Відэафакт: У РФ жыхары Кабардзіна-Балкарыі закідалі сілавікоў камянямі
3- 19.09.2018, 18:38
- 24,406
У Кабардзіна-Балкарыі адбыліся сутыкненні сілавікоў з мясцовымі жыхарамі.
На фоне міжэтнічнага канфлікту ў сяле Кендэл у Кабардзіна-Балкарскай рэспубліцы РФ, прычынай якога стала спроба кабардынцаў правесці коннае шэсце з нагоды 310-годдзя перамогі ў Канжальскай бітве, якую не прызнаюць балкарцы, паміж мясцовымі і сілавікамі адбыліся сутыкненні.
Як паведамляе news-r.ru, у панядзелак, 17 верасня, ведаючы пра настроі ў населеным пункце, вершнікі наважылі ў яго не заходзіць. Абышоўшы вёску, яны падняліся на гару Канжаль, дзе адсвяткавалі сваю «перамогу ў памятнай бітве».
Аднак на наступны дзень у Кендэл прыбылі жыхары кабардзінскага аула Зеюка, якія запатрабавалі, каб балкарцы прапусцілі коннае шэсце, калі яно будзе вяртацца.
Тыя, у сваю чаргу, уважаюць паход на Канжаль зневажальным для іх, а кабардынцаў абвінавачваюць у спробе прасунуць сваю «ідэалогію і падступныя ідэі».
У выніку ў сяло прыбыла вялікая колькасць сілавікоў, якія перакрылі дарогі і паспрабавалі ўзяць сітуацыю пад свой кантроль.
Аднак, як відаць на відэа відавочцаў, даць рады з незадаволенымі мясцовымі ім не ўдалося.
Нягледзячы на задзейнічаную Расгвардыю і пагрозы прымянення зброі, жыхары ўступілі з імі ў сутыкненні, закідаўшы камянямі.
Хваляванні ў Кенделене працягнуліся і 19 верасня. Інфармацыі аб магчымых пацярпелых на гэты час няма.