23 красавiка 2024, aўторак, 19:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанія расследуе адмыванне грошай з РФ праз Danske Bank

Брытанія расследуе адмыванне грошай з РФ праз Danske Bank

Брытанскія ўлады высвятляюць, ці выкарыстоўваліся ў злачынных схемах брытанскія кампаніі.

У Вялікай Брытаніі распачатае крымінальнае расследаванне ў сувязі са скандалам аб адмыванні значных сум грошай з Расеі і іншых краін былога СССР у эстонскім аддзяленні дацкага Danske Bank, паведамляе «Радыё Свабода».

У пятніцу брытанскае агенцтва барацьбы са злачыннасцю заявіла, што праверыць, ці выкарыстоўваліся ў злачынных схемах па адмыванню грошай кампаніі, зарэгістраваныя ў Брытаніі.

Пасля ўнутранага расследавання Danske Bank, у падазроных транзакцыях з 2007 да 2015 года былі задзейнічаныя, акрамя іншых, кампаніі, зарэгістраваныя ў самой Брытаніі і на Брытанскіх Віргінскіх выспах. Агульная сума падазроных транзакцый ацэньваецца больш чым на 230 мільярдаў даляраў.

У пачатку верасня Financial Times са спасылкай на незалежнае расследаванне паведамляла, што толькі ў 2013 годзе праз эстонскае падраздзяленне Danske Bank прайшла «ашаламляльная сума» - да 30 мільярдаў даляраў, якія належаць грамадзянам Расеі і краін СНД.

Раней шэраг СМІ і Цэнтр даследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP) са спасылкай на даклад паведамляльніка банка заявілі, што стрыечны брат прэзідэнта Расеі Ігар Пуцін, як мяркуецца, адмываў грошы праз эстонскае аддзяленне Danske Bank. Улетку гэтага года пазоў супраць банка падаў заснавальнік фонду Hermitage Capital Уільям Браўдэр. Ён мяркуе, што эстонскае падраздзяленне Danske Bank было адным з асноўных каналаў вываду грошай з расейскага бюджэту ў ашуканскай схеме, якую раскрыў памерлы ў маскоўскім СІЗА юрыст фонду Сяргей Магніцкі.

Чалец Еўрапейскай камісіі Маргрэт Верстагер назвала скандал у Danske Bank «гіганцкім», заклікаўшы да ўзмацнення жорсткасці кантролю за банкаўскім сектарам у рамках ЕЗ.

Паводле непацверджаных афіцыйна паведамленняў, уласнае расследаванне вядуць таксама Злучаныя Штаты.

Раней на гэтым тыдні кіраўнік Danske Bank Томас Борг абвясціў пра сыход у адстаўку.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках