20 красавiка 2024, Субота, 10:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ізраіль зняпраўдзіў версію Міністэрства абароны РФ пра збіты ў Сірыі Іл-20

Ізраіль зняпраўдзіў версію Міністэрства абароны РФ пра збіты ў Сірыі Іл-20

Прычына катастрофы расейскага самалёта - бязладны агонь сірыйскай СПА.

СПА Сірыі, размешчаныя ў розных рэгіёнах гэтай краіны, адкрылі бязладны агонь па ўсіх напрамках толькі праз 40 хвілін пасля таго, як вайсковыя самалёты Ізраіля нанеслі ўдары па вайсковых аб'ектах у сірыйскай правінцыі Латакія, паведамляе «Немецкая волна».

У выніку гэтай стральбы, падчас якой у неба былі выпушчаныя дзясяткі ракет розных тыпаў, а таксама збою ў каардынацыі паміж расейскімі і сірыйскімі вайскоўцамі, 17 верасня быў збіты самалёт-выведнік ВКС РФ Іл-20 і загінулі 15 расейскіх салдат і афіцэраў.

Гэтую інфармацыю, якая змяшчаецца ў дакладзе, прэзентаваным дэлегацыяй Войскам абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) у міністэрстве абароны РФ, працытавала ізраільскае выданне The Times of Israel у пятніцу, 21 верасня.

Як паказвае выданне, аб'ём дакладу складае прыкладна 40 старонак на ангельскай і расейскай мовах. Ізраільскія вайскоўцы звярнулі ўвагу расейскіх калегаў на тое, што адной з прычын трагедыі магла стаць манера дзеянняў СПА Сірыі, якая змянілася.

Змены адбыліся пасля таго, калі ў лютым 2018 года быў збіты знішчальнік F-16 ВПС Ізраіля. Калі раней сірыйцы выкарыстоўвалі ў барацьбе з ізраільскімі самалётамі толькі адну батарэю СПА, мяркуючы, што не змогуць нанесці знішчальнікам рэальную шкоду, то пасля гісторыі са збітым F-16 кожны напад ізраільцян суправаджаўся дзясяткамі выпушчаных зенітных ракет. Кульмінацыяй стала аперацыя «Картачны домік», калі 10 траўня ВПС Ізраіля пабілі больш за 50 іранскіх мэтаў па ўсёй Сірыі, у адказ сірыйцы выпусцілі па самалётах 170 зенітных ракет. «Войска абароны Ізраіля называе цудам той факт, што ні адзін замежны самалёт не быў збіты Сірыяй дагэтуль», - піша іншае ізраільскае выданне, «Едиот Ахронот».

Сістэма папярэджання спрацавала ў звычайным рэжыме

У дакладзе зняпраўджваецца і распаўсюджаная Міністэрствам абароны РФ інфармацыя аб тым, што Ізраіль папярэдзіў вайсковае камандаванне РФ аб аперацыі толькі за хвіліну да пачатку авіяналёту. «Сістэма папярэджання канфліктных сітуацый з Расеяй у тую ноч спрацавала ў адпаведнасці са звычайнай працэдурай - гэтак жа, як і пры 200 аналагічных атаках Ізраіля на аб'екты ў Сірыі за апошнія два гады», - гаворыцца ў дакуменце.

Паводле інфармацыі The Times of Israel, як Ізраіль, так і Расея заявілі, што менавіта Дамаск, а не Тэль-Авіў, нясе адказнасць за знішчэнне расейскага самалёта, хоць Масква ўсе гэтыя дні публічна крытыкуе Ізраіль з нагоды інцыдэнту.

У Маскве ніяк не каментуюць вынікі сустрэчы з дэлегацыяй ЦАХАЛ. Са слоў прэс-сакратара прэзідэнта РФ Дзмітрыя Пяскова, Уладзімір Пуцін праінфармаваны пра змест дакладу ізраільскага боку, але праверка яго зместу ў кампетэнцыі Міністэрства абароны РФ. Пяскоў, на якога спасылаецца «Интерфакс», таксама адмовіўся каментаваць якія-небудзь магчымыя палітычныя высновы расейскага кіраўніцтва ў сувязі з тым, што адбылося.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках