25 красавiка 2024, Чацвер, 16:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ЗША дэмакраты і рэспубліканцы разыходзяцца ў поглядах на працу ўрада

2
У ЗША дэмакраты і рэспубліканцы разыходзяцца ў поглядах на працу ўрада

«Шатдаўн» прадаўжаецца трыццаць першы дзень.

Лідар рэспубліканцаў у Сенаце рыхтуецца вынесці на галасаванне прапанову, якую прэзідэнт Дональд Трамп называе кампрамісам, а лідары дэмакратаў – непрымальным варыянтам, паведамляе «Голас Амерыкі».

План Трампа прадугледжвае трохгадовую абарону ад дэпартацыі для сотняў тысяч імігрантаў, якіх незаконна прывезлі ў краіну ў дзіцячым узросце, а таксама падаўжэнне ахоўнага статусу для людзей, якія пакінулі свае краіны праз гвалт ці прыродныя катастрофы. У абмен на гэта ён хоча атрымаць 5,7 мільярдаў даляраў для будаўніцтва сцяны на мяжы з Мексікай.

Дэмакраты адпрэчваюць ідэю будаўніцтва сцяны, як неэфектыўную і марнатраўнуюзадуму. Яны хочуць, каб Трамп і рэспубліканцы пагадзіліся аднавіць працу ўрада і толькі пасля гэтага абмяркоўваць іншыя ініцыятывы ў гарантаванні бяспекі мяжы.

Лідар рэспубліканскай большасці ў Сенаце Мітч МакКонел заявіў, што плануе вынесці прапанову Трампа на галасаванне найбліжэйшымі днямі, хоць для яе адабрэння спатрэбіцца некалькі галасоў дэмакратаў.

Спікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі заявіла, што плануе вынесці на галасаванне на гэтым тыдні пытанні аб павелічэнні колькасці іміграцыйных суддзяў і выдачы грошай на прылады для сканавання транспартных сродкаў для выяўлення наркотыкаў на пунктах пропуску праз мяжу.

Палата прадстаўнікоў ужо ўхваляла шматлікія захады, якія дазваляюць аднавіць працу ўрада, але МакКонел адмовіўся выносіць іх на разгляд у Сенаце, заявіўшы, што ён не будзе разглядаць ніводзін законапраект, які не падтрымае Трамп.

Пакуль шатдаўн прадаўжаецца, блізу 800 тысяч урадавых службоўцаў знаходзяцца ў адпачынках без утрымання або прадаўжаюць працу без заробку.

«Нэнсі Пэласі і некаторыя дэмакраты адхілілі маю ўчорашнюю прапанову яшчэ да майго выступу. Яны не заўважаюць злачынстваў і наркотыкаў, яны бачаць толькі 2020 год, [прэзідэнцкія выбары], на якіх яны не перамогуць. Найлепшая эканоміка! – напісаў Трамп у Твітэры. - Яны павінны паступіць правільна, і дазволіць людзям вярнуцца да працы».

Пазней ён назваў дзяржслужбоўцаў, якія працуюць без аплаты, «вялікімі патрыётамі».

Пэласі выкарыстала сваю пасаду, каб зноў данесці да Трампа пазіцыю дэмакратаў.

«800 тысячам амерыканцаў даводзіцца жыць без заробку, – напісала яна ў Твітары ў нядзелю. - Адкрыйце ўрад, дазвольце работнікам атрымаць свой заробак, і тады мы можам абмеркаваць, як мы можам аб'яднацца для абароны мяжы».

Кангрэсвумэн-дэмакрат Ніта Лоўі, старшыня камітэта Палаты прадстаўнікоў у асігнаваннях, заявіла, што «проста няма ніякіх прычын» прадаўжаць шатдаўн, у той час як бакі «занятыя складанай палітычнай дыскусіяй».

«Абарона «летуценнікаў» і асоб з часовым ахоўным статусам - гэта правільна. Няправільна тое, што прэзідэнт трымае іх у закладніках, патрабуючы грошай на марнатраўную сцяну, пры тым, што іх можна было б выдаткаваць на больш эфектыўныя захады для ўмацавання бяспекі межаў. Прапанова прэзідэнта, часовая абарона некаторых імігрантаў у абмен на бессэнсоўную сцяну на мяжы, - гэта непрымальна», - заявіла Лоўі.

Кансерватыўныя крытыкі плана Трампа кажуць, што абарона ад дэпартацыі раўнасільная амністыі для парушальнікаў закона.

Аднак Трамп напісаў у Твітэры: «Не, амністыя не з'яўляецца часткай маёй прапановы... Амністыя будзе выкарыстоўвацца толькі як частка больш буйнога пагаднення, будзь то іміграцыя або штосьці іншае. Такім жа чынам, не будзе ніякіх маштабных спробаў для выдварэння 11 мільёнаў з лішнім людзей, якія знаходзяцца ў краіне незаконна, але будзь асцярожная, Нэнсі!»

Рэспубліканцы валодаюць большасцю. Яны маюць 53 месцы ў 100-мясцовым Сенаце, але для адабрэння значных законапраектаў амаль заўсёды патрабуецца большасць у 60 галасоў. Пакуль незразумела, ці зможа Трамп пераканаць прынамсі сем дэмакратаў падтрымаць ягоную прапанову.

Нават калі Сенат ухваліць план Трампа, ён, імаверна, пацерпіць паразу ў Палаце прадстаўнікоў. Аднак перамога Трампа ў Сенаце можа прывесці да новых перамоваў наконт ягонага плана будаўніцтва сцены і спынення «шатдаўна», у той час як адпраўленыя ў адпачынкі федэральныя службоўцы могуць не атрымаць ужо другі заробак у наступную пятніцу.

У сувязі з захаваннем напружанасці вакол будаўніцтва сцяны і «шатдаўна», Пэласі на днях запатрабавала, каб Трамп перанёс даклад «аб становішчы спраў у краіне», з якім ён павінен быў выступіць 29 студзеня на супольным пасяджэнні палат Кангрэса, на іншы дзень, пасля аднаўлення працы ўрада. Яна прапанавала прадставіць даклад Кангрэсу ў пісьмовай форме або выступіць з ім у Белым доме. У сваю чаргу Трамп адклаў яе паездку ў Афганістан, дзе яна і іншыя лідары Кангрэса павінны былі сустрэцца з амерыканскімі войскамі з мэтай азнаямлення з сітуацыяй.

Трамп не даў наўпроставага адказу на яе заклік адкласці зварот «Аб становішчы спраў у краіне» да заканчэння «шатдаўна».

Аднак у нядзелю ён заявіў: «Нэнсі, я ўсё яшчэ думаю пра выступ «Аб становішчы спраў у краіне». Тут ёсць так шмат варыянтаў, у тым ліку тыя, якія выкладзеныя ў Вашай пісьмовым прапанове (выступіць падчас «шатдаўна» – бяспека не праблема) і ў маёй пісьмовай згодзе. Хоць дамова ёсць дамова, я звяжуся з вамі найбліжэйшым часам!»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках