29 сакавiка 2024, Пятніца, 7:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусы трапляюць у пастку абсалютнай беднасці

36
Як беларусы трапляюць у пастку абсалютнай беднасці

У сельскай мясцовасці склалася крытычная сітуацыя.

У сельскай мясцовасці расце колькасць шматдзетных сем'яў, якія рызыкуюць апынуцца за рысай беднасці, як толькі жанчына выйдзе з апошняга дэкрэту.

Рызыка абсалютнай беднасці сканцэнтраваная найбольш сярод сем'яў з дзецьмі, чым у сярэднім сярод насельніцтва. У той жа час самая высокая рызыка беднасці ў шматдзетных і няпоўных сем'яў, а таксама тых, хто жыве ў сельскай мясцовасці. Такія вынікі даследавання «Роля сістэмы падтрымкі сем'яў з дзецьмі», прэзентаванага ў рамках рэгіянальных канферэнцый KEF 2018 года эканамістам Даследчага цэнтра ІПМ Глебам Шымановічам, піша «Ежедневник».

Эканаміст адзначыў, што ў 2017 годзе дзіцячая беднасць трохі знізілася, і гэта звязана з павелічэннем эфекту ад дапамог на дзяцей.

Што да розных груп дапамог, найбольш эфектыўнымі, са слоў аўтара даследавання, з'яўляюцца дзіцячыя дапамогі ва ўзросце ад нуля да трох гадоў. Найменш эфектыўныя тыя, якія ідуць пры яго нараджэнні.

«Гэта відавочна, бо другія накіраваныя на падтрыманне існых даходаў, на падтрыманне статус-кво, які быў», - растлумачыў Глеб Шымановіч. - А дзякуючы эфектыўнасці дзіцячых дапамог ва ўзросце ад 0 да 3 гадоў, у гэтай узроставай групе самая нізкая рызыка беднасці».

З узростам дзіцяці рызыка беднасці ўзрастае

Пры гэтым, як адзначыў экспэрт, з узростам дзіцяці рызыка беднасці ўзрастае, асабліва значныя рызыкі ў дзяцей у малодшым школьным узросце.

«Так, пры дасягненні школьнага ўзросту сістэма падтрымкі сям'і з такімі дзецьмі памяншаецца. Аднак выдаткі на дзіця ў гэтым узросце наадварот павялічваюцца, і гэта адбіваецца на бюджэце пражытачнага мінімуму. Ён на дзіця ад 6 да 18 гадоў амаль такі ж, як і ў дарослага чалавека ў працаздольным узросце, - падкрэсліў аўтар даследавання. - Таму гэтыя два эфекты накладваюцца адзін на аднаго і даюць усплёск рызыкі беднасці ў гэтай узроставай катэгорыі».

«Усплёск рызыкі беднасці надыходзіць таксама ў дзяцей, якія дасягнулі трохгадовага ўзросту. Гэта той час, калі жанчына выходзіць з дэкрэта. Тут можна выказаць здагадку што ў жанчыны альбо нізкая аплата працы альбо ёй цяжка знайсці працу», - адзначыў экспэрт.

Заробак ніжэйшы, чым дапамога

Даследчыкі палічылі, што з улікам адначасовых выплат, сям'я атрымлівае блізу 470 рублёў на месяц на першае дзіця, і 650 рублёў на месяц - на другога.

«Цікавы той факт, што заробак жанчыны, якая працавала больш за шэсць месяцаў цягам года, у некаторых выпадках супастаўны з той жа штомесячнай сумай дапамогі, якую атрымлівае сям'я на дзіця. Акрамя гэтага, у сельскай мясцовасці сярэдні заробак апынуўся ніжэйшы за дапамогу, якую атрымлiвае сям'я на другое дзіця», - заўважыў Глеб Шымановіч.

Да таго ж, калі падлічыць усе выплаты цягам першага года пасля нараджэння дзіцяці, то высвятляецца, што ў 80% беларускіх жанчын даход ад занятасці меншы, чым сума дапамогі, гарантаваная дзяржавай цягам першага года жыцця дзіцяці.

«Адпаведна, гэта не можа не мець наступстваў для дэмаграфічнай сітуацыі», - мяркуе экспэрт.

Барацьба з беднасцю пры дапамозе дапамог

Са слоў Глеба Шымановіча, з усяго гэтага вынікаюць несуцяшальныя высновы: дапамога для дзяцей, самое нараджэнне дзіцяці становіцца тым інструментам, з дапамогай якога людзі змагаюцца з беднасцю, асабліва ў сельскай мясцовасці.

Так, прыкладна з 2011 года, калі пачалося падвышэнне дапамог, жанчыны ў сельскай мясцовасці сталі больш нараджаць менавіта другіх дзяцей. Адметна тое, што самы высокі каэфіцыент нараджальнасці ў самых дэпрэсіўных рэгіёнах.

А вось далей назапашваюцца праблемы, звязаныя з рынкам працы, кажа экспэрт.

«Жанчыны ў сельскай мясцовасці нараджаюць раней, у іх менш працоўнага досведу. А калі ідзе некалькі дэкрэтаў запар, далей ім усё цяжэй становіцца знайсці працу з нармальнай аплатай. І тут ужо ўзнікаюць выклікі не для сацыяльнай палітыкі, а для палітыкі на рынку працы», - растлумачыў ён.

На думку Глеба Шымановіча, праблема акурат не ў высокіх дапамогах, а ў рынку працы, у даходах людзей, у тым, што ў сельскай мясцовасці цяжка знайсці годную працу.

«Сёння гэта ўжо факт, што ў сельскай мясцовасці з'явілася шмат шматдзетных сем'яў, якія рызыкуюць апынуцца за рысай беднасці, як толькі мама выйдзе з апошняга дэкрэту. Сітуацыя драматычная. Якія шляхі з гэтага? Трэба шукаць выхад, інакш ніякая сістэма сацыяльнай абароны не справіцца з яе наступствамі», - сказаў на заканчэнне дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках