29 красавiка 2024, панядзелак, 16:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супрацоўніц дзяржаўных аптэк прымушаюць насіць кароткія спадніцы і абцасы

41
Супрацоўніц дзяржаўных аптэк прымушаюць насіць кароткія спадніцы і абцасы
Фото: Daily-Sochi.ru

Кіраўніцтва «Белфармацыі» адмовілася каментаваць гэтую праблему.

Работніцы дзяржаўнай сеткі аптэк «Белфармацыя» ананімна распавялі «Еўрарадыё» аб стандартах абслугоўвання ў іхніх аптэках. Праз адкрыты стыль адзення аптэкаркі часта хварэюць і скардзяцца на болі ў нагах.

- Гэта нейкі жах! Нас вымушаюць выглядаць так, як быццам мы нейкія дзяўчаты «з шашы»! Наўпрост гэта так не прапісана, але вось просты прыклад. На працы нам выдаюць службовыя халаты, даўжыня якіх – вышэй за калена. Паводле стандартаў, мы павінны надзяваць спадніцы, якія былі б не даўжэйшыя за халат. Таму, напрыклад, у высокіх дзяўчат гэтая даўжыня не перавышае палову сцягна! - распавядае правізарка.

Пад халатам жанчынам забараняюць насіць аб'ёмнае і цёплае адзенне, нагавіцы. Колер адзення мае быць светлага адцення, аднатонны і без кантрасту з халатам. Выходзіць, што цёплыя рэчы пад забаронай нават узімку?

Фота: Еўрарадыё

- Менавіта так і выходзіць. Прычым пад забарону трапляюць не толькі швэдры, але і звычайныя кашміровыя гольфы. Так, толькі за мінулую зіму амаль усе калегі захварэлі праз тое, што немагчыма цёпла адзецца на працоўным месцы. Што перашкаджае нармальна прапісаць гэтыя стандарты? Чаму нават хірургічныя гарнітуры цяпер пад забаронай? Ды і ўрэшце, навошта такія стандарты патрэбныя? Мы павінны дапамагаць людзям, а не думаць, з якім абліччам і якім чынам нешта ім прадаць, - каментуюць супрацоўнікі.

Выклікаюць абурэнне і патрабаванні да абутку. Ён мае «дазваляць апрацоўку медыцынскімі дезінфекцыйнымі рэчывамі» і пры гэтым мець абцасы.

- З абуткам гэта наогул нейкае глупства. Забаронены нават гумавы абутак, хоць менавіта ён з'яўляецца асноўным, напрыклад, сярод хірургаў. Паглядзіце ў інтэрнэце - большасць лекараў нават у аперацыйных пакоях ходзяць у тых жа «Кроксах», а нам у аптэцы гэта забаронена. Дык і ў чым нам хадзіць? А наконт абцасаў - паспрабуйце залезці нават на невялікія драбіны, ды яшчэ ў міні-спадніцы. Гэта ж немагчыма! - абураецца адна з работніц.

Фота: Еўрарадыё

Таксама ў стандартах абслугоўвання прапісаныя патрабаванні да макіяжу, колеру валасоў і нават манікюру. Пазногці маюць быць коратка падстрыжаныя, а колер лаку - толькі натуральных адценняў. За невыкананне стандартаў супрацоўніц могуць пазбавіць прэміі, гэта значыць, амаль паловы ад таго, што атрымліваецца за месяц.

Крыніцы, з якімі журналістам «Еўрарадыё» выпала абмеркаваць сітуацыю, сцвярджаюць: гэтыя стандарты былі распрацаваныя пад кіраўніцтвам дырэктара «Белфармацыі» Вячаслава Гніція, якога затрымалі ў ліпені 2018 года ў карупцыйнай справе.

Кіраўніцтва «Белфармацыі» адмовілася каментаваць гэтую праблему. Санкцыю на стасункі з журналістамі мае даць асабіста міністр аховы здароўя, у чыё падпарадкаванне ўваходзіць сетка дзяржаўных аптэк.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках