28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: У Паўдневай Карэi людзі жывуць пад лезунгам: «Няма бедных сярод адукаваных»

1
Станіслаў Шушкевіч: У Паўдневай Карэi людзі жывуць пад лезунгам: «Няма бедных сярод адукаваных»
СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ
ФОТА: CHARTER97.ORG

Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня 14 верасьня адлятае ў Сэул.

«Мяне запрасілі на саміт былых кіраўнікоў краін, парлямэнтаў і Вярхоўных судоў. Гэты форум адбудзецца чацьвёрты раз, для мяне сёлетні ўдзел у ім стане другім», — сказаў «Радыё Свабода» Станіслаў Шушкевіч.

Ён дадаў, што выступіць з дакладам «Патрабаваньні да лідэраў, якія займаюцца міратворчасьцю».

«Гэта зойме дзесьці каля сямі хвілін. Там вельмі шмат выступоўцаў, таму рэглямэнт для прамовы — да дзесяці хвілін».

На пытаньне «Радыё Свабода», колькі разоў раней ён быў у Рэспубліцы Карэя, экс-старшыня беларускага парлямэнту адказаў, што гэта будзе ягоная 30-я паездка.

«Хай вас не зьдзіўляе такая лічба. Справа ў тым, што з 1992 году ў Сэуле штогод праводзіцца канфэрэнцыя па аб’яднаньні дзьвюх Карэй. Плюс да гэтага я наведваў Рэспубліку Карэя з чытаньнем лекцый».

Станіслаў Шушкевіч кажа, што яму вельмі падабаецца Рэспубліка Карэя.

«Там людзі жывуць пад лёзунгам: „Няма бедных сярод адукаваных“. І таму ўсе бацькі імкнуцца, каб іх дзеці вырасьлі адукаванымі. Веды там — у прыярытэце».

Наведваньне Сэула для Шушкевіча — яшчэ і магчымасьць пабачыць тое, што ён сам называе «тэхнічнымі цудамі».

«Там я часам дзіву даваўся. Заўсёды стараюся пазнаёміцца зь нейкімі новымі тэхналягічнымі дасягненьнямі. Гэта мне цікава як фізыку».

Архіўнае фота. Станіслаў Шушкевіч на трыбуне Вярхоўнага Савету, фота Ул. Сапагова. 1993 год

А вось у Паўночнай Карэі пабыць Шушкевічу пакуль так і не давялося.

«На яе я глядзеў толькі праз дэмілітарызаваную зону», — удакладняе палітык.

У Рэспубліцы Карэя Станіслаў Шушкевіч з жонкай Ірынай прабудуць тыдзень.

«Звычайна мы ляцім туды зь Менску праз Франкфурт. А сёлета — праз Маскву „Аэрафлётам“. І гэта дрэнна. Бо мы маем мінулагодні досьвед перасячэньня мяжы так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, калі таксама ляталі ў Рэспубліку Карэя. На зваротным шляху давядзецца рабіць „растаможку“ ў Маскве і зноў садзіцца на рэйс у Менск. Гэта такі ідыятызм так званай саюзнай дзяржавы».

9 верасьня ў Менску праходзіў справаздачна-выбарны зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады — партыі, якую ачольвае Шушкевіч. Станіслаў Станіслававіч у гэты час быў у шпіталі. Дэлегатаў зьезду ён прывітаў праз тэлефон.

«Так, я сапраўды крыху прыхварэў. Але справы пайшлі на папраўку. Таму і лячу пад наглядам жонкі ў Сэул», — удакладніў Шушкевіч.

Станіслаў Шушкевіч — першы кіраўнік незалежнай Беларусі (старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь), адзін з трох удзельнікаў падпісаньня Белавескіх пагадненьняў, якія юрыдычна замацавалі распад СССР.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках