25 красавiка 2024, Чацвер, 22:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэжым калектыўнага ідыёта

36
Рэжым калектыўнага ідыёта
ІРЫНА ХАЛІП

Як вярбуе КДБ.

Следчы камітэт зноў «уключыў» калектыўнага ідыёта. Гэта з ім часта здараецца – дакладней, штораз, як ягоныя спікеры адкрываюць рот. На гэты раз падставай уключыць ідыёта стала прызнанне журналіста tut.by Дзмітрыя Бобрыка ў тым, што яго завербавалі.

У сераду ўвечары Зміцер апавёў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, як 7 жніўня пасля ператрусу яго павезлі ў следчы камітэт, як пагражалі, ціснулі, шантажавалі і вымусілі падпісаць паперчыну пра супрацоўніцтва. На наступны дзень следчы камітэт вуснамі спікершы адказаў: «Самая кароткая небыліца. Следчы камітэт завербаваў».

Ды колькі вам, следчыя камітэтчыкі, ідыётамі і ідыёткамі прыкідвацца! Досыць манерна плечукамі паводзіць і вочкамі нявінна міргаць: маўляў, мы ж аператыўкай не займаемся, нам агенты без патрэбы, у нас цяжкая сядзячая праца, варыкоз і гемарой, а гэтыя непісьменныя журналісты вар'яцкія байкі складаюць. Ды не, журналісты нічога не складаюць. Яны ўвогуле не пра вас. Вы проста ключы ад хаты кадэбэшнікам баязліва аддаяце на першае патрабаванне, вось і ўсё. А далей – усё проста. Прывозяць чалавека на допыт, а ў кабінеце следчага сядзіць нейкі Іван Іванавіч, часта з Пятром Пятровічам – і замест допыту пачынаюцца пагрозы і ціск, і чалавека штурхялямі падштурхоўваюць да простай высновы: хочаш жыць – падпішы, інакш жыцця табе не будзе. Так што не трэба апавядаць, што вы тут ні пры чым. Калі ўсё гэта адбываецца на вашай тэрыторыі – вельмі нават пры чым.

Хачу нагадаць, што крымінальную справу пра масавыя беспарадкі 19 снежня 2010 года афіцыйна ўвогуле вяла ўправа папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкама. Пры гэтым мы ўсе ніводнага міліцыянта ці следчага за паўгода і ў вочы не бачылі. Убачылі толькі тады, калі нас пачалі ў суды дастаўляць: канвойныя былі міліцэйскія. І фармальна КДБ увогуле не меў ніякага дачынення да нашай крымінальнай справы. А цяпер успомніце, колькі народу потым прызналася – гучна ці паўнамёкам, добраахвотна ці вымушана – у падпісанні папераў пра супрацоўніцтва з КДБ?

Зрэшты, нават у турму не трэба сядаць, каб яны прыйшлі. Яны прыходзяць на працу і ў дэканаты ўніверсітэтаў, у ЦІП на Акрэсціна і ў кабінеты следчых. СК – толькі адна з іх шматлікіх «базаў». І іх можна зразумець: калі б усіх, каго КДБ збіраецца завербаваць, выклікалі туды позвамі, то чарга перад будынкам кожны дзень расцягвалася б на некалькі кварталаў, як па каўбасу ў СССР. Так што яны не выклікаюць, а прыходзяць самі. Пытанне ў тым, хто іх пусціць у свой працоўны кабінет у працоўны час і пагодзіцца зганяць па піўко і пагуляць на вуліцы, пакуль аператыўнік будзе, па-гаспадарску разваліўшыся ў чужым крэсле і за чужым сталом, пагражаць чалавеку, які прыйшоў у гэты кабінет з зусім іншай нагоды. На жаль, чамусьці ўсе згаджаюцца.

Але няма межаў дасканаласці, і калі, да прыкладу, у арыштаванага або студэнта-актывіста хапае моцы і смеласці адмовіць ім, гэта не значыць, што яны не прыйдуць зноў. Я не здзіўлюся, калі заўтра вербаваць пачне домакіраўнік. Ці сантэхнікі. Дарэчы, у велізарнай колькасці людзей улады і вагароў ціску больш, чым у кадэбэшнікаў. Або падпісвай – або ўнітаз не адрамантую, так і будзе цячы да суседзяў. Тут ужо і на самай справе задумаешся. Або, да прыкладу, божы дзьмухавец у рэгістратуры паліклінікі падае табе паперку: квіток толькі ў абмен на супрацоўніцтва з КДБ. А далей – «адно акно», ЖЭС, падатковая інспекцыя, кіроўчая медкамісія, ды што там – каса ў супермаркеце. Або падпісвай, або хлеба не набудзеш. Зрэшты, дарма я так расфантазавалася – выдатны праект для КДБ атрымаўся. Пасадзіць у кожнай установе кадэбэшніка са стосам папераў. І план завербаваных будзе выкананы і перавыкананы, як у трыццаць сёмым, і штат можна раздзімаць да бясконцасці, уладкоўваючы на дзяржслужбу з усімі прывілеямі сватоў і кумоў.

Вось толькі следчаму камітэту тады ўжо сапраўды будзе не прарвацца на свае працоўныя месцы – іх канчаткова акупуюць для вярбоўкі. Так што замест таго каб выказвацца, займіцеся справай, грамадзяне следчыя, пакуль яшчэ ёсць такая магчымасць. Хоць кубік Рубіка збярыце, ці што.

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках