23 красавiка 2024, aўторак, 9:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тадэвуш Кандрусевіч: Парафіяне хочуць бачыць у святары чалавека, з якім можна пагаварыць

Тадэвуш Кандрусевіч: Парафіяне хочуць бачыць у святары чалавека, з якім можна пагаварыць
ТАДЭВУШ КАНДРУСЕВІЧ
ФОТА: CATHOLIC.BY

Кіраўнік Каталіцкага касцёла ў Беларусі звярнуўся да будучых святароў.

У гутарцы аб місіі святароў падчас Імшы на пачатак навучальнага года ў каталіцкай Міждыяцэзіяльнай семінарыі ў Гародні, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на служэнне ў Касцёле свецкіх, паведамляе catholic.by.

«Апошнім часам выяўляюцца тэндэнцыі ўсё большага выкарыстання свецкіх у жыцці і пастырскай дзейнасці Касцёла, - адзначыў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі. - Але ёсць рэчы, якія проста абавязаны выконваць святар.

Не толькі здзяйсненне сакрамэнтаў, што зразумела само па сабе. Але таксама і прыняцце людзей, якія звяртаюцца па дапамогу. Людзі хочуць бачыць святара ці дыякана, нарэшце, семінарыста. Хочуць бачыць духоўную асобу, каб з ёй пагутарыць, расказаць аб праблемах і атрымаць перш за ўсё духоўную параду.

Не спрыяе развіццю пастырства практыка, калі пасля Імшы святар сыходзіць, а свецкі чалавек прымае вернікаў», - сказаў на заканчэнне іерарх.

Мітрапаліт згадаў словы аднаго біскупа на сустрэчы з манашкамі, якія займаліся школай для дзяўчынак у Рыме.

«Нам патрэбная сястра, а не прафесар. Прафесарам можа быць і свецкі чалавек, але свецкі не можа быць манашкай», - казаў той біскуп. Ягоныя словы можна аднесці і да святароў.

Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што ў Праваслаўнай Царкве святара часта называюць святым айцом.

«Святым перш за ўсё таму, што ён з'яўляецца адміністратарам Божай ласкі. Таму святар сам павінен увасабляць святасць.

Першы рэктар духоўнай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу слуга Божы дон Бернарда Антаніні любіў казаць семінарыстам аб неабходнасці «заправіцца» духоўным бензінам: без бензіну машына не паедзе. Так і ў святарстве: калі святар чагосьці не мае, ён не зможа даць гэтага іншаму».

Паводле слоў мітрапаліта, сустрэчы з людзьмі свету паказваюць неабходнасць у грунтоўнай багаслоўскай падрыхтоўцы святароў.

«Людзі сёння вельмі актыўна цікавяцца багаслоўем, і задача святара - дапамагчы ім у гэтым.

Нездарма св. Ян Павел II у Апостальскім звароце Pastores dabo vobis падкрэслівае, што інтэлектуальная фармацыя кандыдатаў да святарства з'яўляецца надзвычай неабходнай праз выклікі сучаснасці».

Таксама арцыбіскуп нагадаў, што са зменамі ў свеце з'яўляюцца і новыя метады пастырства.

«Гледзячы на розныя рэлігійныя групы ў храмах, можна ўбачыць вынікі таго старога кораня, дзякуючы якому на нашых землях захавалася вера. Прыклад Захаду даводзіць: прагрэсіўнае неабходна пераймаць, але ад старога адмаўляцца ні ў якім разе нельга, калі яно выпрабаванае часам і не супярэчыць тэалагічным нормам. Vetera et nova! - ранейшае спалучаць з новым».

У звароце да семінарыстаў іерарх адзначыў:

«Старшакурснікам неабходна зрабіць выпрабаванне сумлення: як мы ставімся да святарскай фармацыі? Ці любім малітву і вучобу? Як ідуць справы з захаваннем дысцыпліны?

Семінарыя - гэта дом, сям'я або вайсковая казарма, як часам кажуць? Калі так, то чаму? Ці ўяўляе сабой семінарыя братэрства?»

Цытуючы папу Бенедыкта XVI і папу Францішка, Мітрапаліт дадаў, што духоўная падрыхтоўка будучых святароў павінна абапірацца на Еўхарыстыю і Сакрамэнт пакаяння, а слупамі фармацыі павінны стаць малітва, навука, братэрскае жыццё і апостальства.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках