29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На лідараў КХП БНФ склалі пратаколы за замену спарахнелага крыжа ў Курапатах

15
На лідараў КХП БНФ склалі пратаколы за замену спарахнелага крыжа ў Курапатах
ФОТА: FACEBOOK.COM

«Нанесеная шкода гісторыка-культурнай каштоўнасці», мяркуюць ідэолагі райвыканкама.

Выканаўцу абавязку старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрася Беленькага і сакратара ўправы партыі Валерыя Буйвала 18 студзеня выклікалі ў Менскі райвыканкам на пасяджэнне ідэалагічнага аддзела, паведамляе «Радыё Свабода».

На іх склалі пратакол за ўсталяванне крыжа ў памяць пра літоўцаў, расстраляных у Курапатах - яны «парушылі парадак і ўмовы выканання работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці».

ФОТА: FACEBOOK.COM

27 снежня мінулага года група, у складзе якой быў Юры Беленькі, замяніла стары спарахнелы крыж. Новы крыж зрабілі грамадзяне Літвы - «у стылі літоўскага народнага мастацтва». Падчас устаноўкі новага крыжа ў Курапатах знаходзіліся два работнікі лясгаса, якія не выказвалі прэтэнзій да работ, што пазней былі прызнаныя «нанясеннем шкоды» мемарыялу.

Крыж знік праз дзве гадзіны пасля ўсталявання - як высветлілася, яго вывезлі работнікі лясгаса, цяпер захоўваюць на сваёй тэрыторыі. На наступны дзень кіраўнік Грамадскай дырэкцыі Народнага мемарыялу Аляксандр Чахольскі запатрабаваў, каб лясгас вярнуў крыж - прадстаўнікі лясгаса адмовіліся.

Прадстаўнікі КХП БНФ збіраюцца звярнуцца ў пракуратуру і да міжнароднай грамадскасці, каб абскардзіць дзеянні ўладаў, якія яны ўважаюць незаконнымі і вандальскімі.

Мемарыял у Курапатах быў заснаваны не дзяржавай, а грамадскасцю. Крыжы ва ўрочышчы ўсталёўваліся простымі грамадзянамі з 1988 года. Дзяржаўны мемарыяльны знак з'явіўся ў Курапатах толькі ў 2018 годзе.

Старшыня КХП БНФ Зянон Пазняк абурыўся пратаколамі: «знішчылі крыж ад народа суседняй дзяржавы, а арганізатараў пабудовы сусветна вядомага Мемарыялу на месцы камуна-расейскіх расстрэлаў сталі пераследаваць».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках