19 красавiка 2024, Пятніца, 9:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Баюся вяртацца ў частку»

13
«Баюся вяртацца ў частку»
АНДРЭЙ БАБРОЎ

У Слуцку салдата пакідаюць служыць пасля магчымага прыпадку эпілепсіі.

Андрэя Баброва прызвалі на тэрміновую службу восенню мінулага года. Маці салдата распавядае, што забіралі адразу з лякарні, паведамляе «Радыё Свабода».

Ураджэнец Буда-Кашалёва Андрэй Баброў пайшоў служыць у войска 28 лістапада 2018 года, трапіў у вайсковую частку нумар 18662 30-й асобнай чыгуначнай брыгады. Але праслужыў крыху больш за два тыдні. 15 снежня служба маладога салдата нечакана прыпынілася.

«Сутаргі, пена з рота»

«Прыпадак эпілептычны ў мяне здарыўся падчас службы, - распавядае Андрэй Баброў. - Пасля мяне паклалі ў Вайсковы шпіталь. Не лячылі, гэта ж не лечыцца. Цяпер кажуць, што калі яшчэ раз паўторыцца, то камісуюць. Адправім дадому. А цяпер ідзі служы».

Са слоў Баброва, такое з ім здараецца не першы раз. Папярэдні быў блізу года таму, тады ён да медыкаў не звяртаўся.

«Я амаль нічога не памятаю пра сам прыпадак, толькі як ён пачынаўся, - распавядае Андрэй Баброў. - Што адбывалася пазней, не ведаю. Памятаю толькі, што падымаўся па лесвіцы, потым закружылася галава, і ўсё. Ачуняў толькі, калі везлі ў бальніцу ў «хуткай». Саслужыўцы казалі, што сутаргі былі ў мяне, пена з рота ішла».

Пасля гэтага выпадку Андрэй некалькі дзён правёў у санчастцы пад назіраннем. 2 студзеня яго перавялі ў Вайсковы шпіталь у Менску. Даюць вітаміны, зрабілі энцэфалаграму. Яна выявіла ачаг паталагічнай актыўнасці.

«Паставілі дыягназ - генералізаванны прыступ, - працягвае салдат. - Як я зразумеў, гэта адна з класіфікацый эпілепсіі. Не ведаю, чаму дыягназ менавіта такі. Патэлефанаваў маці, яна тэлефанавала на гарачую лінію Мінабароны. Там адказалі ёй, што ўсё лекары вырашаюць. Я цяпер баюся ў частку вяртацца з такім дыягназам. Каб усё нармальна было, я б даслужыў. А так не разумею, што будзе. Калі б тады побач на лесвіцы са мной нікога не было, невядома што магло б здарыцца. Доктар растлумачыў, што прыпадак можа паўтарыцца ў любы момант. Праз тыдзень, праз месяц. Хоць цяпер можа здарыцца».

На рукі ў Вайсковым шпіталі Андрэю ніякіх дакументаў, у тым ліку з яго дыягназам, не далі. Усе накіроўваюць ў частку ў Слуцк. Салдат сваіх папер не бачыць. Выпісаць Баброва абяцаюць у найбліжэйшыя дні.

«Сына ў войска забралі амаль з лякарні»

«Мне сказалі, што магу скаргу напісаць у Мінабароны, - кажа маці Андрэя Аксана. - Я не ведаю, што будзе. Прыпадак можа паўтарыцца, але лекар вырашыў вярнуць яго ў частку. У сына галава заўсёды балела. І на прысягі мы былі, ён скардзіўся. А праз некалькі дзён пасля прысягі мне самі патэлефанавалі з медчасткі, жанчына, і распавяла, што вось такое здарылася з сынам, эпілепсія, і Андрэя забралі ў Слуцк з моцнымі сутаргамі. Там яму кропельніцу ставілі, да 2 студзеня быў у Слуцку, потым у Менск павезлі».

Аксана Баброва кажа, што сын наогул патрапіў у войска праз памылку. Распавядае, што лекар-неўролаг нават выпісала адтэрміноўку, але гэта не дапамагло.

«Перад самым прызывам у Андрэя было страсенне мозгу, ён ляжаў у лякарні, - дадае жанчына. - Патэлефанавалі з ваенкамата, праз дзень сына выпісалі з лякарні, яшчэ праз дзень забралі ў войска. Вазілі ў Гомель, прызналі годным і забралі».

Пасля выпадку са стратай свядомасці ў вайсковай частцы Аксана звязвалася з ротным афіцэрам сына. Той паглядзеў асабістую справу Андрэя Баброва і сказаў, што ў ёй нічога ні пра эпілепсію, ні пра іншых хваробы няма. Хоць, са слоў жанчыны, яе сын неаднаразова атрымліваў адтэрміноўкі ад службы праз хваробы.

Ротны афіцэр Андрэя Баброва каментаваць сітуацыю адмовіўся. Удзень 18 студзеня салдата выпісалі з Вайсковага шпіталя і вярнулі ў частку.

Расклад хваробаў

У Беларусі заканадаўча замацаваны спіс хвароб, пры якіх прызыўнік (або салдат тэрміновай службы) можа атрымаць пэўны ўзровень прыдатнасці альбо быць вызваленым ад службы ў мірны або нават вайсковы час. Гэта сумесная пастанова Мінабароны і Міністэрства аховы здароўя, якая мае афіцыйную назву «Расклад хваробаў». Знайсці дакумент можна на сайце pravo.by.

Эпілепсія ў «раскладзе хваробаў» вынесеная ў асобны, 21 пункт. Прызыўнікоў з гэтым захворваннем прызнаюць непрыдатнымі да службы ў мірны час (пры адзінкавых выпадках эпілепсіі) або непрыдатнымі да службы з выключэннем са спісу ваеннаабавязаных (пры частых выпадках - тры і больш за год).

«Наяўнасць прыпадку павінна быць пацверджаная медыцынскімі дакументамі, - гаворыцца ў пастанове. - Таксама могуць быць прынятыя пад увагу сведчанні відавочцаў, калі апісаныя імі прыпадак і пасляпрыпадачны стан даюць падставу лічыць прыпадак эпілептычным. У сумнеўных выпадках варта запытваць дадатковыя звесткі па месцы жыхарства, вучобы, працы, праходжання вайсковай службы (...)».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках