29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусам рыхтуюць новае падвышэнне пенсійнага ўзросту

57
Беларусам рыхтуюць новае падвышэнне пенсійнага ўзросту
КАРЫКАТУРА: SVABODA.ORG

Улады збіраюцца выкарыстоўваць расейскі досвед.

Беларусь апынулася ў лідарах краін з самым хуткім змяншэннем працаздольнага насельніцтва.

Варта адзначыць, што колькасць працаздольнага насельніцтва ў нашай краіне скарачаецца ўжо некалькі гадоў. Экспэрты сцвярджаюць, што гэта абумоўлена старэннем насельніцтва і тым, што беларусы вымушаныя масава з'язджаць на заробкі за мяжу.

Пракаментаваць сітуацыю сайт Charter97.org папрасіў вядомага прававога інспектара працы незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Гомельскай вобласці Леаніда Судаленку:

- Пачнем з першай прычыны, якая паўплывала на тое, што Беларусь апынулася ў лідарах краін з самай хуткай стратай працоўных рэсурсаў - старэнне насельніцтва. Адзначу, змяншэнне насельніцтва ў нашай краіне - з'ява, якую не магчыма не заўважыць. На сённяшні дзень старэнне насельніцтва з'яўляецца сапраўды прадметам для хвалявання.

Сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі ніжэйшая, чым у краінах ЕЗ. Плюс, на жаль, часта беларускія мужчыны не дажываюць да пенсіі. Для гэтага існуе шэраг прычын: экалогія, харчаванне, злоўжыванне алкаголем і гэтак далей.

Другая ж прычына змяншэння працаздольнага насельніцтва - масавы адток за мяжу. Калі раней у пошуках заробку беларусы ездзілі ў Расею, то цяпер гэтая плынь змяніла вектар на краіны ЕЗ: Літва, Польшча, Чэхія. У гэтыя краіны беларусам лёгка атрымаць працоўную візу і менш рызыкі, што сутыкнешся з нядобрасумленным працадаўцам, які не заплаціць. Вядома мноства выпадкаў, калі ў РФ людзей проста падманвалі. Чалавек адпрацаваў месяц, а то і некалькі, але не атрымаў ні капейкі.

Еўрапейскі рынак працы цяпер вельмі прывабны для беларусаў, якім абяцалі-абяцалі, але так і не выканалі абяцанне пра “па пяцьсот”. Такі заробак, а то і ў разы большы, можа і ёсць у Драздах, міністэрствах усялякіх і ведамствах, але ў працоўнага народа і 200-300 даляраў няма, асабліва, калі ад Менска ад'ехаць 50-100 кіламетраў.

У краіне 300 даляраў - гэта "годны" заробак, за які людзі ў чарзе стаяць. Таму людзі і едуць за 1000 еўраў працаваць у тую ж Польшчу. Чаго мабільнай моладзі тут сядзець? Вядома, яны хочуць паехаць, паглядзець, як жывуць людзі ў іншых краінах.

- Да чаго, на ваш погляд, можа прывесці тэндэнцыя са скарачэннем колькасці працаздольнага насельніцтва?

- Відавочна, праца - гэта адзін з асноўных рэсурсаў для вытворчасці ў эканоміцы. Зразумелая справа, дэфіцыт працоўных рук катастрафічна адаб'ецца на эканоміцы, якая і так, усе мы ведаем, у якім стане знаходзіцца.

Сярод іншага скарачэнне працаздольнага насельніцтва пагражае дэфіцытам ФСАН (Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва — заўвага Charter97.org) з якога выдаюць сродкі на пенсіі і дапамогі, а таксама пагаршэннем эканамічнага крызісу.

Глядзіце, у нас ужо на пяць гадоў падвысілі пенсійны ўзрост для жанчын, а для мужчын на тры гады. Думаю, што гэта не апошнія павышэнні. Беларускія ўлады зробяць паводле прыкладу расейскіх - мужчыны будуць сыходзіць на пенсію ў 65 гадоў, а жанчыны ў 63 гады.

Увогуле, будуць скарачаць сацыяльныя выплаты, пенсіі не будуць расці, бо ФСАН фармуецца з адлічэнняў працоўных беларусаў. Не расце заробак - не растуць унёскі ў ФСАН - не растуць пенсіі. Вось які ланцужок. Высновы кожны зробіць сам.

- Вы згадалі, што ўлады выбралі галоўным "метадам барацьбы" - падвышэнне пенсійнага ўзросту, а які б вы прапанавалі выхад з гэтай сітуацыі?

- Ведаеце, калі краіна ў крызісе, то складана казаць, што з'яўляецца першасным. У краіне не ствараюцца працоўныя месцы, не ідуць інвестыцыі, эканоміка нерэфармаваная. Пад нерэфармаваную эканоміку ніхто шэлега не дасць, акрамя дзяржавы.

Вазьміце наш "Гомсельмаш", які з'яўляецца вялікай біржай працы, якую фінансуе зноў жа ўрад. Хто сёння купляе камбайны? Ды ніхто! Іх проста дзяржава выкупляе і аддае ў калгасы і саўгасы. Для такіх прадпрыемстваў, як “Гомсельмаш” цяпер проста няма перспектывы.

Увогуле, трэба тэрмінова рэфармаваць эканоміку. Іншага шляху няма. У нас перад вачыма ёсць прыклады многіх краін, у тым ліку і суседняй Польшчы, якая ў 90-ыя была з Беларуссю ў аднолькавых эканамічных умовах. Сёння ж паглядзіце, які сярэдні ўзровень заробку ў іх, а ў нас яшчэ ў 2009 годзе Лукашэнка абяцаў "па пяцьсот", а ўжо на дварэ 2019-ы і зноў завёў старую песню.

Паўтаруся, без рэфармавання эканомікі нічога не атрымаецца і тут не трэба вынаходзіць ровар! Будуць рэформы, будуць і новыя працоўныя месцы, пад рэфармаваную эканоміку пацякуць інвестыцыі, але для гэтага трэба наважыцца на галоўнае - рэформы. Відавочна, што дзейная ўлада на іх не пойдзе. Яна баіцца, тут патрэбна смеласць.

- У сувязі з узмоцненым крызісам, хто рызыкуе страціць працу?

- Найперш, некваліфікаваныя спецыялісты, а таксама тыя, хто заняты ў прамысловасці, бо з гадамі гэтая сфера скарачаецца. Калі ж пойдзе скарачэнне, то найперш яно закране некваліфікаваную рабочую сілу.

Не трэба быць геніем, каб зразумець, што скарачэнні будуць і не тыя, якія дэкларуе ўлада, а масавыя. Хоць, улады іх баяцца, бо тады людзі масава выйдуць на вуліцы.

Ведаеце, тым, хто яшчэ можа з'ехаць папрацаваць за мяжу, я б раіў пакаваць валізкі і наважвацца. Тым жа, хто не можа праз розныя прычыны гэта зрабіць, трэба спрабаваць знаходзіць сабе самазанятасць. У тым выглядзе, у якім існуюць прадпрыемствы цяпер, у іх няма будучыні.

- У выпадку масавых скарачэнняў, гэтых людзей запішуць у "дармаеды"...

- Што тычыцца "дармаедаў", то хачу падзяліцца, хоць "Хартыя-97" ужо пра гэта і пісала, жыхару Брагіна Уладзіміру Церамецкаму ўдалося дамагчыся ад "дармаедскай камісіі" выключэння з базы. На аднаго запісанага ў "дармаеды" стала менш!

Ведаеце, я вельмі разлічваў на першы судовы працэс з абноўленым дэкрэтам з гэтым кейсам. Хацеў паставіць пытанне, каб суд ініцыяваў перад Канстытуцыйным судом праверку скандальнага дэкрэта на адпаведнасць Канстытуцыі, але камісія пайшла адступіла.

Тым не менш, чакаю яшчэ аднаго "дармаеда" для давядзення справы да пераможнага канца.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках