16 красавiка 2024, aўторак, 14:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як выжыць у беларускай глыбінцы на сярэдні заробак

45
Як выжыць у беларускай глыбінцы на сярэдні заробак
АРХІЎНАЕ ФОТА ORSHA.EU

Трохразовае харчаванне становіцца немагчымым.

У траўні мінулага года Раман Кузьмянкоў выйшаў да помніка Леніна ў Воршы Віцебскай вобласці з самаробным плакатам «па 500 тут няма». У Беларусі «па 500» - гэта мем. Сярэдні заробак 500 даляраў ЗША на месяц грамадзянам краіны Лукашэнка абяцаў яшчэ ў 2005 годзе. Аднак рэаліі такія, што нават палова гэтай сумы ў правінцыі застаецца марай, піша DW.

За несанкцыянаваную акцыю Рамана Кузьмянкова дзень пратрымалі ў турэмнай камеры, вазілі на псіхіятрычны агляд і ў выніку аштрафавалі. У той жа час улады заклапаціліся пошукам працы для яго. За паўгода годнай вакансіі так і не знайшлося, і беспрацоўны зноў папярэдзіў улады аб магчымым пікетаванні.

Чароўная лічба 400 рублёў

«Усе вакансіі ў Воршы, як зачараваныя, круцяцца вакол лічбы 400 (беларускіх-рэд.) рублёў», - распавядае Раман Кузьмянкоў. А сённяшнім курсам гэта ўсяго толькі 187 даляраў ЗША (ці крыху больш за 12 тысяч расейскіх рублёў). За сем месяцаў, якія прайшлі пасля першага пікету, ён не менш за дзесяць разоў пабываў на прыёме ў кіраўніцтва горада, ва ўправе працы і на так званых «дармаедскіх камісіях», закліканых дапамагчы «не занятым у эканоміцы» пазбегнуць павелічэння аплаты камунальных паслуг на падставе дэкрэта №1. Улады на словах прапаноўвалі вельмі прывабныя варыянты працаўладкавання, успамінае Кузьмянкоў, але ўсе яны выявіліся падманам.

Напрыклад, на камісіі яму прапанавалі самую высокааплатную вакансію «да 800 рублёў». Але, калі ён прыйшоў па яе ў цэнтр занятасці, выявілася, што ў дакументах стаіць ужо лічба 600 рублёў, а само працоўнае месца знаходзіцца ў Менску, куды трэба ездзіць на будоўлю вахтавым метадам. Іншыя вакансіі, якія абяцалі 600 рублёў, выявіліся ў прыёмных прадпрыемстваў «заробкам, які залежыць ад продажаў», а рэальная аплата працы, са слоў тамтэйшых працаўнікоў, не заўсёды дацягвала нават да чатырох соцень. Так за паўгода ён нікуды ўладкавацца і не адважыўся.

На першы погляд, прызнае Раман Кузьмянкоў, ягоныя паводзіны з патрабаваннем абяцанага дыктатарам заробку, выглядаюць дзівацтвам. Але калі ён паказвае свае выдаткі, меркаванне людзей мяняецца. Доўгі час ён працаваў за 300 беларускіх рублёў на месяц, з якіх траціну сумы ў зімовы перыяд трэба было аддаць за аплату камунальных паслуг. Калі астатнія 200 рублёў падзяліць на 30 дзён, то жыць даводзілася на 6 рублёў 66 капеек на дзень (204 рублі РФ у эквіваленце). Яшчэ трэба адняць адзін рубель на праезд да месца працы, і відавочна, што трохразовае харчаванне становіцца немагчымым.

Як выжыць?

Акрамя таго, прадаўжае Кузьмянкоў, за апошні год у Беларусі кошты значна выраслі. У 2019 годзе, прадказвае ён, на 400 рублёў за месяц будзе выжываць цяжэй, чым летась на 300 рублёў. У Расеі скандалам стала з'яўленне «дзявяткі» яек замест дзясятка. А ў Беларусі даўно сталі нормай пачак масла 160 грамаў замест двухсот, бутэлька малака 0,9 літра і сланечнікавы алей ёмістасцю 0,85 літра. Але памяншэнне ёмістасці ўпаковак для прадуктаў харчавання не ўтойвае росту іх коштаў.

Пікет стаў крокам адчаю, тлумачыць мужчына. Пакуль была жывая ягоная бабуля, яе пенсія плюсавалася да яго заробку, таксама яна мела невялікі агарод, дзе вырошчвала гародніну. Дзякуючы гэтаму сям'я выжывала, аднак пасля яе смерці ён трапіў у бязвыхадную сітуацыю. Напярэдадні навагодніх святаў яму давялося прадаць сістэмны блок кампутара, каб расплаціцца з пазыкамі за камунальныя паслугі.

Прадстаўнік аршанскай суполкі ў радзе арганізацый незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Васіль Бераснеў мяркуе, што заробак, вышэйшы за 400 рублёў, Раман не знойдзе, бо такіх вакансій у Воршы проста няма. Пасля «Маршаў недармаедаў» двухгадовай даўніны прафсаюзнае вочка, у якое ўвайшоў і Раман Кузьмянкоў, вырасла практычна з нуля да больш чым сотні чалавек. І ўлады, адзначае Бераснеў, прыслухоўваюцца да актывістаў і ідуць на дыялог, «але кіраўніцтва горада само ў бязвыхаднай сітуацыі».

Мясцовы цэнтр занятасці быў прызнаны адным з найлепшых у краіне ў арганізацыі працы з насельніцтвам, прадаўжае ён, і на прапанову прафзвязу нават публікуе вакансіі ў мясцовай газеце. Але да 80 адсоткаў гэтых вакансій выяўляюцца фэйкавымі: актывісты спецыяльна з мэтай маніторынгу рабілі запыты ў аддзелы кадраў, а там прызнаваліся, што заяўленых працоўных месцаў напраўду няма.

Жанчыны зарабляюць яшчэ менш

Яшчэ горш справы ідуць у жанчын, кажа кіраўніца мясцовай жаночай сеткі прафзвязу РЭП Святлана Пазняк. Для іх столлю заробкаў з'яўляецца сума 350 рублёў. Сямейныя клопаты традыцыйна кладуцца на плечы жанчын, і ім даводзіцца задумвацца, як выжываць, каб не патрапіць пад дзеянне прэзідэнцкага Дэкрэта №18 «Аб дадатковых захадах абароны дзяцей у няшчасных сем'ях». Гэты закон закліканы выяўляць дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (суправаджэнні). Нізкія заробкі бацькоў як раз могуць стаць падставай для праверак, а маркер суправаджэння адкрывае дарогу для канфіскацыі дзіцяці з сям'і. «Юрысты РЭП ужо працавалі з такімі выпадкамі», - кажа Святлана Пазняк.

Васіль Бераснеў адзначае, што 100-тысячная Ворша насамрэч выглядае параўнальна добра. Гэта буйны чыгуначны вузел на мяжы з Расеяй, з савецкіх часоў у горадзе развітая прамысловасць, хоць яна і знаходзіцца цяпер у гаротным стане. У іншых раёнах сітуацыя яшчэ горшая: медыянны заробак у Віцебскай вобласці, паводле свежых звестак Белстата, не перавысіў 388 рублёў.

У ацэнцы дзеянняў Рамана Кузьмянкова Аршанскі прадстаўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» Ігар Казмерчак адзначае, што фактычна ён мае рацыю, калі патрабуе выканаць абяцанні Лукашэнкі. У хлопца няма досведу палітычнай актыўнасці, і няма негатыўнай гісторыі супраціву аўтарытарнаму рэжыму, як у дэмакратаў 1990-х ці 2000-х гадоў, таму дзейнічае ён неардынарна, кажа праваабаронца. Яго можна назваць прадстаўніком новага пакалення сацыяльных актывістаў.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках