18 красавiка 2024, Чацвер, 6:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Папа Францішак заклікаў моладзь да рэвалюцыі

Папа Францішак заклікаў моладзь да рэвалюцыі

У Літве Святы Айцец распавёў пра «рэвалюцыю Божае ласкі».

«Трэба ісці за Хрыстом! Не будзем баяцца ўзяць удзел у рэвалюцыі, да якой Ён нас заклікае: рэвалюцыі Божае ласкі», - сказаў Папа літоўскай моладзі, з якой сустрэўся 22 верасня ў Вільні.

Святы Айцец адзначыў, што боская ласка веры, якой жыве моладзь, была перададзеная папярэднімі пакаленнямі, якія мужна яе абаранялі. Ён падкрэсліў, што ніхто не можа выратавацца самастойна, але павінен браць удзел у жыцці Божага народа, паведамляе беларуская рэдакцыя vaticannews.va.

«Не дазвольце, каб свет пераканаў вас, што лепш крочыць самастойна. Не паддавайцеся спакусе засяроджанасці на сабе, эгаізму або павярхоўнасці перад тварам пакут, цяжкасцяў або хуткага поспеху. Яшчэ раз падкрэслю, што «тое, што адбываецца з іншым, адбываецца са мной», пойдзем супраць плыні індывідуалізму, які ізалюе, які робіць нас эгацэнтрычнымі і фанабэрыстымі, заклапочанымі толькі ўласным іміджам і дабрабытам. Імкніцеся да святасці, пачынаючы ад сустрэчы і стасункаў з іншымі, звяртаючы ўвагу на іх патрэбы», - сказаў Папа.

Спасылаючыся на сведчанні, якія прагучалі падчас сустрэчы, пантыфік падкрэсліў значэнне музыкі і спеваў, а таксама малітвы як шляху развіцця веры. Ён адзначыў важнасць дапамогі іншым людзям. «Бачанне слабасці іншых людзей вяртае нас у рэальнасць, не дазваляе, каб мы жылі цалуючы свае раны», - сказаў ён.

Таксама Папа Францішак памаліўся ў свяцілішчы Вострабрамскай Божай Маці Міласэрнасці, паведамляе расейская служба vaticannews.va.

У сваім звароце да пілігрымаў Біскуп Рыма нагадаў пра гісторыю сцен старажытнай Вільні, ад якіх засталася адна брама: менавіта над ёй быў размешчаны цудатворны абраз «Панны Міласэрнасці», заўсёды гатовай прыйсці на дапамогу. З гэтага пазалочанага абраза, адзначыў Папа, на нас пазірае Маці без Дзіцяткі, Маці ўсіх нас, у сэрцах якіх захаванае аблічча Яе Сына Езуса. Менавіта таму кожны чалавек дае нам магчымасць сустрэцца з Богам. Калі мы закрываемся ў страху перад іншымі, калі будуем сцены і барыкады, у канчатковым выніку мы пазбаўляем сябе Добрай весткі Хрыста, якая праходзіць праз гісторыю і жыццё іншых людзей.

Папа адзначыў, што кожны дзень Маці Міласэрнасці наведваюць мноства людзей з розных краін: літоўцаў, палякаў, беларусаў і расейцаў, каталікоў і праваслаўных. Сёння гэтая лёгкасць перамяшчэння павінна стаць прыкладам для адкрытасці і салідарнасці з іншымі, каб узаемна ўзбагачацца Божымі дарамі. Часам здаецца, што адкрытасць свету багатая напружанасцю і варожасцю, згодна з якой «чалавек чалавеку воўк», аднак Маці Міласэрнасці - як і ўсякая добрая маці - імкнецца аб'яднаць сям'ю і шэпча: «Шукай брата свайго», яна адкрывае дзверы новаму світанню.

Сёння, адзначыў Папа, нас чакаюць дзеці і сем'і з крывавымі ранамі, падобнымі да ран Хрыста: яны заклікаюць да нас аб вылечным святле міласэрнай любові, а такая любоў - гэта ключ да Нябеснай брамы.

У канцы звароту Біскуп Рыма пажадаў літоўскім вернікам, каб, перасякаючы парог гэта святыні і сузіраючы таямніцы Святога Ружанца, яны былі гатовыя абвяшчаць Хрыста, нашу надзею; будаваць радзіму, здольную прымаць усіх; прымаць ад Найсвяцейшай Панны Марыі дары дыялогу і цярпення, блізкасці і гасціннасці, якое любіць, даруе і нікога не асуджае.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках