18 красавiка 2024, Чацвер, 20:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Можа адбыцца істотны скачок коштаў бензіну

15
Эканаміст: Можа адбыцца істотны скачок коштаў бензіну
Фото: Алексей Матюшков

Беларусы фактычна субсідуюць нафтагазавую сферу дзяржавы.

16 разоў. Роўна столькі ў Беларусі з пачатку года падвышалі рознічныя кошты на бензін. І хоць часцей за ўсё рост быў на капейкі, кожнае з гэтых падвышэнняў выклікала хвалю пасіўнага незадавальнення аўтамабілістаў, паведамляе журналіст «Белсату» Ігар Кулей.

Іншая справа – у суседняй Польшчы. Тут кошт на паліва можа мяняцца некалькі разоў на дзень. Сёння – еўра дваццаць, заўтра – еўра трыццаць, паслязаўтра – еўра дзесяць. Такая сітуацыя нікога не дзівіць.

У Беларусі ж кошты на паліва рэгулююцца дзяржавай. Як сёння акрэсліў кіраўнік «Белнафтахіму» Уладзімір Сізоў, «канцэрн абмежаваны сацыяльным фактарам, бо кошт нафтапрадуктаў аказвае значны ўплыў на іншыя галіны эканомікі». Эканаміст Леанід Фрыдкін каментуе:

«Калі спыніцца рэгуляванне коштаў, то хутчэй за ўсё адбудзецца даволі істотны штуршок коштаў уверх, але яго не вытрымаюць спажыўцы, і прыйдзецца і вытворцам і рэалізатарам крыху ўтаймаваць свае апетыты».

Сёння рост коштаў на паліва ў Беларусі абумоўлены адразу некалькімі фактарамі. Па-першае, патрэбаю выраўняць цэны з суседнімі Смаленскаю ды Бранскаю вобласцямі Расеі. Па-другое, значнаю нагрузкаю на айчынныя нафтаперапрацоўчыя заводы. Цяжка сабе гэта ўявіць, але сёння бензін на беларускіх запраўках прадаецца танней за сабекошт! Розніцу дзяржава пакрывае, калі прадае бензін у іншыя краіны. Так што пакапейкавы рост коштаў на паліва – не самы горшы сцэнар для беларусаў. Беларусы пра кошты на паліва:

«Дрэнна, я езджу на машыне, а тут даражэе. Капейка да капейкі, кошт расце. Усё расце, а заробкі не растуць».

«Вы бачыце, дзе я працую? Я таксіст. Чым больш даражэе бензін, тым менш я зарабляю».

«Калі б адразу на рубель падвысілі, я б гэта заўважыў. А так, па капейцы, незаўважна».

«Робяць разумна, па капейцы падвышаюць. Не адчуваецца гэта, і чэргаў такіх няма на запраўках, як раней».

Але як доўга будзе працягвацца такі «лагодны» для беларусаў сцэнар, невядома. Яшчэ на пачатку года тагачасны віцэ-прем’ер Уладзімір Сямашка казаў, што рост коштаў паліва па адной капейцы сітуацыі не ўратуе. Наваполацкі НПЗ ужо тады працаваў у мінус 25 мільёнаў долараў. Мазырскі – у мінус 12. Не ўсё добра і ў тых, хто паліва рэалізуе. Сітуацыю тлумачыць Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«На сённяшні дзень бальшыня аўтазаправак, як дзяржаўных, так і недзяржаўных, знаходзіцца ў мінусе або зусім невялікім прыбытку па гандлі нафтапрадуктамі. Асноўныя прыбыткі запраўкі атрымліваюць ад продажу прадуктаў, хот-догаў, кавы і вады. Гэта складае каля 80 % ад іх прыбыткаў».

Раней ці пазней эканоміка мае ўзяць сваё, а кошт – значна вырасці. І вось тады паўстане пытанне сацыяльнага кантракту, які дзяржава заключыла з беларусамі. Алесь Папко, кандыдат сацыялагічных навук:

«З аднаго боку, мы вам субсідуем бензін, сацыяльную сферу, камуналку, і ў вас не будзе эканамічных шокаў, з іншага боку, мы пазбаўляем вас часткі палітычных і эканамічных правоў, магчымасці свабодна весці бізнес і зарабляць».

Настроі з грамадстве сведчаць, што большасць беларусаў з такім сцэнаром цалкам пагаджаецца.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках