29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цацкі, якія ЕЗ палічыў смяротна небяспечнымі, свабодна прадаюцца ў Беларусі

11
Цацкі, якія ЕЗ палічыў смяротна небяспечнымі, свабодна прадаюцца ў Беларусі
ФОТА: EC.EUROPA.EU

З беларускага рынку прадукт кобрынскай фабрыкі прыбірацца не будзе.

Еўразвяз забараніў прадаваць на сваёй тэрыторыі дзве цацкі кобрынскай фабрыкі «Палессе». Канструктар-самалёцік «Юны падарожнік» і кацяня «Бімбасфера», прызнаныя смяротна небяспечнымі для дзяцей,...лёгка знаходзяцца ў беларускіх крамах, паведамляе «Еўрарадыё».

На сайце крамаў «Буслік» знаходзім каталку на шнурку «Бімбасфера-кацяня» для дзяцей ад аднаго года. Калі дзіця будзе вучыцца хадзіць, яно можа ўзяць цацку за шнурок і цягнуць за сабой. Але экспэрты з еўрапейскай сістэмы хуткага рэагавання аб небяспечных спажывецкіх таварах RAPEX мяркуюць, што дзіця можа пакласці дробныя дэталі цацкі ў рот і задыхнуцца, а доўгі шнур можа абкруціцца вакол шыі і выклікаць асфіксію.

Супрацоўніца онлайн-крамы Vovka.by кажа, што ў іх ёсць канструктар «Юны падарожнік». Гэта пластыкавы самалёцік з лётчыкам, які складаецца з дзесяці дэталяў. Паводле інфармацыі наглядных органаў Еўразвязу, небяспеку для дзяцей уяўляе галава лётчыка, якую лёгка зняць і праглынуць.

Была ў продажы і цацка-кацяня. Але яе раскупілі!

«Так, раней была, а цяпер пакуль няма», - удакладняе супрацоўніца Vovka.by.

Затое мы даведваемся, што ў серыі «Бімбасфера» ёсць яшчэ слонік, клоун і бурундук. У Беларусі яны па-ранейшаму застаюцца ў продажы, хоць маюць такія ж доўгія шнуркі, як «Бімбасфера-кацяня».

У дзіцячым аддзеле сталічнага ГУМа «Еўрарадыё» адказваюць, што і самалёцік, і кацяня былі ў продажы. Праўда, прадавец не знаходзіць іх і прапануе зайсці ў іншы раз.

Абедзве цацкі мы дагэтуль можам знайсці на афіцыйным сайце кобрынскай фабрыкі «Палессе». Вось «Юны падарожнік», а вось калекцыя цацак «Бімбасфера». Маркетолаг фабрыкі «Палессе» Юрый Жураў у гутарцы з «Еўрарадыё» адпрэчвае ўсе прэтэнзіі:

«З беларускага рынку прадукт прыбірацца не будзе, бо ён цалкам адпавядае патрабаваннем тэхнічнага рэгламенту».

Ці будзе «Палессе» здымаць з продажу ў Беларусі цацкі, якія ў Еўразвязе ўважаюцца за смяротна небяспечныя, нам адкажуць найбліжэйшым часам. Дарэчы, «Юны падарожнік» і «Бімбасфера-кацяня» - два з васьмі беларускіх спажывецкіх тавараў, якія былі забароненыя нагляднымі органамі Еўразвязу.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках