3 траўня 2024, Пятніца, 13:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як менскія «маржы» купаліся ў мароз на Камсамольскім возеры

2
Як менскія «маржы» купаліся ў мароз на Камсамольскім возеры

Беларусы рыхтуюцца да вадохрышчанскіх спаборніцтваў па зімовым плаванні.

Студзеньская раніца. Халодны вецер працінае нават скрозь адзенне. Аматары загартоўвання прыехалі на Камсамольскае возера, каб чарговым разам праверыць арганізм на трываласць. Перад заплывам яны акуратна чысцяць палонку.

- А вы з намі таксама купацца будзеце? - з усмешкай пытае старшыня Беларускай федэрацыі гартавання і спартыўнага зімовага плавання Уладзімір Шульган. У свае 60 з лішнім ён даўно забыўся пра хваробы, піша mlyn.by.

Побач з Уладзімірам Васільевічам яшчэ адзін аматар зімовых купанняў. Перад апусканнем у палонку яны робяць абавязковую зарадку, размінаюцца.

- Калі падыходзіць да працэсу правільна, атрымаеш толькі карысць, - тлумачыць Уладзімір Шульган. - Пасля купання ў ледзяной вадзе кожная клетка арганізма «прачынаецца», уступае ў барацьбу з варожым асяроддзем. А яшчэ халодная вада дазваляе актываваць буры тлушч, які спальвае калорыі. Так што зімовае плаванне - добры спосаб падтрымліваць сябе ў форме.

Разагрэўшыся, Уладзімір Васільевіч першым спяшаецца да трапа. Раз - і дасведчаны морж ужо ўнізе.

- Можна яшчэ і пасядзець у палонцы, - стоячы па шыю ў ледзяной вадзе, кажа Уладзімір Шульган. - Пачаткоўцам я б не рэкамендаваў акунацца цалкам, але калі ўсё-такі наважыліся, перш за ўсё варта выцерці галаву.

- Колькі часу можна знаходзіцца ў вадзе?

- Патэнцыял у арганізма велізарны, - падкрэслівае Уладзімір Васільевіч. - Унутраныя рэзервы чалавека дагэтуль не вывучаныя. Аднак пачаткоўцу пажадана абмежавацца двума секундамі. Потым варта расцерціся ручніком, апрануцца і выпіць гарачую гарбату. Пасля купання можна прабегчыся трушком, а ўжо дома прыняць гарачы душ.

- Холадна пасля купання?

- Ані, - Уладзімір Шульган выходзіць з вады. - На кароткі час тэмпература цела паднімаецца да 39-40 градусаў.

Услед за Уладзімірам Васільевічам выпрабаваць вострыя адчуванні спяшаецца яшчэ адзін сябра федэрацыі Аляксандр Русецкі. Распавядае, што стараецца прыходзіць на Камсамольскае возера як мага часцей.

Выйшаўшы з вады, Аляксандр не спяшацца ў цёплую распранальню. Замест ручніка расціраецца снегам.

- Такая эйфарыя! Нават апранацца не хочацца. Адчуванні проста цудоўныя, як быццам стаў маладзейшым і здаравейшым, - прызнаецца Аляксандр. - Шмат хто кажа, што пасля рэгулярных заняткаў забываюць пра лекараў. Мой досвед гэта таксама пацвярджае. Я з дапамогай ледзяной вады вылечыў гаймарыт. Перанёс тры аперацыі, пераспрабаваў кучу лекаў, але ўсё без толку! Калі надзеі на традыцыйную медыцыну не засталося, наважыў паспрабаваць альтэрнатыўныя метады. Акунацца пачаў паступова, чаргаваў плаванне з абліваннем халоднай вадой. З тых часоў, не паверыце, адчуваю сябе выдатна, пра хваробы даўно забыўся. А ў 2016-м пачаў удзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах.

- З кожным годам аматараў зімовага плавання становіцца больш, - падхоплівае Уладзімір Шульган. - З намі плаваюць і дзеці, і дарослыя. Самому ўзроставаму сябру федэрацыі 78 гадоў! Для моладзі гэта хутчэй моднае захапленне, а для старэйшых - жаданне быць у тонусе.

- А захварэць пасля такога экстрыму можна?

- Усё трэба рабіць з розумам, загадзя рыхтаваць цела, - тлумачыць Уладзімір Шульган. - Каб плёскацца без наступстваў, трэба трэніраваць свой арганізм бесперапынна. Найлепш пачынаць у жніўні, калі вада паступова пачынае астываць. Перад акунанне - лёгкая зарадка: пот не павінен прабіць скуру.

Пасля расцірання снегам «маржы» трушком бягуць у цёплае памяшканне. Цяпер іх чакае гарачая гарбата з лімонам і мёдам.

- Будзьце здаровыя! - жадаюць напрыканцы.

- Гэта вы сабе кажаце? - жартуюць сябры федэрацыі. Здаецца, разгарачаным маржам, якія толькі што пабылі ў ледзяной вадзе, цяплей, чым мне - у пухавіку з шалікам...

Дадаткова

19 студзеня на Камсамольскім возеры пройдуць спаборніцтвы па спартыўным зімовым плаванні. У мерапрыемстве возьмуць удзел не толькі беларусы, але і маржы з краін блізкага замежжа.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках