29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Македоніі заявілі аб умяшанні РФ ва ўнутраныя справы краіны

У Македоніі заявілі аб умяшанні РФ ва ўнутраныя справы краіны

Лаўроў нават вывучыў усе назвы македонскіх сёлаў.

Яшчэ тры гады таму Крэмль наогул не цікавіла Рэспубліка Македонія, але з тых часоў пачаўся працэс актыўнага ўмяшання ва ўнутраныя справы краіны.

Пра гэта заявіў лідар вядучай албанскай партыі Македоніі "Дэмакратычны саюз за інтэграцыю" Алі Ахмеці, паведамляе "Нова".

"Яшчэ тры гады таму Крэмль наогул не цікавіла Рэспубліка Македонія, але тры гады таму міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў пачаў на кожнай сваёй канферэнцыі, падчас кожнага свайго публічнага мерапрыемства дэманстраваць, што ён вывучыў усе назвы вёсак Македоніі, дзе з'яўлялася хоць бы найменшая праблема", - сказаў ён.

"Больш за тое, ягоная апошняя заява была вельмі жорсткай: што сяброўства Македоніі ў NATO з'яўляецца глыбокай правакацыяй для расейскай палітыкі, таму не можа быць рэалізаванае. У гэтым выпадку мы маем сутыкненне з філасофіяй і дыпламатыяй, якую рэалізуе Крэмль, бо гістарычна мы належым да заходняга блоку, да заходняй культуры. 30 верасня мы адарвёмся ад сферы інтарэсаў Расеі, якія яна праводзіць, каб мець уплыў у рэгіёне Заходніх Балкан", - дадаў Ахмеці.

Большая частка ўрада Македоніі складаецца з чальцоў Сацыял-дэмакратычнай партыі, якая перамагла на выбарах. Найбуйнейшая албанская партыя, "Дэмакратычны саюз за інтэграцыю", мае шэсць міністэрскіх партфеляў, партыя "Альянс для албанцаў" - двух міністраў.

Рэферэндум аб новай назве Македоніі запланаваны на 30 верасня. Перайменаванне краіны з'яўляецца ключавой умовай Грэцыі - толькі так Афіны згаджаюцца спыніць блакаваць далучэнне Македоніі ў NATO. Краіну могуць перайменаваць у Паўночную Македонію.

Прэм'ер Македоніі Зоран Заеў заявіў, што экс-дэпутат Дзярждумы РФ, грэцкі бізнэсовец Іван Савідзі фінансуе падрыхтоўку правакацый у Македоніі перад рэферэндумам, а таксама кампанію дэзінфармацыі ў СМІ і сацсетках, накіраваную супраць змены назвы краіны.

Як паведамлялася, Грэцыя вызначыла выслаць двух расейскіх дыпламатаў паводле абвінавачвання ў фінансаванні пратэстных груп, якія выступаюць супраць пагаднення аб змене назвы.

Нагадаем, на саміце NATO чальцы Альянсу пагадзіліся адкрыць перамовы аб чаленстве Македоніі. Аднак генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг не бачыць магчымасці скончыць уступленне Македоніі ў NATO, калі краіна не пагодзіцца мяняць сваю канстытуцыйную назву.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках