29 сакавiка 2024, Пятніца, 7:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Слабое месца рэжыму сёння - сам Лукашэнка

17
Яўген Афнагель: Слабое месца рэжыму сёння - сам Лукашэнка

Мы жывём у цікавы і адказны час.

Падчас прызначэння міністраў фінансаў і энэргетыкі ў пятніцу Лукашэнка зрабіў дзіўную заяву. Са слоў дыктатара, прычына нядаўніх кадравых перастановак ва ўрадзе - татальнае п'янства сярод кіраўніцтва краіны.

Улічваючы, што вышэйшыя чыноўнікі прызначаюцца асабіста Лукашэнка, узнікае пытанне - хто кіруе краінай?

На гэтую тэму сайт Charter97.org пагутарыў з каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і адным з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Яўгенам Афнагелем.

- Апошнім часам Лукашэнка і яго міністры ўсё часцей аказваюцца ў цэнтры гучных скандалаў. Дыктатар сам прызнаваў на нарадзе ў Воршы, што чыноўнікі перасталі яго слухацца. Ці можна казаць пра абвастрэнне крызісу ўлады ў Беларусі?

- Скандалы здараліся і раней, але цяпер яны ўвязаліся ў адзін клубок з пагалоскамі пра сур'ёзную хваробу дыктатара, які старэе. А гэты маналог аб павальным п'янстве ў вышэйшых органах улады надае ўсяму гэтаму амаль анекдатычны характар.

Гэта нагадвае дэградацыю кіруючага рэжыму ў познім СССР, калі нават прыхільнікі ўладаў, шэраговыя сябры партыі разумелі, што краінай кіруюць не зусім здаровыя людзі. Вянком гэтага сталі дрыжачыя рукі і невыразная гаворка кіраўнікоў ДКНС, якія па тэлевізары ўбачыла ўся краіна.

Калі ўлада не змяняецца, калі няма выбараў, канкурэнцыі ідэй і палітыкаў, то пачынаецца застой. Пажылыя чыноўнікі даўно прывыклі да перыядычных «разносаў на камеру», ведаюць, што іх месца проста няма каму заняць - лаўка запасных пустая. Навошта слухаць начальніка, калі цябе ўсё роўна не пазбавяць пасады? Тым больш, калі начальнік яшчэ і не зусім адэкватны.

Бывае, вядома, што ў асяроддзі дыктатара з'яўляюцца новыя асобы, але ненадоўга. Чалавек, які атрымаў сучасную адукацыю, ніколі не зможа спрацавацца з людзьмі, якія думаюць катэгорыямі 70-ых гадоў мінулага стагоддзя. Таму такія людзі альбо сыходзяць, альбо хутка здаюцца і прымаюць правілы гульні, становячыся нават знешне падобнымі на пенсіянераў з савецкага запаведніка.

- Як вы ацэньваеце міжнародную сітуацыю вакол рэжыму Лукашэнкі? Ці магчыма ўвядзенне санкцый супраць беларускіх уладаў праз абвінаваўчыя прысуды ў «справе прафзвязу» і рэпрэсій супраць незалежных СМІ?

- Гэтае пытанне трэба задаць лідарам дэмакратычных краін і міжнародных арганізацый. Праваабаронцы заявілі пра істотнае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Аказваецца ціск на палітычных зняволеных у турмах, працягваюцца арышты актывістаў апазіцыі, блакуецца папулярны незалежны сайт Charter97.org, распачынаюцца крымінальныя справы ў дачыненні да журналістаў, пераследуюцца прафзвязы. Усё гэта - следства патурання дыктатару з боку цывілізаванага свету. «Авансы» з боку Захаду ён успрымае як даніну. Такім чынам, улады дэмакратычных краін падзяляюць адказнасць за рэпрэсіі ў Беларусі разам з дыктатарам.

Санкцыі і жорсткая пазіцыя - адзіны інструмент знешняга ўплыву на Лукашэнку. Дзеянне гэтага інструмента ўжо неаднаразова прыносіла свой плён у выглядзе вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій. Заявы некаторых еўрапейскіх палітыкаў аб неабходнасці вяртання санкцый, якія гучалі пасля прысуду лідарам прафзвязу РЭП, даюць надзею, што рана ці позна замест бясконцага «хаджэння па граблях» з боку заходніх краін мы ўбачым выразную і паслядоўную стратэгію ў дачыненні да Беларусі.

- Як сцвярджаюць тэарэтыкі і практыкі негвалтоўнага супраціву, дыктатура не з'яўляецца чымсьці маналітным, а існуе за кошт розных «падпорак», кожную з якіх можна расхістаць. На вашу думку, што цяпер з'яўляецца самым слабым месцам рэжыму Лукашэнкі?

- У розны час дыктатар сам называў розныя пласты грамадства і сацыяльныя групы сваёй апорай. Памятаю, імі, з яго слоў, былі і моладзь, і пенсіянеры, і прафсаюзы...

Але праходзіла нейкі час, і ўсе разумелі, што дыктатар проста сам сябе супакойвае. Моладзь ішла ў апазіцыю і выходзіла на акцыі пратэсту, афіцыйныя прафсаюзы даўно прайгралі канкурэнцыю незалежным, а пенсіянеры, якія, сапраўды калісьці былі электаратам Лукашэнкі, летась назаўжды адбілі ва ўладаў жаданне абапірацца на іх.

Адзінай апорай, а дакладней кручком, на якім вісеў дыктатар, былі яго гаспадары ў Крамлі. Але і з гэтым сёння сур'ёзныя праблемы. Мяркуючы з вынікаў апошняй сустрэчы ў Сочы і навін з палёў нафтавых войнаў, разлічваць на падтрымку Расеі менскаму жабраку-самадуру ўсё ж такі не даводзіцца.

Самае слабое месца рэжыму Лукашэнкі сёння - сам Лукашэнка. І, хутчэй за ўсё, абаперціся яму больш няма на каго. Мы жывём у цікавы і адказны час. Беларусь зноў знаходзіцца на раздарожжы. Такія моманты называюць «пунктам біфуркацыі»: сістэма становіцца нестабільнай і няўстойлівай, і далейшае яе развіццё залежыць ад нейкай выпадковасці ці, наадварот, арганізаванага намагання групы людзей.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках