20 красавiка 2024, Субота, 6:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Працоўных у Беларусі трымаюць надгаладзь»

31
«Працоўных у Беларусі трымаюць надгаладзь»
АРХІЎНАЕ ФОТА SVABODA.ORG

Гарантам годнага жыцця можа быць толькі народ.

Міжнародныя прафзвязы зноў б'юць трывогу. Беларускія рэжым абсалютна ігнаруе правы і свабоды працоўных, знішчае грамадзянскую супольнасць, цісне на незалежныя прафзвязы.

Генеральны сакратар Еўрапейскага звязу IndustriAll Люк Трайэнгл заявіў, што сітуацыя ў краіне проста крытычная.

Сапраўды, за 2018 год сітуацыя з правамі і свабодамі працоўных у Беларусі значна пагоршылася. Улады пачалі маштабную кампанію супраць незалежнага прафзвязу РЭП, які займаў актыўную пазіцыю ў абароне правоў працоўных, прыняты дэкрэт аб «дармаедах», абмяркоўваюцца папраўкі ў Працоўны кодэкс, якія могуць ператварыць яго ў найгоршы ў цывілізаваным свеце.

Міжнародныя прафзвязы заяўляюць пра тое, што ў Беларусі квітнее сучаснае рабства. Аднак дзяржаўныя арганізацыі, закліканыя абараняць людзей працы, пра гэта маўчаць.

Як напраўду ідуць справы з правамі і свабодамі працоўных у Беларусі? Сайт Сharter97.org звярнуўся па каментар да аднаго з лідараў незалежнага прафзвязу РЭП Ігара Комліка.

- Я цалкам згодны з ацэнкай майго калегі з Еўрапейскага звязу IndustriAll. Ёсць процьма пытанняў з правамі працоўных, са свабодай прафзвязаў. Наколькі я ведаю, уладамі была прынятая закулісныя пастанова пачысціць шэрагі незалежных прафзвязаў, зняць з рэгістрацыі некаторыя арганізацыі. Застаецца адкрытым пытанне аб выдачы юрыдычных адрасоў для арганізацый, што з'яўляецца фармальнай прычынай для адмовы ў рэгістрацыі.

Акрамя таго, на прадпрыемствах кажуць, што калі вы не будзеце уваходзіць у дзяржаўны прафзвяз, то вам не будзе ніякіх прэміяльных, вам не падоўжаць кантракт, не дадуць тур. У нас ёсць такія звесткі, што людзям так і кажуць. Гэта адкрыты напад на правы працоўных. Бо дзяржаўныя прафзвязы не стаяць на абароне людзей працы. Акрамя незалежных прафзвязаў ніхто іх не абараняе.

- Прадстаўнікі міжнародных прафзвязаў неаднаразова заяўлялі, што ў Беларусі існуе сучаснае рабства. Ці згодныя вы з ацэнкай калег?

- Безумоўна. Гаворка ідзе пра кантрактную сістэму, з якой наш прафзвяз змагаецца з 1999 года, калі быў прыняты дэкрэт. Яго роля і значэнне былі першапачаткова скажоныя, а назва « аб захаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны», не адпавядала рэчаіснасці. Час паказаў, што кантракты сталі рэпрэсіўным інструментам у руках уладаў.

Людзей трымаюць надгаладзь, не адпускаюць пасля заканчэння кантракту. Гэты дэкрэт закліканы пасадзіць людзей на ланцуг, каб іх білі і кармілі поліўкай, а рабочыя маўчалі і баяліся страціць працу.

- Свежы прыклад: на барысаўскім заводзе «Джылі» прымушаюць працаваць звышнормы і выходнымі. Звышнарматыўны час не будуць узгадняць з працаўнікамі.

- Гэта тое, аб чым я і казаў. Кантрактная сістэма дае магчымасць маніпуляваць людзьмі. Фактычна, гэта новая версія прыгоннага права, калі людзей спрабуюць прымусіць больш працаваць, а за гэта ім будуць менш плаціць. Можа дайсці да таго, што беларусы будуць працаваць за міску супу.

Улады проста карыстаюцца тым, што ў краіне жудаснае эканамічнае становішча і людзі трымаюцца за гэтыя месцы.

- Яшчэ адным ударам па правах працоўных з'яўляецца прымус да працы, які ў нас называюць прыгожым словазлучэннем «падатак на дармаедства». «Дармаеды» - гэта таксама прыклад сучаснага рабства ў Беларусі?

- Безумоўна, гэта неафеадалізм і рабства. У нас пастаянна дэкларуецца, што мы жывем у сацыяльна-арыентаванай дзяржаве. Пра якую сацыяльную дзяржаву можна гаварыць у краіне, дзе дзейнічае прыгоннае права?

- У ацэнках Міжнароднай арганізацыі працы Беларусь стабільна атрымлівае пяць балаў - гэта самая нізкая адзнака. Якія нормы і правы парушаюць беларускія ўлады?

- У Беларусі парушаецца цэлы шэраг канвенцый, якія тычацца працоўных правоў: кантрактная форма найму, парушэнне права аб'яднанняў рабочых. Але рэч у тым, што ўлада сёння спрабуе ўсё рабіць завуалявана. Несумленна і цішком. Змагаючыся з незалежнымі прафзвязамі, улады прымушаюць пры прыёме на працу ўступаць у дзяржаўныя прафзвязы. Быццам бы правы і не парушаныя, але лабіююцца інтарэсы той арганізацыі, якая зручная рэжыму. А гэта, дарэчы, забаронена ўсякага кшталту канвенцыямі, падпісанымі нашай краінай.

Акрамя таго, самая нізкая адзнака ад МАП б'е па прэстыжу краіны. Але тут усё залежыць ад таго, у якой краіне ацэньваецца прэстыж і аўтарытэт. Тыя краіны-выгнанкі, у якіх існуюць падобныя рэжымы, ніяк не глядзяць на ацэнку ад МАП. Але для дзяржаў, дзе цэніцца свабода чалавека і дэмакратыя, гэтая ацэнка адбіваецца на аўтарытэце і іміджы дзяржавы, магчымасці інвестыцый.

Нездарма глабальныя прафзвязы звярнуліся ў Камітэт правядзення II Еўрапейскіх гульняў, каб перанесці гэтыя спаборніцтвы з Беларусі. Міжнародныя арганізацыі проста не хочуць працаваць з краінамі, якія парушаюць асноўныя правы сваіх грамадзян.

- Яшчэ адной падзеяй, якая моцна пагоршыла становішча працоўных у Беларусі, стала «справа прафзвязаў». Вы і ваш калега Генадзь Фядыніч былі незаконна асуджаныя беларускім уладамі. Ці збіраецеся вы абскарджваць пастанову суда ў міжнародных арганізацыях? Якімі могуць быць наступствы для ўладаў пасля незаконнага прысуду?

- Я ўжо казаў пра тое, што міжнародныя прафзвязы заклікалі перанесці Еўрапейскія гульні з Беларусі. Гэта прывядзе да таго, што ў нашу краіну не прыедуць ні турысты, ні спартоўцы, ні журналісты. Гэта вялікая плойма людзей, якая б загрузіла гатэлі, кавярні, рэстарацыі і сувенірныя крамы.

Гэта вялікі іміджавы ўдар, хоць нашыя сябры не так моцна перажываюць за сваю рэпутацыю, таму я раблю большы ўпор на эканамічны складнік.

Што тычыцца пастаноў суда, то мы яшчэ не да канца прайшлі ўсе ўнутраныя пытанні. Збіраемся падаваць апеляцыі ў вышэйшыя інстанцыі, аж да Вярхоўнага суда. А далей звернемся ў міжнародныя суды.

У справе ёсць велізарная колькасць недапрацовак. Менскі гарадскі суд спрабуе дадумаць тое, што не дадумалі суддзі, якія выносілі прысуд. Спрабуюць прыцягнуць за вушы сваю довадную базу. Акрамя таго, у пятніцу адбудзецца пасяджэнне паводле справы аб абароне гонару і годнасці, дзе я і Генадзь Фядыніч будзем судзіцца з сайтам, які дапамагаў уладам і распаўсюджваў пра нас паклёп.

Буду казаць за сябе, у артыкуле на гэтым сайце паведамлялася, што мной былі скрадзеныя прафзвязныя грошы, а на іх я набыў нерухомасць на 84 тысячы еўраў.

Паколькі я ўпэўнены, што гэтага не было, я паспрабую абараніць свой гонар і годнасць, а калі не атрымаецца - з задавальненнем прыму ў сваё валоданне гэтую маёмасць. Калі мне яе дадуць - я не адмоўлюся.

- Што б вы параілі працаўнікам, чые правы і свабоды парушаюцца беларускімі ўладамі?

- Правы дадзеныя для таго, каб іх абараняць. Калі тваё права парушаюць - ты павінен яго абараніць. Гісторыя вучыць нас таму, што правы ніколі не раздаваліся проста так, за іх заўсёды змагаліся. Зноў жа, калі ты чагосьці дамагаешся - ты павінен абараніць дасягнутае.

Усім нам трэба прыйсці да разумення, што гарантам свабоды і незалежнасці Беларусі з'яўляецца народ. Пара б ужо ўсім нам усвядоміць сябе народам, думаць пра свой лёс і ўзяць правы ў свае рукі.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках