25 красавiка 2024, Чацвер, 11:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Праца «дармаедскіх» камісій падобная да ручнога кіравання чалавечымі жыццямі»

2
«Праца «дармаедскіх» камісій падобная да ручнога кіравання чалавечымі жыццямі»

Улады прадаўжаюць насіць ваду ў рэшаце.

За першае паўгоддзе ў камісіі звярнулася 4 тысячы чалавек.

Калі прыгледзецца, то 4 тысячы тых, хто звярнуўся ў 150 камісій - гэта вельмі мала. Атрымліваецца, што ў сярэднім у кожную камісію за паўгода звярнулася па 27 чалавек або блізу 4,5 чалавек на месяц. Нават калі не ўсе камісіі працавалі з пачатку года, 4 тысячы чалавек - гэта 1,6% ад 239 тысяч беспрацоўных, зарэгістраваных у Беларусі па класіфікацыі Міжнароднай арганізацыі працы, піша zautra.by.

Улічваючы, што сутнасць працы створаных у Беларусі 150 камісій для садзейнічання занятасці практычна цалкам паўтарае функцыі цэнтраў занятасці - дапамагчы чалавеку знайсці працу або прайсці перанавучанне - а вынікаў іх працы пакуль не відаць, эфектыўнасць абранага метаду садзейнічання занятасці наўрад ці перавышае выдаткі на яго арганізацыю, мяркуюць экспэрты.

Больш за тое выдаткі на працу камісій могуць значна пераўзыходзіць карысць ад іх працы. Стварыць камісіі на паперы выглядае танна, але гэта працоўны час дзяржаўных службоўцаў, якія працуюць за грамадскія грошы, падкрэслівае дырэктарка Школы маладых мэнэджараў публічнага адміністравання SYMPA Наталля Рабава.

- Як мінімум мы гаворым аб працоўным часе, які праведзены на выкананне не першачарговых функцый, па-другое, можа ісці гаворка аб выправах, калі чальцам камісій трэба дабірацца да раёнаў, таксама ёсць абавязковая праца вядзення пратаколаў дзейнасці камісіі, напэўна, ёсць нейкая каардынацыя з цэнтрамі садзейнічання занятасці. На ўсё гэта ідзе працоўны час і працоўныя рэсурсы, - тлумачыць экспэртка.

Праца камісій больш падобная на элемент ручнога кіравання чалавечымі жыццямі. І людзі туды звяртаюцца, найперш, каб не лічыцца «дармаедамі», а не ў разліку на сур'ёзную падтрымку ў пошуку працы, адзначае кіраўніца SYMPA.

- Калі наведаць любы Цэнтр садзейнічання занятасці, убачыце, што там натоўпы народа. Значыць, тыя, хто стаяць на ўліку як беспрацоўныя, ацэньваюць працу цэнтраў як больш эфектыўную, чым працу камісій — мяркуе Наталля Рабава.

Атрымліваецца, замест стварэння камісій, можна было б павысіць эфектыўнасць працы цэнтраў занятасці. Хоць і іх прэстыж цяпер занадта нізкі, як і вера ў падтрымку дзяржавы ў выпадку страты працы. Гэта пацвярджаюць лічбы: зарэгістраванае беспрацоўе ў краіне 0,4%, а фактычнае — больш за 5%, гэта значыць у 12,5 разоў вышэйшае.

Ці можна перастаць рэшатам ваду насіць?

Ствараць дадатковыя структуры толькі таму, што наяўныя не працуюць, нерацыянальна, робяць выснову экспэрты.

- Замест стварэння «мыліц» можна было б рэфармаваць падтрымку беспрацоўных агулам — адзначае сацыёлаг Алена Арцёменка.

Людзі не рэгіструюцца на біржы працы, і гэта пацвярджае, што статус беспрацоўнага не прыносіць ніякай падтрымкі і якаснай дапамогі ў працаўладкаванні. Вось чаму няма сэнсу ў стварэнні дадатковых механізмаў да існай службы занятасці ў выглядзе камісій, адзначае экспэрт.

- Сума дапамогі ў беспрацоўі і выдаткі на тое, каб стаць на ўлік на біржы працы дэматывуюць людзей гэта рабіць, - дапаўняе экспэртка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Марыя Акулава.

Казаць аб дапамозе і абароне з боку дзяржавы можна будзе, калі дапамога з прычыны беспрацоўя вырасце хаця б да ўзроўню пражытачнага мінімуму, мяркуе экспертка.

Беспрацоўных перш за ўсё цікавіць акурат фінансавая падтрымка ў выглядзе дапамогі, якая дазволіла б на час пошуку працы хаця б утрымліваць сябе. Важная і магчымасць прайсці перакваліфікацыю.

- Гэта было б значным кірункам у падтрымцы беспрацоўных. Мы бачым доўгатэрміновую тэндэнцыю скарачэння дзяржаўнага сектара. Гэтыя кадры таксама трэба працаўладкоўваць, даваць ім магчымасці дадатковай адукацыі ў сумежных сферах, - кажа Алена Арцёменка.

Калі ўявіць, што дзейная сістэма службы занятасці будзе адказваць за дапамогі для беспрацоўных, то дадатковай мерай падтрымкі беспрацоўных сталі б інстытуты, якія дапамагаюць прайсці прафесійныя курсы і перакваліфікацыю, адзначае сацыёлаг. Прычым адукацыйныя магчымасці варта было б максімальна рэкламаваць.

Выгадней і больш эфектыўна, чым праца камісій, было б правесці шырокую інфармацыйную кампанію з прапановамі ад Мінпрацы людзям, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі, прыйсці ў пэўныя арганізацыі, прайсці пэўнае перанавучанне, атрымаць ваўчар на перанавучанне або доступ да бізнэс-літаратуры, каб людзі маглі стаць самазанятымі, прапануе Марыя Акулава.

- Такая маральная афарбоўка атрымала бы водгук у людзей, бо яны б убачылі, што ім сапраўды хочуць дапамагчы, падтрымаць, і дзяржорганы зацікаўлены ў тым, каб яны ў будучыні ўкладваліся ў эканамічны рост краіны, — мяркуе эксперт.

Распрацоўваючы палітыку садзейнічання занятасці, варта было паглядзець на ключавыя рэчы «дармаедамі» нярэдка становяцца тыя людзі, якія не магу знайсці працу, якая адпавядае іх кваліфікацыі або дазваляе забяспечыць сябе, а не таму што людзі не хочуць працаваць.

- Колькасць «дармаедаў» больш высокая ў самых бедных рэгіёнах Беларусі. Гэта сведчыць аб тым, што, хутчэй за ўсё, адна з прычын іх з'яўлення-эканамічныя праблемы ў канкрэтным горадзе, сяле або райцэнтры — - падкрэслівае Марыя Акулава.

Даследаванне BEROC «Ацэнка колькасці працаздольнага насельніцтва, не занятага ў эканоміцы, і эканамічнае развіццё рэгіёнаў Беларусі за 2007-2015 гады» пацвярджае, што колькасць незанятых у эканоміцы беларусаў залежыць ад узроўню развіцця рэгіёну, магчымых даходаў на мясцовых прадпрыемствах, нізкага ўзроўню сацыяльных стандартаў.

Больш за ўсё так званых «дармаедаў» аўтары даследавання знайшлі ў асобных раёнах Берасцейскай, Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцях — гэта значыць блізка да межаў з Украінай і Расеяй. Эканамічныя варункі вымушаюць мясцовых жыхароў з'язджаць на заробкі або падпрацоўваць неафіцыйна.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках