18 красавiка 2024, Чацвер, 8:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронца: Кіраўніцтва светлагорскіх заводаў учыняе экалагічнае злачынства

4
Праваабаронца: Кіраўніцтва светлагорскіх заводаў учыняе экалагічнае злачынства
Фота: spring96.org

Жыхары Светлагорска прадаўжаюць змагацца за навакольнае асяроддзе.

Светлагорскія экалагічныя актывісты і актывісткі прадаўжаюць змагацца з цэлюлозна-кардонным камбінатам (СЦКК) і заводам беленай целюлозы (ЗБЦ) за навакольнае асяроддзе. Пасля таго, як у канцы мінулага года з'ехалі кітайскія партнёры, якія будавалі гэты завод і спрабавалі запусціць яго, беларускія спецыялісты спрабуюць правесці пуска-наладачныя працы самастойна, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Вынік гэтых спробаў жыхары Светлагорска і Якімавай Слабады адчуваюць на сабе перыядычна. З пачатку года ўжо некалькі разоў накрывала горад і вёску моцным смуродам.

«Калі нашы актывісты звярнуліся са скаргамі да кіраўніцтва СЦКК, то там толькі папрасілі прабачэння за створаныя нязручнасці, бо ў іх адбылася аварыя. Пабудавалі новы завод, які яшчэ і не працаваў на поўную магутнасць, а там ужо аварыя за аварыяй. Абсталяванне не наладжваецца, выпуску прадукцыі патрэбнай якасці няма і, мабыць, не будзе, бо там стала што-небудзь ламаецца», - каментуе сітуацыю светлагорская праваабаронца Алена Маслюкова.

Чарговы інцыдэнт адбыўся ў суботу 19 студзеня. Светлагорскія грамадскія актывісты ў прамежак часу паміж 13:30 і 14:10 зафіксавалі моцны зліў бруднай вадкасці цёмна-карычневага колеру з пенай ліўневай каналізацыйнай трубы з тэрыторыі завода ў Бярэзіну. Пры гэтым адчуваўся характэрны смурод.

«Мы адразу ж выклікалі на месца здарэння спецыялістаў Светлагорскага раённага аддзялення Міністэрства надзвычайных сітуацый (РАНС). Пасля патэлефанавалі ў РАУС, дзе нам параілі звярнуцца ў РАНС. Мы сказалі, каб яны зафіксавалі той факт, што адбываецца відавочнае парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства. Яны зарэгістравалі скаргу, а пазней узялі з мяне тлумачэнні. Два разы мы спрабавалі датэлефанавацца да пракуратуры, але там ніхто не адказаў», - распавядае Алена Маслюкова.

Супрацоўнікі РАНС, якія прыехалі на месца здарэння, зрабілі відэаздымку і паведамілі нам, што іх дзяжурны спрабуе датэлефанавацца да розных інстанцый: да галоўнага лекара СЗЦГіЭ, начальніцы Светлагорскай раённай экалагічнай інспекцыі, старшыні Светлагорскага раённага выканаўчага камітэта. Пра тое, што адбываецца на ЗБЦ, было паведамлена таксама намесніку дырэктара завода Камандзірчыку.

«Відавочна, што кіраўніцтвам завода ўчыняецца экалагічнае злачынства. Фактычна, сваёй гаспадарчай дзейнасцю яны прычыняюць шкоду навакольнаму асяроддзю і парушаюць правы людзей на жыццё ў спрыяльных умовах», - дадае Алена Маслюкова.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках