3 траўня 2024, Пятніца, 12:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алкаголь узважаць асобна: што трэба ведаць беларусам пра закупы за мяжой

13
Алкаголь узважаць асобна: што трэба ведаць беларусам пра закупы за мяжой

Нормы бязмытнага ўвозу тавараў змяніліся з 1 студзеня 2019 года.

Што трэба памятаць беларусам, якія перасякаюць мытную мяжу ЕАЭС у Рэспубліцы Беларусь часцей, чым раз на тры месяцы, распавялі ў Гарадзенскай рэгіянальнай мытні. З 1 студзеня 2019 года выкарыстоўваюцца новыя падыходы да прымянення вартаснай і вагавой нормаў у 300 еўраў і 20 кілаграмаў, піша сайт «БП».

Змяніліся не толькі нормы, але і падыходы

Як растлумачылі ў Гарадзенскай рэгіянальнай мытні, грамадзянам, якія часта ездзяць за мяжу, варта ведаць не толькі пра новыя нормы ўвозу, якія дзейнічаюць з 1 студзеня 2019 года. Нагадаем, што цяпер без выплаты мыт раз у тры месяцы можна правезці толькі 25 кілаграмаў тавараў для асабістага карыстання агульным коштам не больш за 300 еўраў. Той, хто перасякае мяжу часцей, можа правозіць не больш за 20 кілаграмаў на суму не больш за 300 еўраў. Але не ўсе ведаюць, што ў новым годзе сталі прымяняцца новыя падыходы да прымянення норм бязмытнага ўвозу пры перасячэнні мяжы часцей, чым раз у тры месяцы. У мытні распавялі пра тыя сітуацыі, у якія могуць трапіць беларусы на мяжы.

Прасцей правезці лішнія кілаграмы

У выпадку калі фізічная асоба заязджае на тэрыторыю Беларусі часцей за адзін раз у тры каляндарныя месяцы і вязе пры гэтым тавары, кошт якіх перавышае 300 еўраў альбо ж іх агульная вага перавышае 20 кілаграмаў, то гэтыя тавары могуць прызнаць таварамі для асабістага карыстання. Яшчэ летась тавары звыш нормы, якія везлі пры ўездзе другім або трэцім разам за тры месяцы, нельга было прызнаць таварамі для асабістага карыстання. Працэдура па аплаце мыт была вельмі складанай, таму беларусы часта траплялі ў сітуацыю, калі ім даводзілася вяртацца з лішкамі назад у Літву ці Польшчу.

Тут трэба памятаць, што правезці нешта забароненае ўсё роўна не атрымаецца. Бо пастанова аб прызначэнні тавараў прымаецца супрацоўнікамі мытні асобна, пры гэтым улічваюць асартымент тавараў, яго характар і колькасць.

Калі тавар, увезены звыш нормы, прызнаюць таварам для асабістага карыстання, то за яго трэба заплаціць мыты па адзіных стаўках. Гэта 30% ад кошту, але не менш за чатыры еўра за адзін кілаграм вагі ў частцы перавышэння вартаснай (300 еўра) і (або) вагавой нормаў (20 кг). Каб задэклараваць такія тавары, трэба запоўніць пасажырскую мытную дэкларацыю.

Алкаголь выключылі з нормы

Часцяком беларусы вязуць з-за мяжы, не толькі адзенне і бытавую тэхніку, але і імпартныя алкагольныя напоі. Высветлілася, што з новага года вага і кошт гэтай катэгорыі тавараў не ўключаецца ў нормы 20 кг і 300 еўраў, гэта тычыцца этылавага спірту, алкагольных напояў і піва. Пры гэтым працягваюць дзейнічаць ранейшыя нормы ўвозу алкаголю ў краіну. Кожны паўналетні можа правезці тры літры алкаголю, у тым ліку піва. Усяго ж можна правезці ў краіну не больш за 5 літраў на аднаго чалавека, за кожны літр звыш трох давядзецца заплаціць мыту сумай 10 еўра.

Пасля вяртання можна везці па агульных нормах

У выпадку ўезду фізічнай асобы ў Беларусь з сумежнай дзяржавы, ва ўездзе на тэрыторыю якога яму было адмоўлена, пры наступным ўездзе не прымяняюцца вартасныя і вагавыя нормы ў 300 еўра і 20 кг. Напрыклад, чалавек вырашыў паехаць у Польшчу раз у тры месяцы, але яго з нейкай прычыны вярнулі назад у Беларусь. Калі гэты чалавек у наступны раз паедзе «на закупы», то пры ўездзе ў Беларусь зможа правезці 25 кілаграмаў тавару для асабістага карыстання агульным коштам 500 еўраў. Хоць фактычна перасякаць беларускую мяжу ён будзе другі раз за тры месяцы.

Каб скарыстацца такім правам, трэба падаць мытнаму органу пэўныя дакументы. Іх пералік вызначаны заканадаўча. Гэта можа быць пасажырская мытная дэкларацыя, пададзеная фізічнай асобай пры ўездзе на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з сумежнай дзяржавы, ва ўездзе на тэрыторыю якога яму было адмоўлена. У ёй павінна стаяць адзнака «Пасля вяртання», прастаўленая ў графе «Для службовага карыстання».

Пацвердзіць вяртанне можа пашпарт або права на жыхарства, у якім будзе стаяць адзнака аб вяртанні, або дакумент, выдадзены ўпаўнаважаным органам сумежнай дзяржавы, які пацвярджае адмову ва ўездзе асобы.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках