24 красавiка 2024, Серада, 2:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вяртаюся з трэніроўкі, а суседзі толькі выходзяць на працу»

9
«Вяртаюся з трэніроўкі, а суседзі толькі выходзяць на працу»

Беларусы, якія паспяваюць трэніравацца да працы.

Калі вашы вечара распісаныя і часу на заняткі спортам зусім не застаецца, задумайцеся пра ранішнія трэнінгі да працы. Беларусы, якія практыкуюць раннія абуджэнні і заняткі спортам на досвітку, распавялі tut.by аб матывацыі і перавагах ранішніх трэніровак.

«Падабаецца бегаць, калі горад яшчэ спіць»

Спецыялістка ў продажах Карына Радзівонава рэгулярна трэніруецца ўжо цягам трох гадоў і з'яўляецца кандыдатам у майстры спорту ў паўэрліфтынгу. Два першыя гады яна чаргавала ранішнія трэнінгі з вечаровымі, а ў 2018-м перайшла толькі на ранні фармат заняткаў.

- Ранішнія трэнінгі спрыяюць максімальнай працаздольнасці і прадуктыўнаму працоўнаму дню — - кажа 23-гадовая беларуска. - Пасля ранняга трэнінгу бадзёрасць цягам дня проста зашкальвае.

Карына сумяшчае бегавыя трэніроўкі з сілавымі.

- Бегавыя па аўторках, чацвяргах і нядзелях з пяці да сямі раніцы, а сілавыя — па панядзелках, серадах, пятніцах і суботах у прамежак з васьмі да 11.

Мне падабаецца бегаць, калі горад спіць. Ёсць магчымасць атрымаць асалоду ад самоты (а цяпер яшчэ і прыгажосці святочных агнёў). Ніякай мітусні паўсядзённага жыцця: толькі ты, унутраны спакой і задавальненне ад кожнага кроку. Плюс раніцай лягчэй прабягаць вялікія дыстанцыі: на стартавых трох-чатырох кіламетрах я, можна сказаць, яшчэ абуджаюся, таму астатнія восем-дзесяць кіламетраў даюцца лягчэй.

Падчас сілавых заняткаў у трэнажорнай зале дзяўчына дае выхад негатыўным эмоцыям.

- А яшчэ гэта дадатковы час для снавання планаў на дзень і магчымасць наладзіцца на хуткае развязанне пастаўленых задач — тлумачыць Карына Радзівонава.

«Хочацца ўбачыць шэсць кубікаў на прэсе»

Журналіст Антон Ананіч трэніруецца тройчы на тыдзень. Прачынаецца а шостай ранку, а ў 7.20 ужо прыступае да нагрузак у зале.

- Кожную трэніроўку пачынаю з 10-15 хвілін кардыё-бегу да 1,5 кіламетра. А далей займаюся згодна са стандартнай праграмай бодзібілдынгу на трэнажорах, - кажа мянчук.

Сярод пераваг ранішніх трэніровак Антон адзначае вольную залу і адсутнасць чэргаў на трэнажоры.

- Затое ўвечары застаецца больш часу на асабістае жыццё. Мая трэніроўка доўжыцца блізу дзвюх гадзін. Калі б займаўся пасля працы, то траціў на гэта ўвесь вечар і прыходзіў бы дадому толькі спаць.

На сон у Антона застаецца прыкладна сем гадзін. Кажа, што не мае патрэбы ў дадатковай матывацыі для ранніх абуджэнняў.

- Мая матывацыя - гэта самі трэніроўкі, якія ўпісаныя ў графік. Яны дапамагаюць не запускаць сябе і знаходзіцца ў добрай форме. Вядома, хочацца бачыць пэўную лічбу на вагах, шэсць кубікаў на прэсе і прабягаць 20 км.

Фота: pixabay.com

Са слоў Антона, у Менску няма праблем з пошукам залы, якая б працавала раніцай.

- Амаль усе трэнажоркі адкрываюцца а 6-7 раніцы. Я прыходжу займацца а 7.20, а некаторыя людзі ў гэты час ужо ідуць у душ. Яны, напэўна, і зусім падымаюцца а пятай гадзіне.

«Падымаюся а 5.30 і бягу насустрач прыгожаму целу»

Алена Пярова працуе маркетолагам паводле фіксаванага графіка - з 9 да 18.00.

- Я жаўрук, і мне лягчэй прымусіць сябе займацца спортам раніцай — чым вечарам, - кажа Алена. - Не ведаю, як іншыя, а я пасля працы адчуваю невялікую стомленасць: прыходжу дадому, вячэраю і паддаюся ляноце. Увечары мне прасцей заняцца пасіўным адпачынкам: паглядзець фільм ці пачытаць кнігу.

Са слоў Алены Пяровай, ранішнія заняткі спортам забяспечваюць зарад бадзёрасці і пазітыву на цэлы дзень.

- Я трэніруюся дома - велізарны плюс у тым, што не марную час на дарогу ў спартзалу. За некалькі гадоў абзавялася інвентаром: купіла эліпсоід, гантэлі, бодзібар і уцяжарвальнік для ног. У прынцыпе гэтага дастаткова, каб задзейнічаць усе мышцы, - мяркуе Алена. - Кожны дзень бегаю па гадзіне на эліпсоідзе, а яшчэ прысвячаю дзве трэніроўкі на тыдзень сілавой працы.

Дзяўчына адзначае, што кошт эліпсоіда роўны тром-чатыром месячным абанементам у трэнажорку.

- Пры гэтым у залу я б наўрад ці хадзіла з такой рэгулярнасцю.

Фота: pixabay.com

Алена ўпэўненая, што найлепшы спосаб перамагчы дрымотнасць раніцай - гэта знайсці матывацыю для трэніровак.

- Я, напрыклад, дакладна ведаю, што хачу схуднець. У думках ўяўляю сябе стройнай, ўстаю а 5.30 і бягу насустрач прыгожаму целу — усміхаецца суразмоўніца. - Пасля ранішняй нагрузкі праразаюцца крылы і гонар за сябе.

- Прычым спорт для дасягнення маёй мэты - толькі дапаможная мера — падкрэслівае Алена Пярова. - Галоўнае ж для пахудання - карэкцыя харчавання. Калі не мяняць рацыён, а проста трэніравацца, можна ператварыцца ў змагара сумо. У лістападзе сябар даслаў мне спасылку на фітнэс-блогера, які схуднеў на 30 кг, нагледзеўшыся яго відэа, я захапілася тэмай правільнага харчавання. І дзякуючы комплекснаму падыходу летась скінула блізу шасці кілаграмаў - замест 78 шалі цяпер паказваюць 72. Пры гэтым сябар кажа, што мне трэба скінуць яшчэ 10 - так што працягваю працаваць у тым жа духу.

«Вяртаюся з трэніроўкі, а суседзі толькі выходзяць на працу»

Дацэнт Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Юлія Сяргеева ходзіць на плаванне на 6.30 раніцы.

- У гэты час басэйн амаль пусты, звычайна на дарожцы я плаваю адна. Затое днём і ўвечары ў басэйне, як селядцоў у бляшанцы, — смяецца Юлія. - Я наведваю школьны басэйн побач з домам, таму прачынаюся за 15 хвілін да сеансу: не марную час ні на макіяж, ні на дарогу.

Працоўны графік Юліі Сяргеевай нефіксаваны. Яна спрабавала займацца і ў абед, і ўвечары. Але адзначае: у ранішніх трэнінгах свая рамантыка.

- У нашым басейне ёсць купал, які з усходам сонца напаўняецца святлом. Не перадаць словамі, якая гэта прыгажосць! Нібы становішся сведкам чараўніцтва. Атрымліваю велізарнае задавальненне ад ранішняй цішыні і мернасці.

Юлія запэўнівае, што на сон часу ёй стае. Хоць зімой падымацца ў такую рань складаней, прызнаецца мянчанка.

- Але эфект таго варты. Я вяртаюся з трэніроўкі, зараджаная бадзёрасцю на ўвесь дзень, а суседзі толькі выходзяць з дому на працу.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках