16 снежня 2018, Нядзеля, 12:29
Дзякую вам
Рубрыкі

Каментатар ЕГФ-ТБ: З пачатку матчу і да свістка заўзятары БГК былі па-добраму шалёныя

1

Каментатар ЕГФ-ТБ уражаны перамогай Берасця над найлепшай камандай Еўропы.

У суботу БГК у Лізе чэмпіёнаў падолеў «Манпелье» - дзейнага пераможцу турніру. Еўрапейская федэрацыя гандбола ахрысціла сустрэчу ў Берасці матчам тура, і для гаспадароў усё скончылася памысна - 26:23. Па гарачых слядах уражаннямі ад двубою з намі падзяліўся каментатар ЕГФ-ТБ Крыс О'Райлі. Ён упершыню прыехаў у Палац спорту «Вікторыя» і, мяркуючы з усяго, застаўся пад уражаннем, піша «Трибуна».

Пра арэну

- Гэта мая першая паездка ў Беларусь, але ў апошнія тры гады я бачыў мноства матчаў БГК на ЕГФ-ТВ. Ужо тады хацелася адчуць атмасферу арэны, на экране яна заўсёды выглядала вельмі добра. Гэта не самая вялікая зала, але падтрымка вельмі асаблівая і магутная.

З пачатку матчу і да фінальнага свістка заўзятары былі па-добраму шалёнымі. Мне вельмі спадабалася, як яны ўзаемадзейнічаюць з гульцамі. Як прыклад можна падаць Дарка Джукіча. Кожны раз, калі ён забівае гол, ён падымае з ног ўсю арэну. І гэта вельмі добра, што такая шчыльная сувязь з публікай склалася нават у пачаткоўца. Ён тут усяго два дні, але ўжо да рэшты свой.

Пра матч

- Мы ўжо можам бачыць, як Манала Кадэнас змяняе каманду. Яна стала больш разняволенай. Гандбол берасцейцаў стаў хутчэйшы, контратакі сапраўды добрыя. Самае смешнае, што яны скаралі «Манпелье» менавіта ў тым стылі, у якім «Манпелье» звык скараць спаборнікаў. Яны накармілі французаў іх жа горкімі пілюлямі.

Абарона згуляла на неймаверным узроўні. Пешыч зрабіў шэраг неверагодных сэйваў. Цэнтральны блок і ўся абарона агулам была вельмі моцная. І галоўнае, яны наогул не збаўлялі абароты, добра бегалі ў адрыве. У той жа час гаспадары выразна разумелі, калі можна знізіць тэмп.

БГК паказаў вельмі прывабны гандбол. На яго было прыемна глядзець.

Пра турнірныя перспектывы

- Дзве перамогі ў двух матчах - гэта ўражвае. Было вельмі-вельмі цяжка. Думаю, гэта надзвычайны старт.

Мне вельмі падабаецца задняя лінія. Шэсць гульцоў могуць мяняць адзін аднаго без страты якасці. На кожнай пазіцыі два раўнацэнныя выканаўцы. Абарона і галкіпер добра адчуваюць адзін аднаго. У клубе выдатныя гульцы на флангах. Юрынок і Джукіч нясуць шмат небяспекі.

Наперадзе яшчэ матчы з вельмі моцнымі спаборнікамі. Але БГК усведамляе сваю моц. Усё самае складанае яшчэ наперадзе. Але, як сказана на банеры, час пісаць гісторыю. І я думаю, што чвэрцьфінал - цалкам рэалістычная мэта. У БГК ёсць усё, каб патрапіць у васьмёрку найлепшых каманд Еўропы.