24 красавiка 2024, Серада, 19:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мама першакласніка: Яны ўжо не ведаюць, што прыдумаць, каб толькі выцягнуць грошы

79
Мама першакласніка: Яны ўжо не ведаюць, што прыдумаць, каб толькі выцягнуць грошы
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Аб паборах у школах Віцебска.

Бацькі, чые дзеці наведваюць дзіцячы садок або школу, не па чутках ведаюць, якое гэта сягоння дарагое задавальненне. І рэч не ў куплі адзення ці абутку і нават не ў плаце за падручнікі, а ў рэгулярных «добраахвотных» унёсках на патрэбы ўстаноў адукацыі.

Вось што распавяла «Віцебскаму кур'еру» 32-гадовая Ганна (імя жанчыны на ейную просьбу змененае), чый сын у гэтым годзе пайшоў у першы клас:

- Усё пачалося яшчэ ў ліпені, калі мне патэлефанавалі са школы, у першы клас якой мы падалі дакументы, і спыталі, дзе мая квітанцыя аб пералічэнні адной базавай адзінкі на рахунак аддзела адукацыі.

Жанчына ўзгадала, што спачатку нават разгубілася: афіцыйнага залічэння ў першы клас яшчэ не было, да заканчэння падачы дакументаў у школу заставалася больш за месяц. А калі б сям'я перадумала і наважыла пайсці вучыцца ў іншую ўстанову адукацыі або зусім застацца яшчэ на год у садку? Абставіны ж бываюць розныя, а аплаціць базавую адзінку трэба было тэрмінова.

- Першы сход для бацькоў першакласнікаў прайшоў яшчэ напярэдадні навучальнага года. Нам сказалі адразу здаць на пропуск у школу, гальштук і салодкія падаруначкі дзецям на першае верасня. Усяго 20 рублёў.

На наступным сходзе праз пару тыдняў да гэтай сумы дадаліся грошы на сшыткі на друкаванай аснове - 17 рублёў, аплата за падручнікі - 12 рублёў 50 капеек, агульны фотаздымак за 10 рублёў і 10 рублёў на бытавую хімію.

Цікава, куды гэта сума будзе выкарыстаная? У нашым класе 30 чалавек. Разам - 300 рублёў. Так, сказалі, што з гэтых грошай яшчэ купяць падарунак на Дзень настаўніка. Дапусцім, гэта 100 рублёў. А астатнія 200? На туалетную паперу, вадкае мыла і сродак для мыцця ўнітазаў?

Ганна абураная, што ўсе кажуць пра тое, што ў нас бясплатная адукацыя. Гэта значыць, атрымліваецца, што патрэбы ўстаноў адукацыі павінны аплачвацца дзяржавай, а нейкія грошы вылучацца з бюджэту. Але на справе выходзіць, што нават сродкі для прыборкі класаў, калідораў і туалетаў павінны купляць бацькі.

- Усе бацькі заплацілі па 25 рублёў у фонд яшчэ да пачатку навучальнага года. Толькі наш клас папоўніў бюджэт аддзела адукацыі на 750 рублёў. А колькі такіх класаў і школ у горадзе? Палічыце самі, якая вялізная сума атрымліваецца. На што яна выдаткоўваецца, калі нават паперу ў прыбіральню мы купляем самі?

Але і на гэтым паборы для Ганны не скончыліся. Высветлілася, што 25 рублёў - гэты пералік у фонд школы, а яшчэ ёсць фонд класа, у які трэба было ўнесці мінімум 35 рублёў.

Чаму мінімум? Як патлумачылі бацькам на сходзе, калі яны заплацяць крыху больш, скажам, рублёў па 40, тады настаўнік, чальцы бацькоўскага камітэта і апякунскай рады з класа змогуць падысці да дырэктара і папрасіць, каб гэтая сума пайшла менавіта на патрэбы іх кабінета.

- Калі я ўпершыню зайшла ў клас, то ўзрадавалася, наколькі ён добры - значыць, думаю, грошы на рамонт збіраць не будуць. Але настаўніца сказала, што трэба пераляпіць шпалеры. І не таму, што яны дрэнна выглядаюць, а проста іх трэба абнавіць, бо з часу рамонту прайшло чатыры гады.

Давайце прызнаемся шчыра: ці шмат хто з нас часта пераклейвае ў сваёй кватэры шпалеры? Добра, калі гэта здараецца раз на дзесяць гадоў, а не радзей. І нічога: усе жывыя. А яшчэ настаўніца сказала, што на падлогу трэба заслаць лінолеум, цяпер у нашым класе яна проста акуратна пафарбаваная.

Памятаю, у садку мы здавалі грошы на вокны. Выхавальніцы вельмі саромеліся пра гэта прасіць. Але бацькі самі бачылі, што вокны старыя, драўляныя, з іх увесь час дзьме - і грошай было не шкада, тым больш, што здавалі мы паступова.

Але ў нашым класе неабходнасці ў новых шпалерах і лінолеуме на падлозе няма! Такое адчуванне, што яны ўжо не ведаюць, што прыдумаць, каб толькі выцягнуць з бацькоў грошы.

Паборы, з якімі сутыкнулася Ганна, на жаль, ужо сталі нормай практычна для ўсіх школ. Проста недзе збіраюць менш грошай і на тое, што сапраўды неабходна, дзесьці - больш, і на выдаткі, без якіх можна было б абысціся.

Шкада толькі, што ў пагоні за крутым рамонтам усе часам забываюць, што якасць ведаў не залежыць ад новых шпалер, лінолеума на падлозе і нацяжных столяў.

Напісаць каментар 79

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках