29 красавiка 2024, панядзелак, 12:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у ВКЛ пачалася Рэфармацыя

1
Як у ВКЛ пачалася Рэфармацыя

Ідэі Лютэра знайшлі свой водгук на землях нашых продкаў.

Вярнуць першапачатковы сэнс евангельскіх наказаў, спрасціць набажэнства і адмовіцца ад прагі нажывы, хцівасці. Такі быў галоўны сэнс руху, які ахапіў усе станы насельніцтва Заходняй Еўропы на пачатку 16 стагоддзя. Шмат хто адгукнуўся на казані прафесара багаслоўя Вітэнбэржскага ўніверсітэта Марціна Лютэра, які у 1517 годзе нагадаў немцам пра тое, што Хрыстос не патрабуе пышнасці ў малітвах, у царкоўнай службе. Богу патрэбная шчырая вера, вольная ад умоўнасцяў.

Такія думкі знайшлі сваіх прыхільнікаў не толькі ў Нямеччыне і Швайцарыі, але і Вялікім Княстве Літоўскім. Казанне Лютэра прыняў і першадрукар Княства Францішак Скарына, які друкаваў свае Бібліі на зразумелай мове, на старабеларускай.

Источник: litvin.pl

Кнігі Скарыны адпрэчвалі догмы, каноны. Спроба Скарыны наладзіць друк кніг у Маскве таму скончылася крахам. Ягоныя выданні ў Масковіі палілі на вогнішчах і аддавалі праклёну. І князь Андрэй Курбскі, які ўцёк ад дэспатыі Івана Жахлівага, але які ўважаў за свой абавязак абараняць праваслаўе, заклікаў знішчаць выданні скарынавай друкарні ўсюды, дзе толькі можна.

Аднак ні праваслаўныя і каталіцкія пастыры, ні ўплывовыя магнаты накшталт Курбскага не маглі спыніць лад мыслення. Насенне, пасеянае Скарынам на пачатку 16 стагоддзя, неўзабаве прарасце і дасць новае пакаленне вальнадумных людзей. Ідэі рэлігійнай рэфармацыі пранікаюць у найвышэйшыя станы грамадства ВКЛ. Сам канцлер, найвышэйшы службовец краіны, князь Мікалай Радзівіл Чорны ў 1533 годзе прымае пратэстантызм і публічна заяўляе аб сваёй веры. Канцлер засноўвае ў найбуйнейшых гарадах Княства школы евангельскай веры - у Берасці і ў Вільні.

Адначасова з канцлерам ў пратэстантызм пераходзяць шмат якія прадстаўнікі магнатаў і шляхты, слаўныя ваякі і дзяржаўныя дзеячы - паны Глябовічы, Сапегі, Валовічы, Вішнявецкія, Хадкевічы, Агінскія. Пад 1569 год парламент ВКЛ амаль цалкам складаецца з евангельскіх хрысціян. Паказальна, што ў Наваградскім ваяводстве з праваслаўя пераходзяць у пратэстантызм 580 з 600 шляхецкіх сем'яў.

Источник: litvin.pl

Рэлігійная рэфармацыя змякчае норавы. Найвышэйшыя службоўцы Княства мяркуюць, што трэба палягчаць становішча сялян. Радзівіл Чорны ініцыюе аграрныя перамены, надзяляючы земляробаў валокай (21 гектар раллі). Зямлю стараліся вылучаць аднолькавай урадлівасці, паводле справядлівасці. Пасля рэформы 1556 года ў ВКЛ назіраецца рост ураджайнасці збожжавых, умацоўваецца сялянскі клас. Княства пачынае масава экспартаваць ячмень у Балтыю, у Польшчу.

Сельская грамада раскідаецца. а гэта ў сваю чаргу дае імпульс развіццю рамяства. Павялічваецца гарадское насельніцтва, якое вырабляе патрэбныя сялянству тавары - адзенне, вупраж, прылады працы, посуд. Пратэстанты магнаты Сапегі запрашаюць з краін Заходняй Еўропы адзінаверцаў, якія цярпяць рэлігійны пераслед. У Літву прыязджаюць спрактыкаваныя майстры з Нямеччыны, Галандыі, Францыі, якія арганізуюць першыя мануфактуры. Так пачынае расці мясцовая прамысловасць.

Пратэстантызм, рэлігійная рэфармацыя прыводзяць Вялікае Княства Літоўскае да найлепшай эпохі яго гісторыі. Гэта залаты век, пара росквіту, умацавання дзяржавы. Усё адбываецца праз увагу да асобы, да чалавека, правы якога ўлада стараецца ахоўваць і падтрымаць. Менавіта таму з'яўляюцца літоўскія знакамітыя Статуты, якія апярэджваюць час, нагадваючы нам пра вартасць асобы, а не дэспатыі і самавольства.

Гісторыкі называюць шэдэўрам юрыдычнай думкі Статут 1588 года, самы дасканалы юрыдычны кодэкс у Еўропе таго часу. Ён абвясціў ідэю прававой дзяржавы, у якой замацоўваўся падзел судовай і выканаўчай улад, ліквідаваліся судовыя прывілеі багатыроў, зацвярджаліся прынцыпы свабоды сумлення. Усе жыхары Княства згодна з Статутам былі роўныя ў юрыдычным аспекце. Артыкулы Статута прадугледжвалі прэзумпцыю невінаватасці для шляхціца, гандляра, селяніна, ваякі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках