавiка 2024, Чацвер, 11:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цвярдыня Вялікага княства Літоўскага

4
Цвярдыня Вялікага княства Літоўскага
ФОТА: ALLCASTLE.INFO

Гэта цытадэль ні разу не здавалася ворагу.

У 30 км ад Вільні ўзвышаецца самая вялікая з цытадэляў XIV стагоддзя, якія захаваліся да сённяшніх дзён, - Трокскі замак. Калісьці ён з'яўляўся перадавым аванпостам Вялікага Літоўскага княства. Збудаваная найлепшым дойлідам Ордэна крыжакоў Радзікам, гэтая цытадэль ні разу не здавалася ворагу, піша «Літвін».

Пры будаўніцтве выкарыстоўвалася ў асноўным чырвоная цэгла. Каменныя блокі ўжываліся толькі пры ўзвядзенні падмурка, а таксама верху сцен і вежаў. Спалучэнне двух кантрасных колераў, шэрага і чырвонага, выглядае незвычайна эфектна. Упрыгожаннем цытадэлі з'яўляецца і чырвоная чарапіца, а таксама арыгінальныя вітражныя кампазіцыі на вокнах. Хоць асноўным стылем будынка з'яўлялася готыка, пры аздабленні выкарыстоўваліся і іншыя стылі. Велічны маляўнічы будынак, які займае амаль усю тэрыторыю невялікага астраўка, выглядае плывучым востравам.

Паселішча Новыя Трокі (Новы Тракай), дзе знаходзіцца аднайменная цытадэль, упершыню было згаданае летапісцамі ў 1337 годзе. Легендарны князь Гедымін, заснавальнік горада Вільні, зрабіў Старыя Трокі сталіцай Трокскага княства. У далейшым ягоны сын, князь Кейстут, заснаваў на паўвостраве наймагутнейшы замак плошчай 4 га з 11 вежамі. Спачатку будынак быў драўляным, але ўжо ў XIV стагоддзі пасля пажару яго зрабілі каменным.

Новыя Трокі, размешчаныя на паўднёвы ўсход ад асноўнага паселішча, абароненыя возерам Гальве, яго ўнук Вітаўт падчас праўлення Вялікім літоўскім княствам зрабіў сваёй рэзідэнцыяй. На азёрным востраве была ўзведзеная новая непрыступная астраўная цытадэль плошчай 1,8 га.

Як і ранейшы замак, яна складалася з перапаясаных магутнымі сценамі вежаў вышынёй да 7 м і таўшчынёй 3 м з прасторнымі байніцамі, галоўнай вежы (данжонам) і трохпавярховага палаца кіраўніка. Згодна з археалагічнымі пошукамі, востраў, на якім быў збудаваны будынак, з'яўляўся часткова штучным - тры невялікія астраўкі перад пачаткам будаўніцтва былі аб'яднаныя і ўмацаваныя з дапамогай камянёў.

Акрамя натуральнай абароны, вод возера, цытадэль была аточаная з усіх бакоў ровам шырынёй да 12 м.

Княжацкі замак выконваў не толькі абарончую, але і адміністрацыйна-палітычную ролю. Хоць сталіцай прадаўжала заставацца Вільня, менавіта тут было сканцэнтраванае асноўнае жыццё краіны. З'яўлялася Трокская цытадэль і рамесна-гандлёвым цэнтрам. Тут жа ў трохпавярховым будынку пражываў Вялікі князь Вітаўт, які правёў у ім апошнія гады жыцця аж да 1430 года.

У 1409 годзе вялікі князь надаў гораду Магдэбургскае права з уласнай сістэмай юрыдычных нормаў. Мясцовыя жыхары павінны былі не толькі спраўна плаціць даніну з прыбыткаў, але і ахоўваць і ўмацоўваць абодва замкі. У далейшым княства атрымала статус ваяводства, на ўзроўні герцагства.

Але, так як Вітаўт, на жаль, не пакінуў нашчадкаў, пасля ягонай смерці Трокі, аддаленыя ад гандлёвых шляхоў, страцілі стратэгічнае значэнне. У часы Рэчы Паспалітай Трокскі замак ператварыўся ў турму. Пасля руйнавання расейскімі войскамі горад і цытадэль паступова прыйшлі ў заняпад.

У 1905 годзе вызначылі часткова аднавіць яе разваліны. У 1935 і 1941 гадах была перабудаваная вежа на паўднёвым усходзе і ўмацаваныя некаторыя са сцен. Рэканструкцыя рэзідэнцыі вялікіх Літоўскіх князёў вялася таксама ў 1946-1961 гадах. Канчаткова адрэстаўравалі Трокскі замак толькі ў 1987 годзе, узяўшы за аснову ўзор ХV стагоддзя.

Сёння тут знаходзіцца музей з найцікавейшымі экспазіцыямі з рэчаў, знойдзеных пры раскопках - зброі, прадметаў рэлігійнага культу, манет і г.д. У замку, часта званым «Марыенбург у мініяцюры», часта праводзяцца канцэрты і фестывалі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках