27 красавiка 2024, Субота, 23:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вернікі з Віцебска: Ксёндз Павел для многіх сем'яў стаў духоўным айцом

2
Вернікі з Віцебска: Ксёндз Павел для многіх сем'яў стаў духоўным айцом
Иллюстрационное фото A. Żabka

Высылкі польскіх ксяндзоў з Беларусі могуць мець палітычны характар?

Гады служэння на Віцебшчыне, адданая праца для парафіянаў ды пашана мовы і гісторыі. Нягледзячы на ўсё гэта, ксяндза Паўла Кнурэка, грамадзяніна Польшчы, высылаюць з Беларусі. Вернікі патрабуюць вярнуць свайго пастыра, але ўлады нават не тлумачаць забароны на служэнне пробашчу Віцебскай катэдры, паведамляе «Белсат».

Пробашчам Віцебскай катэдры ксёндз Павэл стаў больш за год таму. Але душпастырскай працы ў Беларусі прысвяціў значны кавалак жыцця.

«Ксёндз Павэл служыў у Беларусі 17 гадоў, шмат працы правёў на гэтай зямлі. І калі ён пачаў працаваць тут, у парафіі Езуса Міласэрнага, займаўся душпастырскаю дзейнасцю і вельмі заахвочваў людзей прыходзіць у касцёл», – гаворыць верніца парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску Вераніка.

За кароткі час пробашч здолеў ажывіць катэдральную парафію. Пётр Глод, старшыня парафіяльнага камітэту, кажа:

«Дзеці сюды падцягнуліся, моладзь. Парафія ажыла, яна стала жыць касцельным жыццём».

«Асабліва для мяне, для маёй сям‘і, для нашых многіх маладых сем’яў з нашай парафіі ён стаўся такім духоўным айцом. З любою праблемаю, з любым пытаннем жыццёвым ці з пытаннем, якое ўзнікала ў сужэнскім жыцці, можна было да яго звярнуцца», – распавядае Настасся, верніца парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.

Цяпер парафія будзе жыць без духоўнага айца – святар не атрымаў дазволу на далейшае служэнне ў нашай краіне і быў вымушаны пакінуць Беларусь. Гэтак пастанавіў упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. Біскуп Алег Буткевіч, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі:

«Найбольш крыўдна, што бачнай прычыны, паводле якой ён меўся б не атрымаць гэтага дазволу, проста няма. Прынамсі мы яе не бачым».

Абураныя вернікі звярнуліся да ўладаў з просьбаю падоўжыць служэнне ксяндза Паўла ў Беларусі ці хоць патлумачыць прычыну ягонай высылкі. Аднак ад апарату ўпаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў прыходзяць адныя адмовы. Таму парафіяне збіраюць подпісы пад зваротам у адміністрацыю кіраўніка дзяржавы.

«Хіба седзячы ў Менску можна вызначыць, хто тут патрэбны і хто можа працаваць тут?», – абураецца Пётр Глод, старшыня парафіяльнага камітэту.

Тыдзень таму ўлады забаранілі служыць у Беларусі польскаму святару Сабеславу Тамелу. Айцец Сабеслаў адпрацаваў у Салігорску два дзесяцігоддзі ды ўдзельнічаў у будаўніцтве касцёлу.

«Гэтых людзей прылічылі да групы, якая будуе беларускую грамадзянскую супольнасць, незалежную ад уладаў. Як гэта ні парадаксальна, яны былі пакараныя за тое, што былі добрымі святарамі, актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця», – тлумачыць Лукаш Ясіна, Польскі інстытут міжнародных спраў.

У Віцебскай дыяцэзіі на 170 тысячаў каталіцкіх вернікаў – толькі каля 70-ці святароў. Ледзь не палова ксяндзоў – гэта замежнікі, пераважна з Польшчы. Дыяцэзія здаўна змагаецца з адсутнасцю новых святарскіх пакліканняў. У семінарыях навучаюцца будучыя святары, але іх замала, кажа віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч:

«На жаль, пакуль яшчэ сваймі сіламі, святарамі, якія паходзяць з нашай краіны, зарганізаваць душпастырства на адпаведным узроўні не маем магчымасці».

На думку журналіста, сябра Саюзу палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута, высылкі польскіх ксяндзоў маюць палітычны характар:

«Выдаляюцца польскія грамадзяне, і гэта адбываецца нягледзячы на тое, што афіцыйна мы працягваем казаць пра нейкае пацяпленне ў адносінах паміж Польшчай і Беларуссю».

«Польская дзяржава павінна рэагаваць на гэта, бо святары – польскія грамадзяне, а пераслед грамадзянаў Польшчы павінен выклікаць рэакцыю польскіх дыпламатычных місіяў у Беларусі. Спадзяюся, што такая рэакцыя будзе», – дадае Лукаш Ясіна, Польскі інстытут міжнародных справаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках